АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Што Сяргей Дарэнка казаў пра Лукашэнку і Беларусь

 Што Сяргей Дарэнка казаў пра Лукашэнку і Беларусь
11.05.2019
У канцы нулявых Дарэнка набыў кватэру ў Траецкім прадмесьці Менску і часьцяком сюды наведваўся, каб адпачыць, ягонымі словамі, ад «маскоўскай мітусьні».

У Маскве на 60-м годзе жыцьця памёр расейскі журналіст, галоўны рэдактар радыёстанцыі «Говорит Москва» Сяргей Дарэнка. Паводле лекараў, яму стала кепска і ён на вялікай хуткасьці ўпаў з матацыкла.

Сяргей Дарэнка набыў вядомасьць ў 1990-х, калі вёў навінавыя і аналітычныя праграмы на цэнтральных тэлеканалах, жорстка крытыкуючы асобных палітыкаў і алігархаў. Не абыходзіў увагай і Беларусь, прычым пахвальба ў адрас вышэйшага кіраўніцтва гэтаксама лёгка зьмянялася непрыхаванай зьнявагай.

«Неверагодная палітычная жывёла»

Апошнім часам журналіст досыць шмат удзяляў увагі Беларусі ў сувязі з пэрманэнтнымі канфліктамі, якія суправаджаюць беларуска-расейскія стасункі.

Так, месяц таму на тэлеканале RTVi ён арыгінальна пракамэнтаваў навіну пра рашэньне Масквы выдаць саюзьніку чарговы крэдыт у памеры 600 мільёнаў даляраў.

 «Неверагодная палітычная жывёла, якая гадамі шантажуе Расею, Кітай, Эўропу, ЗША, Іран, Вэнэсуэлу ды іншых, — сказаў у жывым эфіры Сяргей Дарэнка. — Я захапляюся ягонай хітрасьцю, якая, відаць, замяняе яму інтэлект. Але хітрасьці столькі, што інтэлект і не патрэбен».

«„Бацька“ ў Беларусі будзе кіраваць вечна»

Сяргей Дарэнка катэгарычны выключаў украінскі сцэнар для Беларусі, больш схіляючыся да варыянту дынастычнай перадачы ўлады.

На яго перакананьне, беларусаў задавальняе лукашэнкаўскі «парадак» і яны не патрабуюць большага. Адпаведна, Лукашэнку цалкам задавальняюць падобныя запатрабаваньні.

«Беларус унутрана шукае „парадак“. Яму так радасна ад парадку, ён захапляецца гэтым. І сам Лукашэнка — плоць ад плоці гэтай зямлі. Таксама за парадак, каб газоны былі пакошаныя. Большага і не патрабуюць. Таму і палітычнай канкурэнцыі там няма, яе проста не існуе. Лукашэнка адпавядае гэтаму духу парадку, значыць, у гэтай сувязі будзе вечна», — падсумаваў Сяргей Дарэнка.

У канцы 2011 году Сяргей Дарэнка запісаў для «Русской службы новостей» вялікае інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам, якое разышлося на цытаты.

«У захапленьні ад беларусаў і Беларусі, «тырчу» проста. Рэжу інтэрвію — прэзыдэнт у вас чумавы, — падзяліўся ён уражаньнямі ў «Твітэры». — Лукашэнка клясны. Я намякнуў, што ў яго зь Беларусьсю — як з жонкай. Ён адказаў, што вельмі гэтага хацеў бы. І яшчэ круты: сказаў, што ў эўрапейскіх лідэраў няма яец. А калі я двойчы настойліва запытаў, хто ёсьць Пуцін, то ўпарта ўхіліўся: «Я думаю пра яго тое ж, што і вы».

«Хобіты з поўнымі кладоўкамі прыпасаў»

Сяргей Дарэнка разам з рэвэрансамі дазваляў сабе і зьедлівыя кпіны зь беларусаў. Аднойчы назваў краіну «глухім кутком Эўропы», а жыхароў параўнаў з пэрсанажамі, якіх хвалюе толькі ўласная харчовая бясьпека.

«Беларусы — хобіты, у іх поўныя кладоўкі, а пад ложкамі неверагодная колькасьць замарынаваных памідорчыкаў. І ім трэба, каб быў парадак. Я думаю, што беларусы былі траўмаваныя да 1994 году беспарадкам. І калі ўлада гарантуе захаваньне іхнага маленькага хутарскога шчасьця, то яны і ня парацца. Дэмакратыя патрэбна і дэмакратыя пажаданая, але беларусы, ступіўшы ў блюзьнерскую, агідную ўласную культуру дэмакратыі, па сутнасьці, ня хочуць вяртаньня да гэтага. Ну ня хочуць!»

Паводле яго, калі дэмакратыя зьявіцца ў нейкім эўрапейскім кантэксьце, то яна зьявіцца найперш у Менску, а потым у Маскве. Таму што Беларусь — «глухі куток Эўропы», а Расея — «бліскучая сталіца Азіі». І калі нешта, падобнае да Эўропы, зьявіцца, то хутчэй у глухім кутку Эўропы, чым у сталіцы Азіі.

«Бабіча накіравалі прэпараваць Лукашэнку»

Незадоўга да гібелі Сяргей Дарэнка прааналізаваў вытокі канфлікту, якія прывялі да адкліканьня зь Менску расейскага амбасадара Міхаіла Бабіча. На ягоную думку, Аляксандар Лукашэнка папросту ня вытрымаў на сваёй тэрыторыі рэальнага «палітычнага канкурэнта» — унутраных апанэнтаў ён даўно ні ў што ня ставіць.

«Каб мне сказалі зрабіць стаўкі, я б паставіў на Бабіча супраць Лукашэнкі два да аднаго, ён яму дасьць дыхту, — заяўляў Дарэнка яшчэ да навіны пра адстаўку дыплямата. — Уласна кажучы, Бабіч і быў накіраваны ў Беларусь прэпараваць Лукашэнку — жорсткі, дакладны, і ясна, што атрымаў ад Пуціна карт-блянш. Гэта першы палітычны канкурэнт Лукашэнкі ад 1994 году, які вырве яму іклы».

Ужо пасьля патрабаваньня Менску адклікаць Бабіча ён дадаў, што ва ўсёй гэтай гісторыі трэба шукаць «толькі палітыку». Амбасадара выціснулі, бо той «пераламаў бы ўсіх цераз калена, каб яго не стрымалі».

«Лукашэнка — абсалютны геній палітычнага сэрфу. І няма нічога дзіўнага, што ён „зьеў“ і выправіў назад у Маскву расейскага амбасадара», — адзначыў Дарэнка.

«Браты-расейцы падораць новы „мэрсэдэс“»

Расейскі журналіст неаднаразова адзначаў, што Аляксандар Лукашэнка ад першых дзён ва ўладзе ўзяў курс на «паразытаваньне» — як у дробязях, так і ў дзяржаўным маштабе.

«У 1994 годзе падчас інтэрвію я яму кажу: «Аляксандар Рыгоравіч, дык выглядае, што вам дастанецца „мэрсэдэс“ ад Кебіча?» А ён у адказ: «Я думаю, браты-расейцы падораць мне новы „мэрсэдэс“. Вось так...»

Пасьпеў ён пракамэнтаваць і скандал вакол паставак у Беларусь няякаснай нафты з Расеі.

«А ці не падмяшалі мы вэнэсуэльскую нафту? — задаўся ён пытаньнем. — Такой бруднай нафты ў Расеі ніколі не было. URALS — гэта ня брэнд, гэта нафта больш цяжкая, але такая жахлівая ёсьць толькі ў Вэнэсуэле. Можа, трэба было лыжачкай разьмяшаць, каб яна разышлася, а пусьцілі як ёсьць».

«Гэта не пагроза, а просьба аб дапамозе і літасьці»

Сяргей Дарэнка быў перакананы, што нібыта разварот Лукашэнкі на Захад — гэта шырма, а папраўдзе беларускае кіраўніцтва ні на што ня здольнае без адмашкі з Масквы.

«Калі Лукашэнка крытыкуе дзеяньні Расеі, у выніку ён крытыкуе Пуціна. Але трэба разумець, што гэта не пагроза, а хутчэй просьба аб дапамозе і літасьці. Бо разварот на Захад выведзе на палітычную сцэну такія сілы і энэргіі, пры якіх Лукашэнка будзе зьмецены аж да Растова, дзе ён складзе кампанію Януковічу. Лукашэнка гэта ведае лепш за нас», — выказаўся журналіст.

Ён таксама тлумачыў, чаму высокім палітыкам заўсёды будзе даставацца ад аналітыкаў, публіцыстаў і камэнтатараў усіх масьцей.

«Адзіны, хто варты ляяльнасьці, — гэта народ. Але да палітыкаў я быць ляяльным не магу. Лукашэнка — палітык. Я тыя ці іншыя захады падтрымліваю або катэгарычна крытыкую. І калі я яго крытыкаваў, заўсёды выступаў з пазыцыі Расеі».

«Віктар уцягнуты або ў змову, або ў яе выкрыцьцё»

Апошнія запісы Сяргея Дарэнкі пра Беларусь занатаваныя літаральна за два дні да трагедыі. Ён сьцьвярджаў, што адбываюцца «ператрусы і арышты» ў сілавых структурах у сувязі са справай намесьніка сакратара Савету дзяржбясьпекі Андрэя Ўцюрына.

«У Менску абмяркоўваюцца новыя арышты: магчыма, затрымалі яшчэ двух высокапастаўленых прадстаўнікоў сілавых структур. Ідуць ператрусы ў кіраўніцтве КДБ і Мінабароны... Віктар Лукашэнка так і не зьявіўся на байкерскім зьлёце, хоць яго чакалі, гэта было заплянавана. Ягоная ўцягнутасьць альбо ў змову супраць бацькі, альбо ў выкрыцьцё змовы пакуль незразумелая».

А крыху раней тэлеграм-канал Сяргея Дарэнкі паведаміў, што ў канцы красавіка на форуме ў Пэкіне адбылася «сур’ёзная эмацыйная размова» Лукашэнкі і Пуціна, пасьля чаго беларускі кіраўнік дачасна пакінуў сустрэчу. Прычынай нібыта стала рэзанансная гісторыя вакол апальнага амбасадара Бабіча.

Сяргей Дарэнка нарадзіўся 18 кастрычніка 1959 году ў Керчы. Вучыўся на гісторыка-філялягічным факультэце маскоўскага Ўнівэрсытэту дружбы народаў імя Патрыса Люмумбы.

У канцы 1980-х пачалася ягоная тэлевізыйная кар’ера. Быў палітычным аглядальнікам холдынгу ВГТРК, вёў праграму «Вести». Пазьней на расейскім тэлеканале ОРТ (цяпер Першы канал) быў вядоўцам праграмы «Время» і сваёй аўтарскай праграмы. Быў адхілены ад эфіраў у 2000 годзе пасьля выпуску пра гібель падлодкі «Курск». У нулявых працаваў на радыё «Эхо Москвы», затым быў галоўным рэдактарам радыёстанцый «Русская служба новостей» і «Говорит Москва».

Ігар Карней, svaboda.org

Дата стварэння навіны 11.05.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку