АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Зяленскі будзе надаваць увагу расследаванню забойства Шарамета

Зяленскі будзе надаваць увагу расследаванню забойства Шарамета
10.05.2019
Уладзімір Зяленскі будзе акцэнтаваць увагу на расследаванні праваахоўнымі органамі нападаў на журналістаў, у тым ліку забойства Паўла Шарамета, заявіў дарадца новага ўкраінскага прэзідэнта па палітычных пытаннях Дзмітрый Разумкоў у эфіры тэлеканала „112 Украіна”. „

"Думаю, што так, гэта будзе ініцыявацца. 
У якой форме — мне сёння гаварыць складана, бо заканадаўства ўстанаўлівае пэўныя абмежаванні, але я думаю, што ініцыятыва прэзідэнта ў гэтым плане будзе”, — сказаў Разумкоў. Тэму забойства Шарамета Зяленскі ўздымаў падчас дэбатаў з дзейным прэзідэнтам Пятром Парашэнкам на стадыёне ў Кіеве 19 красавіка. „Чаму падпальшчыкаў крамы Roshen (кандытарская карпарацыя, створаная Парашэнкам у 1996 годзе.) знайшлі за чатыры гадзіны, а падпальшчыкаў ваенных складоў і тых, хто ўзарваў машыну Шарамета, не могуць знайсці некалькі гадоў?” — запытаўся Зяленскі. Яго апанент на пытанне не адказаў. 

Ураджэнец Мінска, які працаваў у СМІ Беларусі, Расіі і Украіны, Павел Шарамет быў узарваны ў сваім аўтамабілі ў цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 года. 16 снежня на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў 2018 года прэзідэнт Парашэнка выказаў надзею, што забойца журналіста будзе знойдзены. „Калі ў вас ёсць нейкія прапановы, гэта я кажу абсалютна сур’ёзна, я гатовы ісці на любыя крокі для таго, каб знайсці забойцаў і прыцягнуць іх да адказнасці ці, прынамсі, надаць празрыстасці расследаванню”, — заявіў ён, звяртаючыся да журналіста Грамадскага тэлебачання, якое вяло паралельнае расследаванне абставінаў гібелі Шарамета. „Я асабіста ведаў Паўла Шарамета. Я падкрэсліваю, што, у адрозненне ад многіх расследаванняў пры папярэдніх уладах, я сустракаўся і з сям’ёй, і з роднымі Паўла і выставіў некалькі ініцыятыў”, — сказаў Парашэнка. 

У прыватнасці ён звярнуўся ў пасольства ЗША з просьбай „даслаць экспертаў з Федэральнага бюро расследаванняў, з аднаго боку, для прафесійнай дапамогі, з іншага — для забеспячэння празрыстасці расследавання”. Акрамя таго, на сустрэчы са сваякамі Шарамета з нагоды першай гадавіны яго гібелі Парашэнка, улічваючы „сур’ёзныя заканадаўчыя абмежаванні”, прапанаваў спрыянне ўключэнню замежнага эксперта ў склад следчай групы, калі такі ў іх ёсць на прыкмеце. „Тады называўся Скотланд-Ярд. Я сказаў, каб мне далі прозвішча следчага <…>, я звярнуся да генеральнага пракурора, звярнуся да шэфа Нацыянальнай паліцыі, мы дакладна ўключым яго ў следчую групу. Гэта была і гатоўнасць супрацоўнічаць, і патрабаванне празрыстасці”, — сказаў украінскі кіраўнік. 

„Магу падкрэсліць, што такія дзеянні беспрэцэдэнтныя. Але мяне гэта не суцяшае, таму што няма выніку, не ўстаноўленыя забойцы. На жаль, ёсць выпадкі, калі забойцаў знайсці не ўдаецца. Але ў мяне ёсць надзея, што гэта не той выпадак”, — заявіў Парашэнка. 30 снежня 2018 года генеральны пракурор Юрый Луцэнка ў інтэрв’ю ўкраінскаму „5 каналу” паведаміў, што кола падазраваных у забойстве Шарамета звузілася з некалькіх тысяч да некалькіх соцень. Аб злове замоўцы гаворка зараз не ідзе. „Пакуль мы ідзем за выканаўцам”, — сказаў Луцэнка. 
racyja.com са спасылкай на belapan.by



Дата стварэння навіны 10.05.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку