АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

SOS! Прытулак для дзікіх жывёлінаў просіць дапамогі

SOS! Прытулак для дзікіх жывёлінаў просіць дапамогі
06.05.2019
Дапамогі ды аховы патрабуюць не толькі бяздомныя хатнія жывёліны, але нярэдка і дзікія.

 Больш дзесяці гадоў пад Менскам існуе прытулак «Сірын» для хворых звяроў і птушак з нашых лясоў. Там яны атрымліваюць лекаванне, ежу, а пасля выздараўлення вяртаюцца ў натуральны асяродак. Аднак у дабрачыннага праекту, вядома, ёсць цяжкасці. Чым можна дапамагчы прытулку, ведае Галіна Абакунчык.

Лісы, совы, яноты, буслы: прыблізна 150 розных відаў дзікіх насельнікаў беларускіх лясоў і балотаў праходзяць праз прытулак за вяснова-летні сезон штогод.
 «Вязуць з усёй Беларусі – і раненых, і траўмаваных. Каго магчыма, мы лечым і вяртаем назад у прыроду, а каго не – тыя застаюцца жыць у нас. Камусьці знаходзім добрыя рукі, хтосьці застаецца – і мы спадзяемся, што будзе размнажацца, каб пазней падрыхтаваць і вярнуць у жывую прыроду, асабліва гэта датычыць чырванакніжных відаў», – кажа заснавальніца прытулку Ірына Траяноўская.

Каб утрымаць «Сірын», некаторыя жывёлы і птушкі бяруць удзел у відэаздымках рэкламы ды фільмаў. А заснавальнікі прытулку ладзяць экскурсіі, падчас якіх госці даведваюцца пра незвычайныя здольнасці насельнікаў.

«Падчас такой экскурсіі дзяўчына зайшла ў вальер з заплечнікам. Янот гэта заўважыў і літаральна за пару секунд здолеў залезці ў заплечнік ды выцягнуць пакет печыва, пакуль я трымала іншага янота. Гэта наколькі моцная ў яго рэакцыя і наколькі ён чуйны, каб пачуць печыва ў закрытым заплечніку. Гэта было весела і ніхто не пацярпеў, акрамя печыва», – кажа валанцёрка «Сірыну» Марыя Осіпчык.
Жывёліны ў прытулку патрабуюць рознага харчавання, але ёсць і асаблівасці.

«Падрыхтоўка на выпуск на свабоду – гэта мышы і абавязкова жывыя – тое, што яны будуць есці, як будуць на волі – каб яны навучыліся паляваць», – адзначаюць валанцёры.

Каб пракарміць насельнікаў цэнтру, толькі куранятаў і мышэй патрэбна каля шасцідзесяці штодня.

А яшчэ патрэбныя гародніна, камбікорм, лекаванне, на што ідзе каля дзвюх тысячаў рублёў кожны месяц. Грошы ахвяруюць грамадскія арганізацыі, фонды і неабыякавыя грамадзяне. Але самаю вялікаю праблемай у «Сірыне» называюць ратаванне: раненых птушак і жывёлінаў у прытулак можна забраць толькі з дазволу камісіі Міністэрства прыроды, якая часта на дапамогу не спяшаецца.

«У Тарасава на возеры сядзіць лебедзь з паламанаю нагой. З рання людзі тэлефанавалі самі ў камісію, пасля нам, і мы тэлефанавалі, і ў тры гадзіны дня нам сказалі, што машына выехала, а ў сем вечара яна яшчэ не даехала», – кажуць валанцёры.

За самастойнае забіранне жывёлы пагражае штраф, як і за неадпаведныя вальеры. «Сірын» сплаціў штрафы і збудаваў новыя дамы жывёлінам уласна за ахвяраванні неабыякавых грамадзянаў. Таму прытулак дзікай жывёлы ў вёсцы Піяніна Дзяржынскага раёну і надалей не адмовіцца ад дапамогі грамадзянаў.

Тэлефон для кантакту: +375 29 191 38 78

Разліковы рахунак: BY46BLBB30150193056668001001OAOБелинвестбанк, УНП 807000028, БИК BLBBBY2X,ОКПО37558116 г.Минск, ул Коллекторная 11-2


Дата стварэння навіны 06.05.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку