АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Як вазочніку трапіць у гатэль ці рэстаран? Спойлер: амаль ніяк

Як вазочніку трапіць у гатэль ці рэстаран? Спойлер: амаль ніяк
06.05.2019
II Еўрапейскія гульні адбудуцца ў Менску з 21 да 30 чэрвеня 2019 года.

Чакаецца вялікі наплыў спартсменаў і гледачоў з розных краінаў. Актывісты і валанцёры Офісу па правах людзей з інваліднасцю правялі маніторынг падрыхтаванасці сталіцы да прыёму гасцей з рознымі асаблівасцямі.

Валанцёры не першы раз правяраюць на дасяжнасць розныя аб’екты – гатэлі, рэстарацыі, бары, тэатры і г.д. Перад II Еўрапейскімі гульнямі, якія адбудуцца ў Менску з 21 па 30 чэрвеня, валанцёры «Офісу па правах людзей з інваліднасцю» ладзяць рэйды – у адзін з іх напрасіліся і журналісты Belsat.eu.
Гэтым разам абʼектамі маніторынгу былі абраныя гатэль «Спорт», што знаходзіцца па вуліцы Якуба Коласа, 35, і бліжэйшыя да гэтай гасцініцы рэстарацыі «Васількі» і «Піцца Тэмпа». Сабраліся, сустрэліся, рушылі. Адразу трэба сказаць, што перашкодаў з боку адміністрацыі мы нідзе не сустрэлі.

Фота: Марыя Арцыбашава / «Белсат»
Патрапіць у гатэль «Спорт» з цэнтральнага ўваходу зараз немагчыма – рамантуюць ганак.

Фота: Марыя Арцыбашава / «Белсат»

Але на ўваходзе нас ветліва сустракае супрацоўніца, Кабяк Галіна Генадзьеўна. Яна правяла для нас невялікую экскурсію па гатэлю, дазволіла зрабіць замеры, а таксама распавяла, ці шмат тут спыняецца людзей з інваліднасцю.

 «За апошнія два гады толькі аднойчы патэлефанаваў вазочнік з пытаннем аб размяшчэнні. Але мы не гатовыя прыняць такіх людзей: няма ліфту і пандусаў, лесвіцы занадта вузкія і няма магчымасці іх перарабіць. Таму вазочнікі могуць патрапіць толькі на першы паверх, у адміністрацыю. І тут для іх усё ёсць, няма ніякіх перашкодаў», – распавядае Галіна Генадзьеўна.

Але мы заходзім у прыбіральню і разумеем, што не ўсё так гладка – самастойна сюды трапіць вазочнік не зможа як мінімум з-за маленькіх кабінак, у якія складана проста заехаць.

Фота: Марыя Арцыбашава / «Белсат»
Маюцца і дзвярныя парогі, складаныя для самастойнага пераадолення. Ды і пандусы, якія робяцца на галоўным уваходзе, аказаліся з поўным парушэннем нормаў – дзверы павінныя адчыняцца ў іншы бок.

Галіна Генадзьеўна падзякавала за пільнасць групы і паабяцала, што памылкі будуць хутка выпраўленыя. Што ж, паглядзім.

Далей рушым у рэстарацыі. Праблемы ўзнікаюць яшчэ на вуліцы: цяжкі падʼём угору, які не кожны вазочнік возьме, на летнюю тэрасу «Васількоў» з вуліцы не патрапіць, а дзверы такія вузкія, што прыйшлося адчыняць другую палову.

Унутры памяшкання – адныя перашкоды: высокія пʼедэсталы са сталамі, вузкія праходы, няма магчымасці падʼехаць да стала, бо канапы нельга пасунуць.

У «Тэмпа» з дасяжнасцю прасцей: прастора – шырокая, каля сталоў – крэслы, што можна часова прыбраць. А вось прыбіральні пакідаюць жадаць лепшага. Па словах намесніцы старшыні Рэспубліканскай Асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Ганны Дзігілевіч, якая і праводзіла маніторынг, прасоўвацца па Менску пакуль што немагчыма без дапамогі.

Фота: Марыя Арцыбашава / «Белсат»

«Канечне, з часам усё мяняецца – але так марудна, што становіцца жудасна. Дабіцца кроку насустрач часам бывае неверагодна складана. Асабліва, калі гэта датычна нейкіх дзяржаўных абʼектаў. Прыватнікі больш ахвотна ідуць насустрач, калі яны зацікаўленыя ў супрацоўніцтве. Лічу, што наш горад не гатовы да Еўрапейскіх гульняў», – кажа Ганна Дзігілевіч.

Вось такія вынікі аднаго дня. Усяго да маніторынгу далучылася больш за 20 чалавек. «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» правёў тры навучальныя семінары для валанцёраў, каб яны змаглі праводзіць збор дадзеных аб абʼектах.

– У далейшым сабраныя анкеты і фотаматэрыялы перададуць спецыялістам, якія прааналізуюць атрыманыя вынікі і сфармулююць рэкамендацыі па падвышэнні дасяжнасці абʼектаў, – кажа Наталля Барысенка-Трапач, экспертка «Офісу па правах людзей з інваліднасцю» у галіне інклюзіўнага турызму. – Пасля вынікі прадставяць на прэс-канферэнцыі для журналістаў, а таксама распаўсюдзяць праз сацыяльныя сеткі і сайты партнёраў. Друкаваную версію вынікаў маніторынгу дашлюць мясцовым выканкамам, з якімі мы таксама плануем сустрэчы.

Арганізатары маніторынгу кажуць, што будучыя гульні разглядаюць комплексна – то бок, ацэньваецца дасяжнасць не толькі спартовых абʼектаў, але і сэрвісаў, якімі могуць скарыстацца гледачы – гатэляў, кавярняў, музеяў і г.д. Але пакуль што ўсё выглядае сумна.




Дата стварэння навіны 06.05.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку