АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

«Малы, зачынены ў аўто, ашалела крычаў» — 4-гадовы сын праціўніка акумулятарнага заводу прысутнічаў пры затрыманьні

«Малы, зачынены ў аўто, ашалела крычаў» — 4-гадовы сын праціўніка акумулятарнага заводу прысутнічаў пры затрыманьні
06.05.2019
Як паведамляюць берасьцейскія актывісты, раніцай 5 траўня быў затрыманы праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу Віталь Шавяленкаў.

 Берасьцейскі блогер Сяргей Пятрухін у сваім допісе ў Фэйсбуку распавёў, як адбывалася затрыманьне актывіста, пры якім прысутнічаў 4-гадовы сын Віталя.

«Тое, што ён перажыў сёньня, магчыма, запомніцца яму на ўсё жыцьцё, — піша Пятрухін. — Як распавёў сусед Раман, каля 11.30 ён пачуў крыкі на вуліцы каля № 11 на вул. Энгельса. Праз вакно ён убачыў, як яго суседа Віталя Шэвялянкава запіхвалі ў міліцэйскі "бобік" тры міліцыянта і адзін у цывільным. Віталь зваў на дапамогу, крычаў: "Ратуйце!" У двух кроках ад іх стаяў сын Віталя і крычаў на ўсю вуліцу. Нейкім чынам міліцыянты адпусьцілі Віталя і ён пасадзіў сына ў свой аўтамабіль, які стаяў побач, закрыў дзьверы і кінуўся бегчы ў бок парку Першага траўня. Малы, зачынены ў аўта, ашалела крычаў. Празь некалькі хвілінаў аўто адчыніла жонка Віталя. Да яе ў кватэру зайшоў незразумелы лысы чалавек і сказаў, што ў іх машыне плача дзіця. Ён адмовіўся прадстаўляцца... Жонка аднесла Віталю перадачу. Яна казала, што сын пытаўся ў маці, ці занясе яна бацьку лекі для нагі...».

Як паведала Свабодзе жонка Віталя Шавяленкава Ганна, яе малы сын вельмі перажывае, ён гаворыць, што бачыў, як бацьку па назе моцна ўдарылі дзьверкамі міліцэйскай машыны. У міліцыі жонцы затрыманага сказалі, што яна можа абскардзіць дзеяньні міліцыянтаў у пракуратыры, а там у сваю чаргу паведамілі, што скаргу змогуць зарэгістраваць толькі 10 траўня, калі скончацца працяглыя выходныя.

 5 траўня на плошчы Леніна ў Берасьці чарговым разам сабраліся людзі. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году. Паводле інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, якое спасылаецца на праваабаронцу Рамана Кісьляка, у 12.40 на плошчы Леніна ў Берасьці было прыкладна 120 чалавек. Супрацоўнік міліцыі праз мэгафон папярэдзіў прысутных аб недапушчальнасьці парушэньня парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства, аднак непасрэдна на месцы збору людзей затрыманьняў 5 траўня не было.

 Дзьмітрый Бекалюк на акцыі супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці, 7 красавіка
Як паведамляе Раман Кісьляк, людзі стаялі групамі і абмяркоўвалі вынесенае 30 красавіка пракуратурай Брэста папярэджаньне пяці праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага завода. У першай палове дня 29 красавіка яны ў сацыяльных сетках і мэсэнджэрах распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што 1 мая ў Берасьці на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў адбудзецца мітынг «Берасцейцы супраць сьвінцу». Людзі выказвалі сваё абурэньне тым, што пракуратуру выкарыстоўваюць для запалохваньня ўдзельнікаў грамадзкай кампаніі супраць акумулятарнага завода. Пасьля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 13 гадзін, праціўнікі завода разышліся.
Грамадзкая кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ля Берасьця пачалася ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзеньне ў Берасьці і Берасьцейскім раёне 88 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю. 25 красавіка гэтага года ў Адміністрацыю прэзыдэнта перададзены новае калектыўны зварот праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.



Дата стварэння навіны 06.05.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку