АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Распрацаваць і прыняць закон аб процідзеянні хатняму гвалту ў Беларусі...

Распрацаваць і прыняць закон аб процідзеянні хатняму гвалту ў Беларусі...
01.05.2019
Гамяльчанка пра свайго бацьку: Калі я напісала на яго заяву ў міліцыю, ён выбіў маёй галавой шкло дзверы.

Ужо некалькі месяцаў у Гомлі ідзе збор подпісаў пад калектыўным зваротам у Адміністрацыю прэзідэнта, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, Палату прадстаўнікоў і Саўмін РБ з прапановай распрацаваць і прыняць закон аб процідзеянні хатняму гвалту ў Беларусі.

Як пазначана з звароце, штогод у МУС на лінію 102 паступае каля 150 тэлефанаванняў з прычыны сямейна – побытовага скандалу. Штогод 50 тыс. хатніх агрэсараў прыцягваюцца да адміністратыўнай адказнасці. Такім чынам, пацярпелыя ў 100 тыс. сітуацый хатняга гвалту застаюцца без належнай абароны з боку дзяржавы. Аўтары звароту спасылаюцца на сацыялагічнае даследаванне, якое рабілася Інстытутам сацыялогіі НАН у 2018 годзе сярод жанчынаў, што кожная другая беларуска прынамсі аднойчы падвяргалася нейкаму віду гвалту, а кожная трэцяя беларуска апыналася ў сітуацыі хатняга гвалту. Абсалютная большасць сярод ахвяраў гвалту – жанчыны, частку складаюць людзі старэй за 60 год.

“Дзейснае заканадаўства, - адзначана ў калектыўным звароце, -  можа пакараць агрэсара, калі трагедыя ўжо адбылася. Але мы ўсе, як прадстаўнікі грамадства, зацікаўлены ў прадухіленні такіх цяжкіх наступстваў хатняга гвалту, як забойства, самазабойства, катаванне, калечанне”.

На сёння інструмент прыцягвання агрэсара да адказнасці неэфектыўны, бо, напрыклад у выпадку штрафу для агрэсара – гэта выплата кладзецца на ўсю сям’ю. Апроч таго, жанчыны маюць страх распавядаць пра факты гвалту, бо баяцца, каб сям’ю не паставілі на СОП і не адабралі дзяцей.

“Паводле дзейснага закону ў РБ ахвяра сама мусіць даказваць, што яна ахвяра, пры чым аніякай бясплатнай юрыдычнай дапамогі для яе не прадугледжана, а гвалтаўніку прадстаўляюць на нашыя падаткі бясплатнага адваката, - сцвярджаюць аўтары звароту. – Закон павінны ўтрымліваць дакладныя крытэрыі для ўмяшальніцтва дзяржавы ў сямейныя адносіны ў сітуацыі гвалту, з аднаго боку, не дазваляя чыноўнікам адвольна ўмешвацца ў асабістае жыццё грамадзянаў, а з іншага, гарантаваць усім членам сям’і абарону ад гвалту і яго сваечасовае папярэджанне”.

Сусветная практыка, на думку аўтараў звароту, у змаганні з гвалтам у сям’і даказала, што спецыяльны закон аб процідзеянні хатняму гвалту ў сям’і больш эфектыўны чым асобныя артыкулы крымінальнага і адміністратыўнага кодэксу.

 Гамельчукі даволі актыўна падпісваюцца пад калектыўным зваротам, пры чым, як жанчыны так і мужчыны. Шмат сярод падпісантаў жанчынаў, якія самі сутыкнуліся з хатнім гвалтам.

“Калі мой першы муж ударыў мяне 2 месяцы пасля шлюбу, - распавядае гамяльчанка Святлана Кароль, - я адразу яд яго зышла да бацькоў, а ў маёй матулі не было такой магчымасці. Муж маёй мамы, мой бацька піў багата і часта. Калі быў цвярозы, ляжаў на канапе, чытаў кніжкі, а калі быў п’яны, скандаліў. Часта нам даводзілася начаваць у суседзяў. Мама яго баялася, таму трывала гвалт. Калі я была падлеткам, я напісала заяву ў міліцыю на яго, дык ён маёй галавой шкло ў дзверы выбіў. Атрымаў 15 содняў, вярнуўся і стала яшчэ горш. Закон вельмі неабходны тым, хто трывае хатніх агрэсараў гадамі”.

Збор подпісаў за закон ідзе па ўсёй Беларусі і будзе працягвацца да жніўня бягучага году.

Нагадаем, што законапраект закону “Аб процідзеянні хатняму гвалту” ужо актыўна абмяркоўваўся ў 2018 годзе, але пасля негатыўнага выказвання Аляксандра Лукашэнкі праца над ім спынілася. Каб ініцыяваць унясенне на разгляд законапраекту самімі грамадзянамі Беларусі, неабходна сабраць 50 тыс. подпісаў.

Такі закон існуе ў 127 краінах свету, у тым ліку Украіне, Казахстане, Кіргізіі, Грузіі, Літве, Латвіі, Эстоніі. Вопыт гэтых краінаў паказвае, што выпадкі ўнутрысямейнага гвалту скарачаюцца на 20 да 40 % пасля прыняцца такога закону. На постсавецкай прасторы такога закону няма толькі ў Беларусі і РФ.

Ларыса Шчыракова, gomelspring.org


Дата стварэння навіны 01.05.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку