АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Залессе, асветленае памяццю Агінскага, працягвае здзіўляць

Залессе, асветленае памяццю Агінскага, працягвае здзіўляць
29.04.2019
Да 15 мая ў Музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі пройдзе афіцыйная здача апошняй чаргі рэканструкцыйна-аднаўленчых работ, распачатых яшчэ ў 2010 годзе.

Па сутнасці, адкрыццё музейнага комплексу адбылося яшчэ падчас леташняй Ночы музеяў, але тады возера, гідратэхнічныя збудаванні, альтанка і парк яшчэ не былі даведзены да належнага ладу. Цяпер усё гатова.
У тым, што Музей-сядзіба для Смаргонскага раёна лёсавызначальны — сумнявацца не даводзіцца. Мяркуйце самі. Пасля рэстаўрацыйных работ у сядзібе (сапраўдным сведкам Агінскага там засталася толькі дубовая вінтавая лесвіца ў спальны пакой другога паверха), у 2015 годзе была створана і экспазіцыя. Мы шмат пісалі пра тое, як асвойваюцца грантавыя грошы, атрыманыя дзякуючы праекту трансгранічнага супрацоўніцтва. Як Залессе паступова зноў пераўтвараецца ў “Паўночныя Афіны”. І перспектывы пры гэтым адкрываліся самыя аптымістычныя. Я для сябе назваў тады Залессе “Паланэзам “Вітанне з Радзімай” (маю на ўвазе не малую радзіму кампазітара, а Беларусь увогуле). Дух Агінскага ўрэшце трывала і назаўжды атабарыўся ў родавым маёнтку.

Некалькі гадоў таму сядзіба набыла самае сучаснае музейнае абсталяванне. Аранжарэя сёння вабіць кветкамі, якія любіў знаны кампазітар і палітычны дзеяч, кавярня прапаноўвае круасаны, прыгатаваныя па рэцэпце Міхала Клеафаса.
Залессе, да якога лёгка дабрацца па шашэйцы ад Маладзечна (шматлікая прыдарожная рэклама не дазволіць праехаць міма) ці па чыгунцы, стала пакрысе разумець, што такое турыстычны ажыятаж. Агінскі вярнуўся! І каб пераканацца ў гэтым, штогод туды прыязджае па 30 — 35 тысяч гасцей (у тым ліку — замежных), якія пакідаюць у Залессі пад 200 тысяч рублёў.

Масток да лебядзінай выспы

Але я не пра камерцыю, я спачатку — пра кіраўніка Музея-сядзібы Людмілу Градзіцкую. Не ўяўляю на гэтай пасадзе іншага чалавека. Мяккая, далікатная, спакойная, але ўпартая і мэтанакіраваная. Яна нібыта і не кіруе нікім, але ўсё вакол круціцца, усё рушыць наперад і ўдала складаецца ў выніку ў адзіны прыгожы пазл. У штаце — амаль 20 чалавек, і кожны заўсёды ведае, што рабіць.

За апошнія гады было зроблена нямала. Прыведзены да ладу парк з кітайскай альтанкай. Пасля грунтоўнай ачысткі сажалкі ейныя берагі былі надзейна ўмацаваныя лістоўніцай. Як вядома, гэтая драўніна пад уплывам вады набывае якасці ці не сталі. Як след адноўленыя і два гідратэхнічныя збудаванні (шлюзы-масты). Адзін масток (да лебядзінай выспы) быў узведзены з нуля. На сёння ўсе гэта стала арганічным складнікам агульнай прасторы музея-сядзібы.

На адным з інтэрнэтаўскіх форумаў знайшоў парады маладзёнаў, якія пабывалі днямі ў Залессі. “І не думайце адмаўляцца ад экскурсій, — раілі яны. — Экскурсіі — ёмістыя, цікавыя, вельмі павучальныя. А сама музейная ўстанова — еўрапейскага ўзроўню!” Цалкам згодны з такім азначэннем.

Штосьці падобнае можна пабачыць у Беларусі хіба што ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна, дзе працуе Музей Напалеона Орды. “Атмасфернымі музеямі” цяпер прынята называць установы, дзе ўдалося стварыць незвычайную аўру прысутнасці Героя. Нават не прысутнасці, а еднасці з ім.

Без стайні — ніяк

Вялікая справа заўжды цягне за сабой вялікія праблемы. Хапае іх, натуральна, і ў Залессі. Да прыкладу, Сядзіба мае карэту, сані, пяць коней. Пляцоўка іх выгулу ўжо агароджана. На тэрыторыі музея стайня засталася яшчэ з часін Агінскага. І музей у свой час пачаў укладаць грошы ў яе адраджэнне. Фронт работ там сур’ёзны: у першую чаргу патрэбна каналізацыя. Але затым фінансаванне спынілася, і стайню давялося закансерваваць.

Патрэбнае памяшканне музей арандаваў на два гады ў вясковай школы, якая калісьці мела конную цягу. Што будзе пасля скасавання арэнды? Я асабіста ўпэўнены, што нічога страшнага не здарыцца. І грошы знойдуцца, і выдумкі хопіць зрабіць у стайні экспазіцыю скажам, конскай вупражы для таго, каб сённяшнія маладзёны ўрэшце дацямілі, пры якіх абставінах конь — зацугляны.

Наступную акалічнасць Градзіцкая за праблему не лічыць, але жадае сама яе агучыць. Справа ў тым, што час ад часу ўзнікае ў гасцей прэтэнзія: а чаму беднаватае ў кавярні меню? Аднак каб гатаваць штосьці сур’ёзнае, тлумачыць кіраўнік, па санітарных нормах патрэбныя дадатковыя памяшканні, а іх няма. Таму кавярня можа прапанаваць толькі выпечку з замарожанага цеста.

З гатэлем сядзібы сітуацыя таксама нібыта не надта радасная: там усяго толькі дзевяць спальных месцаў. Але для таго, каб зразумець, што два апошнія пытанні цягам часу будуць вырашаны, Людміла Уладзіміраўна параіла пазнаёміцца з музейным мастаком-афармляльнікам Іванам Мацюком ці з яго жонкай Святланай.

“І накормім, і абагрэем”

Іван Мацюк быў заняты, а вось са Святланай пагаварыць атрымалася. Аказваецца, яны — гаспадары аграсядзібы, якая (падобнасць маіх думак і Іванавых дзеянняў здзівіла) называецца “Паланэз”. Святлана бухгалтар, Іван — камп’ютарны, як я казаў, графік, мае сваё абсталяванне для вырабу рэкламнай прадукцыі: ад стыкераў да прыдарожных білбордаў. У выніку гаспадары аграсядзібы ўтрымліваюць яшчэ і рэкламнае агенцтва. Справа патрэбная: рэкламы пры любым гісторыка-архітэктурным аб’екце краіны яўна бракуе.

Святлана распавяла, што іх аграсядзіба на сёння можа прыняць 15 — 20 чалавек, 30 — накарміць. Але ўзводзіцца яшчэ адзін дом комплексу, і неўзабаве колькасць кліентаў падвоіцца. І я зноў не пра камерцыю. Залессе пакрысе становіцца аб’ектам самадастатковым у плане інфраструктуры. Мясціны, асветленыя памяццю Міхала Агінскага, не могуць не вабіць эстэтаў з усяго свету, а правесці там якія пару гадзін — яўна замала.

Мода на шляхетнасць

І гэтыя апантаныя едуць туды, каб зразумець, як Агінскі здолеў стварыць такую незямную музыку, як сумясцілася ў гэтай асобе мастацтва высокай дыпламатыі і кампазітарская геніяльнасць… Сябра Моцарта і вучань Паганіні, як сцвярджаюць знаўцы, бездакорна валодаў халоднай зброяй і не вагаючыся падтрымаў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Таму і не дзіва, што прайсці па той дубовай вінтавой лесвіцы, па якой Агінскі некалі ўздымаўся на другі паверх сядзібы, жадаюць многія.

Наша памкненне спрычыніцца да шляхетнай мінуўшчыны часам можа нават здзіўляць. Быў калісьці сведкам таго, як у летнім ляску пад Мінскам з шыкоўнага аўто выйшла на лужок сямейства: ён — у фраку, яна — у крыналіне, дзеці — таксама ў апратцы далёка не фабрыкі “Камінтэрн”. Што гэта? Касцюмаваная тэатралізацыя для саміх сябе? Так! “Сняданак на траве” толькі для таго, каб адчуць сябе годнымі людзьмі. Фракі ды крыналіны — не для чаргі ў чаканні тавараў па зніжках.

Яшчэ адзін акцэнт

Шляхецкае жыццё Залесся — шматпланавае. Штодня ў Музеі-сядзібе нешта ды адбываецца: вернісажы ў аранжарэі, балі, музычныя імпрэзы, канцэрты знакамітых калектываў. 20 красавіка, да прыкладу, прайшла прэзентацыя кнігі “Міхал Клеафас Агінскі: Лісты аб музыцы. Карэспандэнцыі”. Укладальнік і перакладчык мемуараў Агінскага Святлена Немагай сустрэлася з чытачамі.

А ёсць яшчэ ў Залесся і, так бы мовіць, яскрава выражаны сялянскі акцэнт культуры. Паселішча ўнікальнае яшчэ і тым, што дзейнічаюць тут дзіцячая музычная школа, сельскія бібліятэка, дом культуры і раённы дом рамёстваў. Ці можа якая іншая вёска Беларусі пахваліцца такой “акультуранасцю”? Па-мойму, не. Натуральна, установы культуры так альбо інакш звязаны супрацай з Музеем-сядзібай. Але і ў саміх гэтых установах ёсць што пачуць і пабачыць. Тут якраз да месца акажацца дадатковае жытло аграсядзіб, бо дня на агляд і ўсведамленне ўсяго Залесся яўна не хопіць.

Мяркуйце самі. Без школы не абыходзяцца музычныя святы ў гонар Агінскага. Ёй распрацаваны свой экскурсійны маршрут па школьным музеі імя класіка, дзейнічае навучальная бізнес-кампанія “Дзелавая моладзь”, якая вырабляе папяровыя сувеніры: каляндарыкі, паштоўкі, блакноты… ДК знакаміты батлейкай ды тэатрам мініяцюр, без якога нельга ўявіць тэатралізацыі Музея-сядзібы. У бібліятэцы — свая экспазіцыя, прысвечаная Агінскаму, і, натуральна, — адпаведная літаратура. А ўзоры традыцыйнага мастацтва — у экспазіцыі дома рамёстваў “Адсюль нашы карані”.

Словам, плённае суіснаванне, а часам інтэграцыя Паўночных Афінаў з сельскім Залессем працягвае здзіўляць і явай і перспектывай.

Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"



Дата стварэння навіны 29.04.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку