АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

«Уцякалі не ад радыяцыі, а дзеля кватэраў». Як памірае «забруджаная» вёска

«Уцякалі не ад радыяцыі, а дзеля кватэраў». Як памірае «забруджаная» вёска
26.04.2019
Вёска Баровая пасьля 33 гадоў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Напярэдадні 33-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС Свабода наведала вёску Баровая — адну з найстарэйшых у Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласьці. Паселішча аднесенае да зоны пражываньня з правам на адсяленьне.

За тры кілямэтры ад Баровай — мясьціны, дзе праз радыяцыйную забруджанасьць жыць нельга. Тамтэйшыя вёскі адселеныя. Пра іх нагадваюць прыдарожныя памятныя знакі і сады, якія празрасьліся без прыгляду.

Ад Баровай да Чарнобылю тры сотні кілямэтраў. Да райцэнтру Чэрыкава, дарогай праз радыяцыйныя мясьціны, — крыху больш за 20.

Стала ў пяці хатах Баровай жывуць шэсьць чалавек. З двух дзясяткаў ацалелых будынін большасьць кінутыя і разбураюцца. На вуліцах бязьлюдна. Прыежджых брэхам сустракаюць сабакі.

«Уначы вусьцішна адной. Зладзеі лазяць па хатах, таму трымаем сабак», — кажа пра жыцьцё ў вёсцы пяцідзесяцігадовая Ала.

У яе сям’і была магчымасьць зьехаць з забруджанай радыяцыяй вёскі, але не захацеў муж, бо «прывык».

«Раней Баровая была вялікая, ды паўміралі многія. Шмат хто зьехаў, — кажа яна. — Калгас тут быў добры, ды распаўся. Цяпер працы няма».

Па словах жанчыны, праз радыяцыю яна мае праблемы са шчытападобнай залозай, а ў сонечнае надвор’е «пабольвае галава і сьціскае скроні». Да лекараў даўно не зьвярталася. Узроўню радыяцыі ў арганізьме не правярае. «А што нам гэта дасьць?» — зьдзіўлена рэагуе суразмоўца на пытаньне, чаму не правяраецца.

Ня менш, чым зладзеяў, у Баровай баяцца пажараў. У абязьлюдзелых радыяцыйных мясьцінах яны ня рэдкасьць. Менш як за месяц таму падпалілі поле, то ледзьве вёска не загарэлася. Уратавалі пажарныя. Каб не яны, то першай занялася б полымем Аліна лазьня.

Чаму зьяжджалі вяскоўцы

На другім канцы вёскі ў бацькоўскай хаце адна жыве Ніна. Яна атрымлівае 162 рублі пэнсіі па інваліднасьці. На сваім агародзе вырошчвае бульбу, цыбулю, часнык. У аўтакраме набывае хлеб, малако, макарону, недарагія курыныя наборы. Ходзіць у закінуты калгасны сад па грыбы ды ягады.

Па словах Ніны, з Баровай вяскоўцы пачалі зьяжджаць, калі на пачатку 1990-х непадалёк узьвялі для перасяленцаў пасёлак Майскі. Ён відаць з ваколіц вёскі. Нінін бацька кідаць родную хату не захацеў і ў ёй памёр 76-гадовым.

«Тады многія хацелі жыць, як у горадзе, у сваіх кватэрах. Радыяцыя ня дужа палохала. Яе ж не відаць было», — успамінае падзеі трыццацігадовай даўнасьці суразмоўца.

Разьвяліся куніцы, ваўкі, лісы

Ніна раней трымала курэй, але каршуны распладзіліся і не баяцца чалавека, то занятак гэты кінула. Ня маюць свойскай птушкі і яе суседзі.

«Акрамя каршуноў, разьвяліся куніцы, ваўкі, лісы. Яны па вёсцы ходзяць, як па лесе», — тлумачыць жанчына.

Больш за радыяцыю, як і папярэдняя суразмоўца, Ніна баіцца падпальваньняў травы. У тым, што загарэлася поле, яна вінаваціць трактарыстаў, якія «не затушылі недакурак». Небясьпеку бачыць і ў дзьвюх кінутых побач зь яе домам хатах. Камісія з райвыканкаму пастанавіла іх зьнесьці.

«Радыяцыі не правяраем. Дазымэтраў няма»

На адной вуліцы зь Нінай жывуць Людміла і Генадзь. Іх радыяцыя не палохае.

«У нас і дазымэтраў няма, але як Чарнобыль выбухнуў, то выдавалі іх і мы зь імі хадзілі. Цяпер на мэдыцынскай камісіі кажуць, што радыяцыі ў арганізьме няма. А як няма, то пра што гаварыць», — кажуць яны.

Баровая — родная вёска Людмілы. Яна памятае, як пасьля Чарнобылю вайскоўцы здымалі верхні пласт грунту, каб зьменшыць узьдзеяньне радыяцыі. Ці дапамагло гэта выбавіцца ад яе, жанчына ня ведае. Ім пра гэта ніхто ніколі не расказваў.

Пакідаць Баровую Людміла і Генадзь не зьбіраюцца, бо няма куды ехаць. У суседнім Майскім, кажуць яны, «няма чаго рабіць», бо і адтуль людзі ўцякаюць. Шмат тамтэйшых катэджаў «ужо не адзін год стаяць з забітымі вокнамі».

«Працы людзям там і тут няма. Наша калгасная фэрма пустуе. На зіму прывозяць 200 цялушак. А як пацяплее, іх зноў у поле», — кажа Людміла.

Яна знайшла сабе працу за 15 кілямэтраў ад Баровай — на фэрме ў суседнім Клімавіцкім раёне. Туды возяць машынай ад Майскага. Зарабляе «бруднымі» 400 рублёў.

Малочна-таварная фэрма на 800 галоў, пра якую згадалі Людміла і Генадзь, належала калгасу «Знамя». Два гады таму яго ліквідавалі, а маёмасьць перадалі сельгаспрадпрыемству «Прагрэс». Цэнтральная сядзіба гэтай гаспадаркі — за 50 кілямэтраў ад Баровай, у вёсцы Сакалоўка. Новы ўладальнік спрабуе комплекс прадаць.

Зьнесьлі і родную хату воіна-«аўганца»

Паводле чэрыкаўскага краязнаўцы Васіля Максіменкі, у Нацыянальным гістарычным архіве ёсьць дакумэнт зь першай вядомай згадкай пра Баровую. Датуецца яна 1592 годам. Вёска там фігуруе як частка «Чудзянскага рубяжу».

Васіль Максіменка кажа, што з дахрысьціянскіх часоў каля вясковых могілак ляжыць камень-ахвярнік. На ім высечаныя прыступкі, на якія і клалі ахвяраваньні. Камень хацелі зьвезьці ў Майскі, але ён аказаўся завялікі.

У самой вёсцы знакаў даўніны не захавалася. Родная хата воіна-«аўганца» Аляксандра Таратынкі, пасьмяротна ўзнагароджанага ордэнам Чырвонай Зоркі, зьнесеная. Хлопца прызвалі ў савецкае войска за два тыдні да аварыі на Чарнобылі. 19 студзеня 1987 году ён загінуў. Яго магіла — на кладах роднай вёскі.

Перасталі плаціць «грабавыя». Прыбралі знакі пра радыяцыйную небясьпеку
Вярхоўны Савет 12 скліканьня абвясьціў БССР зонай экалягічнага бедзтва ў ліпені 1990 году. Тады вяскоўцам, як пацярпелым ад наступстваў аварыі на ЧаЭС, пачалі выплачваць матэрыяльную дапамогу.

Цяпер «грабавых» ужо ня плацяць. Для тых, хто жыве ў зоне з правам на адсяленьне, прадугледжаныя льготы пры працаўладкаваньні, навучаньні, а таксама пры атрыманьні пакоя ў інтэрнаце. Разьлічваць на матэрыяльную дапамагу могуць жанчыны, што якія «ў зоне» нарадзілі.

Ці завітвалі ў Баровую ўрадавыя дэлегацыі, яе цяперашнія жыхары ня ўспомнілі. У ваколіцах вёскі няма знакаў пра радыяцыйную небясьпеку.

Чэрыкаўскі раён — адзін з самых забруджаных. 23 тутэйшыя вёскі пахаваныя з прычыны высокага ўзроўню радыяцыі.



Дата стварэння навіны 26.04.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку