АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

«Баюся, сына зробяць пешкай»

«Баюся, сына зробяць пешкай»
07.12.2018
 Маці прапаршчыка, абвінавачанага ў крадзяжы зброі, чакае суду. 



Ларысе Кульжык не дазваляюць спатканьняў з сынам, адвакат ня можа расказаць ёй пра падрабязнасьці справы.

Пра тое, што ў адной з вайсковых частак Баранавічаў адбываліся крадзяжы зброі і боепрыпасаў, недзяржаўныя СМІ паведамілі 6 жніўня. Пазьней факт крадзяжу пацьвердзілі ў Мінабароны і Сьледчым камітэце. 8 жніўня СК паведаміў, што па справе аб крадзяжы зброі ў Баранавічах затрыманыя 14 чалавек. Ініцыятарам узбуджэньня крымінальнай справы стаў камандзір часьці.

Таксама на пачатку жніўня стала вядома, што адзін зь фігурантаў справы — 24-гадовы прапаршчык Дзьмітры Кульжык, які, паводле папярэдняй інфармацыі, выносіў зброю з тэрыторыі часьці. Родныя Дзьмітрыя яго віну катэгарычна адмаўляюць. Маці Дзьмітрыя Ларыса пра затрыманьне сына даведалася толькі празь пяць дзён, калі да яе зь ператрусам прыехала сьледчая група.

Як стала вядома Свабодзе, сьледчыя дзеяньні па справе аб крадзяжы зброі ў Баранавічах працягваюцца дагэтуль. Колькасьць затрыманых па ёй асобаў павялічылася да 20 чалавек.

«Пра спатканьне з сынам прасіла шмат разоў»

Маці прапаршчыка Дзьмітрыя Кульжыка Ларыса пра ўсё гэта даведваецца са СМІ. За чатыры месяцы, што прайшлі з моманту затрыманьня сына, жанчына бачыла яго толькі аднойчы, калі ёй дазволілі перакінуцца зь ім парай словаў у Баранавіцкім СІЗА.

«Мне не паведамляюць таго, як адбываецца расьсьледаваньне справы, — сказала Свабодзе Ларыса Кульжык. — Мяне як дапыталі на пачатку жніўня, так і ўсё. Не дазваляюць спатканьняў з сынам, я ня ведаю ніякіх падрабязнасьцяў. Я неаднаразова прасіла ў сьледчага дазволіць сустрэчу. Шмат разоў размаўляла зь ім, тлумачыла, што некалькі хвілін маёй сустрэчы з сынам нічога ня зьменяць. Але ён кажа — не, яшчэ ня час. Калі будзе той час — незразумела».

Адзінае, што Ларыса Кульжык ведае: сын па-ранейшаму ўтрымліваецца ў СІЗА ў Баранавічах.

«Калачуся ад кожнага званка зь незнаёмага нумару, раптам нешта новае, — кажа жанчына. — Адвакат у сына ёсьць, дзяржаўны. Яго дапускаюць на допыты, можа размаўляць зь Дзімам у прысутнасьці сьледчага».

Па словах Ларысы Кульжык, больш за ўсё яе зьдзіўляе тое, што з 20 затрыманых па справе ў СМІ трапіла толькі імя яе сына. Хто іншыя затрыманыя, ці існуюць яны ўвогуле і якая іх роля ў справе аб крадзяжы зброі з баранавіцкай вайсковай часткі, жанчына можа толькі здагадвацца.

«Мы ж дарослыя людзі ўсе, цудоўна разумеем, што вынесьці зброю з тэрыторыі часткі — гэта ня семкі, — перакананая Ларыса Кульжык. — Прадаваць зброю — гэта ж, вы самі разумееце, немагчыма самастойна, аднаму. Мусіла кіраўніцтва пра гэта ведаць».

«Дзіма баяўся тэлефанаваньняў»

Маці затрыманага прапаршчыка расказвае, што да арышту яе сына ў частцы зьмянілася кіраўніцтва, і перад гэтым павінна была быць праведзеная рэвізія складоў. У тым ліку зброі, за якую Дзьмітрый павінен быў несьці адказнасьць.

«Ён баяўся, калаціўся ад тэлефанаваньняў, — расказвае Ларыса Кульжык пра паводзіны сына незадоўга да затрыманьня. — Мы ня часта бачыліся, але Дзіма прыяжджаў час ад часу. Да маёй сястры езьдзіў, там дзяўчаты яго ўзросту, яны камунікавалі. І адна зь іх выпадкова размову падслухала. Сын чамусьці некага баяўся. Торгала яго пастаянна. Калі званілі, то выходзіў паразмаўляць у іншае памяшканьне, каб ніхто ня мог пачуць».

Маці прапаршчыка змагла пагаварыць з сынам пасьля затрыманьня толькі некалькі хвілін. Яна кажа, што Дзьмітры сказаў ёй: «Лепш так, чым граната пад нагамі». На думку Ларысы Кульжык, сын баяўся магчымай помсты, у тым ліку забойства.

«Там замешаныя іншыя людзі, а сын быў толькі як загадчык склада, — кажа Ларыса Кульжык. — Верагодна, яму нават не было куды зьвярнуцца, не было каму напісаць рапарт. Адвакат мне нічога не расказвае, у яго падпіска аб неразгалошваньні. Мне толькі чакаць застаецца, калі расьсьледаваньне скончыцца. Я цяпер аднаго баюся, каб яго крайнім не зрабілі. Баюся, што ён толькі пешка ў гэтай гульні».

«Купіла сыну машыну, яна некуды зьнікла»

Да Ларысы даходзяць чуткі, быццам яе сын займаўся крадзяжамі зброі на працягу году. Пры гэтым яна не заўважала, каб Дзьмітры меў нейкія незразумелыя крыніцы прыбыткаў. Кватэру, якую яму выдзелілі як вайскоўцу-кантрактніку, Ларысе прыйшлося абстаўляць на ўласныя грошы.

«Калі сын атрымаў кватэру, я ўзяла крэдыт, колькі было магчыма, — кажа Ларыса Кульжык. — Сваіх грошай дадала. Няшмат, бо заробак невялікі ў мяне. Але як далі гэтую кватэру, то трэба было нешта туды. І мэбля, і тэлевізар. Усё, што было ў той кватэры, я набывала за крэдытныя грошы. Я гэты крэдыт выплачваю дагэтуль».

Ларыса расказвае, што на ўласныя грошы таксама набыла сыну стары аўтамабіль, каб ён мог прыяжджаць да яе з Баранавіч. Дзе цяпер тая машына, жанчына ня ведае. Калі пасьля затрыманьня сына Ларыса прыехала ў Баранавічы забраць рэчы з пустой кватэры, то аўтамабіля побач з домам не было. Зьніклі і некаторыя рэчы з кватэры.

«Сын сьціпла жыў, выключна на заробак вайскоўца, — кажа Ларыса. — У яго таксама быў свой крэдыт у банку. Нават у некалькіх. Я не пасьпела высьветліць, на што ён браў грошы. Пайшла потым перапісала ўсё на сябе, цяпер выплачваю».

На думку жанчыны, калі б сын меў грошы ад продажу выкрадзенай зброі, то ня меў бы патрэбы ў банкаўскіх крэдытах.

Як паведамілі Свабодзе ў Сьледчым камітэце, расьсьледаваньне гэтай крымінальнай справы працягваецца. Усе абвінавачаныя даюць прызнальныя паказаньні. Дата перадачы справы ў суд пакуль невядомая.

 



Дата стварэння навіны 07.12.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку