АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Дзень волі-2019 Беларусь-Расія Выбары-2019 Праграма ураду Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Як перастаць быць «дармаедам», патраціўшы ня больш за 30 рублёў

Як перастаць быць «дармаедам», патраціўшы ня больш за 30 рублёў
06.12.2018
Радыё Свабода сабрала 20 спосабаў, як стаць занятым у беларускай эканоміцы, патраціўшы ня больш як 30 рублёў.



Спойлер: фактычна займацца адпаведнай дзейнасьцю не абавязкова. Галоўнае — сплачваць неабходныя зборы ці адзіны падатак.

Варыянт 1. Стаць рамесьнікам за 26,97 рубля на год

Савет Міністраў лічыць рамесьнікаў занятымі ў беларускай эканоміцы.

Каб аформіць рамесную дзейнасьць, трэба прыйсьці з пашпартам у падатковую па месцы рэгістрацыі і паразмаўляць з інспэктарам.

Праца рамесьнікаў рэгулюецца ўказам № 364 і прадугледжвае выраб неядомых рэчаў. За выраб ядомых прадуктаў трэба плаціць адзіны падатак.

26,97 рубля на год. Заяву на афармленьне рамеснай дзейнасьці прымуць бясплатна, але трэба сплаціць збор – 1 базавую велічыню (24,5 рубля). У падатковай трэба набыць «Кнігу ўліку праверак», яна каштуе 2,47 рубля.

Перавагі

Плаціць за ліквідацыю рамесьніцкай дзейнасьці ня трэба.

Недахопы

Рамесьнікам нельга выкарыстоўваць у сваіх прадуктах каштоўныя камяні і мэталы, зубы ўсіх жывёлаў, біўні ці клыкі слана, бэгемота і іншых.

Рэклямаваць прадукцыю ў сацыяльных сетках нельга. Прадаваць тавар можна праз уласны сайт, выставы ці на кірмашах.

Варыянт 2. Плаціць адзіны падатак да 30 рублёў на месяц

Тыя, хто сплаціў адзіны падатак, — не «дармаеды». Гэта тычыцца як фізычных асоб, так і прадпрымальнікаў, сказана ў пастанове Савету міністраў.

Каб перайсьці на адзіны падатак, трэба зьвярнуцца ў падатковую інспэкцыю. Сплата адзінага падатку адбываецца да пачатку ажыцьцяўленьня дзейнасьці.

Нюансы:

Плаціць адзіны падатак трэба толькі за месяцы, калі названая падатковай дзейнасьць ажыцьцяўлялася. Але пастанова Саўміну не вызначае, колькі разоў на год трэба сплачваць адзіны падатак, каб удзельнічаць у эканоміцы.

Стаўкі адзінага падатку пэрыядычна павялічваюцца.

Традыцыйна найвышэйшыя стаўкі адзінага падатку — у Менску. Тут і ніжэй — штомесячныя стаўкі адзінага падатку, якія дзейнічаюць у сталіцы ад 17 лістапада:

Пілаваньне і колка дроваў — 5 рублёў.

Пагрузка і разгрузка грузаў — 5 рублёў.

Аказаньне паслугаў з дапамогай аўтаматаў для вымярэньня росту і вагі — 11 рублёў.

Догляд, утрыманьне і дрэсіроўка хатніх жывёлаў (акрамя сельскагаспадарчых) — 11 рублёў.

Рэалізацыя хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, гатовай кулінарнай прадукцыі — 16 рублёў.

Догляд за дарослымі і дзецьмі — 22 рублі.

Праньне і прасаваньне рэчаў — 22 рублі.

Закупляньне прадуктаў — 22 рублі.

Мыцьцё посуду — 22 рублі.

Гатаваньне ежы — 22 рублі.

Дапамога па сплочваньні паслуг ЖКГ — 22 рублі.

Касьба травы — 22 рублі.

Прыборка тэрыторыі — 22 рублі.

Спальваньне сьмецьця — 22 рублі.

Вырошчваньне сельскагаспадарчай прадукцыі — 28 рублёў.

Драбненьне зерня — 28 рублёў.

Выпас жывёлы — 28 рублёў.

Наладка музычных інструмэнтаў — 25 рублёў.

Рэпэтытарства — 30 рублёў.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай пэўныя паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

Паводле пастановы Савету міністраў, у «базу дармаедаў» занесьлі каля 500 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.

Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.



Дата стварэння навіны 06.12.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку