АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Чаму прэс-службы «закрываюць» чыноўнікаў ад журналістаў

Чаму прэс-службы «закрываюць» чыноўнікаў ад журналістаў
30.11.2018
Пацьвердзіць ці абвергнуць інфармацыю, атрымаць камэнтар у беларускіх чыноўнікаў журналістам становіцца ўсё складаней.

Без дазволу прэс-сакратара адмаўляюцца гаварыць нават кіраўнікі.

Стандартны адказ на ўсе пытаньні, нават самыя апэратыўныя, — «Пішыце афіцыйны запыт». Чаму прэс-службы міністэрстваў і ўстаноў замест дапамогі часьцяком ускладняюць журналістам працу і чыняць ім перашкоды?

На ніводзін зь пісьмовых запытаў Свабоды прэс-служба МУС не адказала

28 лістапада зьнялі з пасады прэс-сакратара Міністэрства ўнутраных спраў Георгія Яўчара, які прабыў кіраўніком прэс-службы менш за 9 месяцаў. За гэты час лічаным журналістам незалежных СМІ ўдалося датэлефанавацца да падпалкоўніка, і толькі шчасьліўчыкам — атрымаць камэнтар.

Карэспандэнтам Свабоды двойчы ўдалося датэлефанавацца да Яўчара, але ў адказ было — «Пішыце афіцыйны запыт». На ніводзін зь пісьмовых афіцыйных запытаў Свабоды прэс-служба МУС не адказала (апошні запыт рэдакцыя накіравала ў МУС 11 верасьня, больш як 2,5 месяца таму).

«Зь Яўчаром ні ў кога з журналістаў супрацоўніцтва не атрымлівалася. Датэлефанавацца яму немагчыма. Папярэднік Георгія Яўчара Канстанцін Шалькевіч хоць чалавек зьедлівы, але адказваў, і хоць нейкі камэнтар удавалася атрымаць», — кажа журналіст «Эўрарадыё» Зьміцер Лукашук.

 Замест апэратыўнага адказу — «Пішыце афіцыйны запыт»

Ва ўсе часы журналісты спаборнічалі, хто першы перадасьць навіну, дакладную, правераную інфармацыю. І здавалася б, што адмысловыя прэсавыя службы, якія ёсьць цяпер у большасьці міністэрстваў, ведамстваў, устаноў, прадпрыемстваў, на тое і ствараліся, каб дапамагчы журналістам кантактаваць з адмыслоўцамі.

Пэўныя прэс-службы працуюць нармальна, адказваюць адразу, даюць камэнтар або просяць некалькі хвілін, каб удакладніць у спэцыяліста, і самі ператэлефаноўваюць. Аднак часьцей за ўсё журналісты чуюць у адказ: «Пішыце афіцыйны запыт», — кажа журналіст «Эўрарадыё» Зьміцер Лукашук.

«Безумоўна, для журналіста, які павінен даць інфармацыю апэратыўна, а не праз 15 ці 30 сутак, такі падыход непрымальны. Але для прэс-службы, якая не настроеная супрацоўнічаць з журналістамі, гэта добрая падстава наагул не даваць інфармацыю, бо каму яна будзе патрэбная праз два тыдні?» — кажа Зьміцер Лукашук.
 
Прафэсар павінен атрымаць дазвол ад учорашняга выпускніка журфаку

Натуральна, часьцяком журналісты, абмінаючы прэс-службу, зьвязваюцца наўпрост з адмыслоўцамі, чыноўнікамі, навукоўцамі, бо маюць асабістыя сувязі, кантакты. Але потым у іхніх суразмоўцаў бываюць непрыемнасьці.

Так было ў выпадку зь вядомым прафэсарам-нарколягам, калі той даў камэнтар карэспандэнту Свабоды, назваў рэальныя лічбы па праблеме алькагалізму — а потым быў выкліканы «на дыван» да намесьніка міністра аховы здароўя. І атрымаў, па-першае, за тое, што «рассакрэціў» рэальную статыстыку, а па-другое, за тое, што гаварыў з журналістам без дазволу прэс-сакратара.

Шмат такіх выпадкаў было і ў Зьмітра Лукашука з «Эўрарадыё».

«Калі ты ў абыход прэс-службы выходзіш на спэцыяліста міністэрства ці ўстановы, нягледзячы на тое, што ён адмысловец, займае адказную пасаду, ён кажа, што трэба атрымаць дазвол у прэс-службе на тое, каб з вамі размаўляць. Гэта выглядае сьмешна, бо, да прыкладу, прафэсар, сьвяціла ў сваёй сфэры, павінен атрымаць дазвол ад учорашняга выпускніка журфаку.

У мяне быў выпадак, калі прадстаўнік дзяржаўнай установы нармальна, годна адказваў на мае пытаньні. Пазьней я зьвярнуўся зноў да яго, а ён кажа: „Ведаеце, пасьля мінулай нашай размовы ў мяне былі непрыемнасьці, паставілі „на від“ — працаваць з журналістамі толькі праз прэс-службу“», — кажа Зьміцер Лукашук.

 Паводле закону тэрмін адказу на запыт журналіста — ад 15 да 30 дзён

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец патлумачыў, што згодна з Законам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў на звароты журналістаў дзяржаўныя органы мусяць рэагаваць цягам 15 дзён. Ёсьць выключэньні, калі тэрміны падаўжаюцца, але пра гэта таксама неабходна паведаміць.

«У выпадках, калі пытаньне складанае, неабходная падрыхтоўка, удакладненьне ў іншых інстанцыях, гэты тэрмін можа быць падоўжаны да 1 месяца. Але афіцыйная асоба мусіць паведаміць заяўніку, што яго зварот перасланы, да прыкладу, у іншую ўстанову. Але можна абскарджваць у судзе адмову ў адказе, і журналіст можа ставіць пытаньне аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці службовай асобы, якая своечасова не дала адказу», — кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Нават калі чыноўнікі праз прэс-службы і даюць пісьмовы адказ, тут таксама ўзьнікаюць праблемы, кажа намесьніца галоўнага рэдактара газэты «Народная Воля» Марыя Эйсмант, якая нядаўна рабіла журналісцкае расьсьледаваньне, зьвязанае з чыгункай. Прычым супрацоўнікі прэс-службаў Менгарвыканкаму і Беларускай чыгункі самі імкнуліся як найхутчэй даць камэнтары.

«Але якія гэта былі камэнтары — асобная размова. Напрыклад, з чыноўнікамі Беларускай чыгункі я хацела ўбачыцца сам-насам, паразмаўляць — яны не пагадзіліся і даслалі пісьмовы камэнтар. Удакладніць штосьці, высьветліць — а пытаньняў у мяне было шмат — не атрымалася. Але ўсё роўна прэс-служба паводзіла сябе вельмі прыстойна», — кажа Марыя Эйсмант.

 Самыя закрытыя — Мінздароўя, Мінінфарм, сілавыя ведамствы

Беларуская асацыяцыя журналістаў тройчы апытвала калегаў і рыхтавала рэйтынгі прэс-службаў — у 2013, 2015 і 2018 гадах.

Намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі кажа, што апытвалі і журналістаў дзяржаўных СМІ — была высокая рэпрэзэнтатыўнасьць. І нават прадстаўнікі дзяржаўных мэдыяў скардзіліся, як цяжка і ім атрымаць інфармацыю, нават проста пацьвердзіць ці абвергнуць нейкі факт.

«Адмоўнымі лідэрамі застаюцца сілавы блёк, Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства аховы здароўя. Гэтыя ведамствы традыцыйна выклікаюць нараканьні ў журналістаў, прычым ня толькі недзяржаўных выданьняў.

У Міністэрстве інфармацыі наагул прэс-службы як такой няма, гэта, як ні парадаксальна, адно з самых закрытых ведамстваў», — кажа Барыс Гарэцкі.

Міністэрства аховы здароўя фігуруе як самае закрытае ва ўсіх трох рэйтынгах БАЖ, нягледзячы на зьмены прэс-сакратароў і міністра. Замест прэс-канфэрэнцый Мінздароўя пачало праводзіць брыфінгі, якія не прадугледжваюць пытаньняў-адказаў.

«Асабліва закрыліся чыноўнікі Мінздароўя, калі быў скандал з прычыны незарэгістраваных прышчэпак і выйшла расьсьледаваньне Сяргея Сацука ў „Ежедневнике“. Такое ўражаньне, што ўсё міністэрства пакрыўдзілася на ўсіх журналістаў.

Не ўдаецца нармальна кантактаваць зь Мінадукацыі, Дзяржкантролем.

Праблематычна — з прэс-службай КДБ. Сёньня там адказваюць, што нічога ня ведаюць, а заўтра аказваецца, што ня толькі ведалі, але мелі непасрэднае дачыненьне», — кажа Зьміцер Лукашук.

Станоўчыя адзнакі ў апытаных журналістаў атрымалі Міністэрства надзвычайных сытуацый, Дзяржаўны памежны камітэт, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства па падатках і зборах.

На думку намесьніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага, цяпер у дзяржаве створана жорсткая ідэалягічная вэртыкаль.

«Дзяржава закрываецца ад журналістаў. Гэта кепска. І небясьпечна. Бо калі няма дакладнай, праверанай інфармацыі, пачынаюцца фэйкі, домыслы. Інфармацыйная бясьпека краіны пачынае кульгаць», — перакананы Барыс Гарэцкі.




Дата стварэння навіны 30.11.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку