АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Андрэй Бастунец: Цяпер канчаткова зразумела – гэта быў удар па Tut.by

Андрэй Бастунец: Цяпер канчаткова зразумела – гэта быў удар па Tut.by
26.11.2018
Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец пракаментаваў для сайта palitviazni.info выстаўленае следствам абвінавачванне галоўнаму рэдактару партала TUT.BY Марыне Золатавай.

“Артыкул 425 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Бяздзейнасць службовай асобы), па якім выстаўлена абвінавачванне Марыне Золатавай,  гэта некалькі нечакана. Такі артыкул больш накіраваны супраць кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў”, – адзначае суразмоўца.

Нагадаем, што 22 лістапада галоўнаму рэдактару партала TUT.BY Марыне Золатавай выставілі абвінавачванне па па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Такім чынам, усім фігурантам «справы БелТА» (на дадзены момант іх налічваецца 15 чалавек) выстаўленыя абвінавачванні, паведамляе tut.by

З дакументаў вынікае, што абвінавачаныя журналісты і рэдактары нібыта «наўмысна з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці здзейснілі несанкцыянаваныя доступы, што суправаджаліся парушэннем сістэмы абароны, да кампутарнай інфармацыі, якая захоўваецца ў кампутарнай сістэме і сеткі рэспубліканскага УП «БелТА», якія пацягнулі па неасцярожнасці прычыненне іншай істотнай шкоды».

Усім фігурантам быў выстаўлены штраф. Яго сумы вар’іруюцца ад 3 да 17 тысяч рублёў.

Двух фігурантаў па «справе БелТА», уласнага карэспандэнта «Нямецкай хвалі» Паўла Быкоўскага і рэдактара партала Realt.by Уладзіслава Кулецкага 22 лістапада, вызвалілі ад крымінальнай адказнасці.

“Цяпер канчаткова зразумела, што ўся гэтая крымінальная справа ў першую чаргу была ўдарам па партале Tut.by, – кажа Андрэй Бастунец. – Мне падаецца, у гэтым і заключалася галоўная мэта ўладаў, калі распачыналі “справу БЕЛТА”, хаця прэтэнзіі журналістам былі выстаўлены, як фізічным асобам. І кампенсацыя шкоды, якая быццам бы нанесена БЕЛТА, выстаўлена як фізічным асобам. А вось артыкул 425 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Бяздзейнасць службовай асобы) – гэта некалькі нечакана. Такі артыкул больш накіраваны супраць кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў”.

Андрэй Бастунец дадае, што ў выпадку з Марынай Золатавай яе артыкул наўрад ці перакваліфікуюць з крымінальнага на адміністрацыйны.

“Мне падаецца, што няма такой магчымасці, – кажа старшыня БАЖ. – Як немагчыма спрагназаваць і тое, якім будзе канчатковы прысуд для галоўнага рэдактара Tut.by. Але па гэтым артыкуле на маёй практыцы журналістаў яшчэ не судзілі”.




Дата стварэння навіны 26.11.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку