АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Дзень волі-2019 Беларусь-Расія Выбары-2019 Праграма ураду Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Герасіменка, Ярмошын, Паўлаў, Ладуцька, Шорац. Як склаўся лёс былых мэраў Мінска пасля адстаўкі?

Герасіменка, Ярмошын, Паўлаў, Ладуцька, Шорац. Як склаўся лёс былых мэраў Мінска пасля адстаўкі?
24.11.2018
Новым старшынёй Мінгарвыканкама стаў міністр транспарту Анатоль Сівак.


Ягонаму папярэдніку Андрэю Шорцу Лукашэнка паабяцаў новую пасаду, не такую адказную.

«Дадаць так, як гэта трэба, ён не можа. Я гэта адчуваю. Таму мной прынята рашэнне аб пераводзе яго на іншую працу», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Новае месца працы Шорца пакуль не вызначана.

А куды адпраўляліся пасля адстаўнікі іншыя былы мэры Мінска?

Аляксандр Герасіменка (1991-1995)

У савецкі час ураджэнец Узды Аляксандр Герасіменка ішоў па партыйнай лініі. Незалежнасць Беларусі ён сустрэў старшынёй Мінскага гарадскога савета народных дэпутатаў і старшынёй Мінгарвыканкама.

Пасля адстаўкі з пасады Герасіменка пачаў дыпламатычную кар’еру. Пяць гадоў ён быў паслом у Балгарыі, пасля шэсць гадоў намеснікам міністра замежных спраў і, нарэшце, сем гадоў паслом у Латвіі.

У 2017 годзе Герасіменка памёр.

Уладзімір Ярмошын (1995-2000)

Адзін з нямногіх, хто пайшоў на павышэнне. Пасля працы мэрам Мінска Ярмошын (не мае дачынення да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай) паўтара года ўзначальваў урад.

Ярмошын — ураджэнец Разанскай вобласці, у Беларусь ён патрапіў у 23 гады. «Я рускі чалавек, верны Беларусі», — казаў ён.

Ён доўгі час працаваў на Мінскім заводзе грамадзянскай авіяцыі, а ад пачатку 1990-ых пайшоў ва выканаўчую ўладу.

Пасля трагедыі на Нямізе ў 1999 годзе Ярмошын папрасіўся ў адстаўку, але Лукашэнка пакінуў яго кіраўніком Мінска.

Пабыўшы прэм’ер-міністрам, Ярмошын пачаў працаваць на расійскі бізнэс. Быў кіраўніком прадстаўніцтва МТС у Беларусі, пасля пераехаў у Маскву. Яшчэ праз нейкі час вярнуўся ў Беларусь дарадцам кіраўніка «Знешэканомбуда». Цяпер Ярмошыну 76 гадоў, але наменклатурныя сувязі ён захоўвае.

Міхаіл Паўлаў (2000-2009)

Бадай самы запамінальны старшыня Мінгарвыканкама. Яго, ураджэнца Шклоўскага раёна, перавялі ў сталіцу з пасады мэра Баранавічаў. А перад тым ён доўгі час узначальваў Баранавіцкі завод гандлёвага машынабудавання.

Менавіта пра Паўлаве ў Мінску была абвешчана вайна кіёскам на вуліцах — пераможная вайна.

Паўлаў памёр у 57 гадоў ад анкалогіі. Цяжкая хвароба і была прычынай адстаўкі.

Яго іменем названы парк паміж Малінаўкай і Паўднёвым Захадам. Сям’я жыве ў катэджы ў Драздах.

Мікалай Ладуцька (2009-2014)

На працягу года, пакуль Міхаіл Паўлаў быў яшчэ жывы, Ладуцька быў выканаўцам абавязкаў мэра.

Ён — адзіны са спісу карэнны мінчук.

Ладуцька рабіў кар’еру ў будоўлі, узначальваў Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама.

Праз пяць гадоў працы на чале сталіцы яго з ганьбай выгналі з мэраў у дырэктары стратнага «Мотавела», там ён працуе і дагэтуль. Паспеў атрымаць зямлю пад катэдж у Драздах.

Андрэй Шорац (2014-2018)

Колішні кіраўнік аднаго з віцебскіх раённых камітэтаў Беларускага патрыятычнага саюза моладзі ўварваўся ў кіраўнікі Мінска з пасады міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Яго галоўнае новаўвядзенне — стварэнне партала 115.бел. На якім можна пакідаць заяўкі на выпраўленне любых хібаў у горадзе — ад зламаных парэнчаў да выкручаных лямпачак. І схема рэальна працуе.

Браніслаў Юрэвіч, Наша ніва




Дата стварэння навіны 24.11.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку