АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Знікла пяць Пінскаў, пілі менш. Як змянілася Беларусь за 8888 дзён Лукашэнкі

Знікла пяць Пінскаў, пілі менш. Як змянілася Беларусь за 8888 дзён Лукашэнкі
22.11.2018
19 лістапада 2018 года ў беларускай гісторыі адбыўся містычны збег лічбаў. Са дня інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі прайшло 8888 дзён, нагадвае Еўрарадыё.



Якія высновы зробяць з гэтай лічбы фанаты нумералогіі, разважаць не возьмемся. Затое можам распавесці вам, як за 8888 дзён Лукашэнкі змянілася Беларусь.

Мінус 8 нулёў

За 8888 дзён Беларусь перажыла тры дэнамінацыі. Адзін нуль прыбралі ў 1994 годзе (праз 23 дні пасля інаўгурацыі Лукашэнкі), тры нулі — у 2000 годзе і яшчэ чатыры — зусім нядаўна, у 2016-м.

Мінус пяць Пінскаў

Насельніцтва Беларусі з 10,227 мільёна чалавек ў 1994 годзе (па дадзеных Сусветнага банка) зменшылася да 9,491 млн чалавек (па звестак Белстата на 1 студзеня 2018 года). Беларусь за гэты час страціла 736 тысяч чалавек, ці 82,8 чалавека штодзень. Гэта параўнальна з такімі гарадамі, як Львоў ці Франкфурт-на-Майне. Гэта больш, чым жыло ў самым буйным абласным цэнтры Беларусі, Гомелі, да аварыі на ЧАЭС. 736 тысяч чалавек — гэта пяць такіх гарадоў, як Пінск.

Пілі менш…

Пару гадоў таму Беларусь засвяцілася ў навінах як самая пітушчая краіна свету. Што праўда, апошнім часам з першага месца нас пасунула Літва. Але ці заўжды было так? Спажыванне алкаголю у 1994 годзе — 9,9 літра на чалавека ў пераліку на чысты спірт. У 2016 годзе (апошнія звесткі СААЗ) — 11,2 літра.

…а школ было больш

У 1994 годзе было каля 5 тысяч школ, да 2018 года засталося 3067. За 8888 дзён Беларусь згубіла каля 2 тысяч школ. Інакш кажучы, у сярэднім адна школа закрывалася кожныя 4,5 дня.

Знешні доўг

У 1994 годзе — 1,2 мільярда долараў. На кастрычнік 2018 года — $16,5 млрд. Што называецца, адчуйце розніцу.

Цяпер валавы знешні доўг Беларусі параўнальны з гадавым бюджэтам Славакіі. У сусветным рэйтынгу па знешнім доўгу мы на 66 месцы.

Дзіцячая смяротнасць

Дзіцячая смяротнасць знізілася з 15,7 выпадка на 1000 чалавек у 1994 годзе да 3 выпадкаў на 1000 чалавек у 2018 годзе. І гэта добра.

ВУП-дупі-дуп

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас з 17,79 мільярда долараў у 1994 годзе да 54,44 мільярда ў 2017-м. Крыніца — статыстыка Сусветнага банка.

Працягласць жыцця

Сярэдняя працягласць жыцця — чаканая працягласць жыцця нованароджанага пры захаванні бягучых паказчыкаў смяротнасці. У 1994 годзе гэты паказчык быў 68,7 года, у 2017 годзе — 74,3 года. Так што жыць мы сталі даўжэй. Але ці лепш?



Дата стварэння навіны 22.11.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку