АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Ва Ўкраіне справу беларускага добраахвотніка Ігара Кляўко будзе разглядаць суд прысяжных

Ва Ўкраіне справу беларускага добраахвотніка Ігара Кляўко будзе разглядаць суд прысяжных
21.11.2018
Справу беларускага добраахвотніка Ігара Кляўко, які ўжо амаль год знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Марыюпалю праз падазрэньне ў выкраданьні чалавека, наўмысным забойстве і бандытызьме, будзе разглядаць суд прысяжных.

Кляўко спыніў галадоўку, абвешчаную ў жніўні на знак пратэсту супраць парушэньня ягоных правоў падчас перамяшчэньня з Дняпроўскай псыхіятрычнай лякарні ў сьледчы ізалятар Марыюпалю.
Ігар Кляўко ў лісьце паведаміў Свабодзе, што канваіры падчас этапаваньня яму «пагражалі і білі па параненай назе», а таксама не дазвалялі зьвязацца з адвакатам. Апроч таго, у яго «выкралі кансэрвы ды іншую ежу».

Беларускі добраахвотнік працягвае настойваць на сваёй невінаватасьці і абскарджвае ўтрыманьне пад вартаю ў апэляцыйных судах. У той жа час судовыя паседжаньні, як ён сьцьвярджае, адбываюцца безь ягонага ўдзелу.

Ігар Кляўко таксама паведаміў, што яму ўвесь час адмаўляюць у сустрэчы з прадстаўнікамі консульства Чэхіі — у гэтай краіне ён мае статус уцекача. Цяпер Кляўко знаходзіцца ў адзіночнай камэры.

Суд меў пачаць разгляд справы па сутнасьці 12 лістапада, але яго перанесьлі, бо захварэў судзьдзя. Новая дата паседжаньня пакуль невядомая. У кастрычніку, калі суд працягнуў утрыманьне Ігара Кляўко пад вартаю да 9 сьнежня, сьледчы паведаміў, што беларускі добраахвотнік спрабаваў уцячы з Дняпроўскай псыхіятрычнай лякарні: «выкарыстоўваючы баявыя прыёмы, спрабаваў схапіць супрацоўнікаў лякарні, нападаў на дзяжурнага лекара, пагражаў навакольным».
У той жа час, у кастрычніку марыюпальскі суд вызваліў пад хатні арышт яшчэ аднаго фігуранта гэтай справы — грамадзяніна Ўкраіны, капітана марской пяхоты Віктара Камінскага (пазыўны «Жак»), які ўтрымліваўся ў сьледчым ізалятары Марыюпалю больш за год.

У ліпені ў Бярдзянску (Запароская вобласьць) невядомы застрэліў вэтэрана антытэрарыстычнай апэрацыі і грамадзкага актывіста Віталя Алешку (пазыўны «Сармат»), які праходзіў сьведкам у гэтым працэсе і спрабаваў давесьці недатычнасьць абодвух сваіх пабрацімаў — Ігара Кляўко і Віктара Камінскага — да злачынства. Раней украінскі Камітэт вызваленьня палітвязьняў паведамляў пра сьмерць двух сьведак, якіх адвакаты іншых фігурантаў гэтай справы далучалі для пацьвярджэньня іхнай невінаватасьці.

Вайсковая пракуратура Марыюпальскага гарнізону сьцьвярджае, што сабраныя падчас дасудовага расьсьледаваньня доказы вінаватасьці Ігара Кляўко сталі «дастатковай падставай, каб паведаміць яму абгрунтаванае падазрэньне ў крымінальнай справе».

 Беларус быў затрыманы летась у лютым у Ірпенскім вайсковым шпіталі на другі дзень пасьля апэрацыі на параненай назе. Яму пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — выкраданьне чалавека, наўмыснае забойства і бандытызм.

Ігар Кляўко, вядомы пад пазыўным «Леў», разам з батальёнам «Данбас» і добраахвотніцкім украінскім корпусам «Правы сэктар» прайшоў амаль усе гарачыя пункты антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пяскі.



Дата стварэння навіны 21.11.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку