АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Медыцынскі турызм у Беларусі: «зубныя» турысты запрашаюцца

Медыцынскі турызм у Беларусі: «зубныя» турысты запрашаюцца
20.11.2018
Беларусь пазіцыянавала сябе як развіты кірунак медыцынскага турызму на беларуска-кітайскім форуме ў Шанхаі 7 лістапада, паведамляе Міністэрства замежных спраў

Сапраўды, за апошняе дзесяцігоддзе беларускія прыватныя медыцынскія цэнтры атрымалі прызнанне на пост-савецкай прасторы. Па словах спецыяліста Марыны Масташовай з Міністэрства спорту і турызма, медыцынскі турызм у Беларусі яшчэ больш выйграе ад пяцідзённага бязвіза.

Уладзіслаў Андросаў, дырэктар медыцынскага тураператара MedTravelBelarus, паведаміў Радыё Свабода, што каля 50 тысяч «медыцынскіх турыстаў» наведалі Беларусь у 2016 годзе, і колькасць такіх турыстаў яшчэ больш вырасла ў 2017 годзе. Замежныя  кліенты часта наведваюць беларускія прыватныя клінікі дзякуючы іх адносна нізкім коштам. Стаматалогія і пластычная хірургія застаюцца найбольш папулярнымі сярод замежнікаў, іх даганяюць ліпасакцыя і замена суставаў.

Ветлівыя дактары за асобную даплату

Хоць афіцыйна медыцынскае абслугоўванне застаецца ў Беларусі бясплатным, прыватныя медыцынскія цэнтры існуюць нароўні з дзяржаўнымі. Беларуская дзяржава выдае ліцэнзіі прыватным медыцынскім цэнтрам, аднак яны мусяць прайсці строгія працэдуры сертыфікацыі і санітарны кантроль. Калі беларусы сутыкаюцца з доўгімі чэргамі і абыякавым стаўленнем дактароў у дзяржаўных бальніцах, некаторыя з іх звяртаюцца ў прыватныя клінікі.

Прыватныя медыцынскія цэнтры аказваюць медыцынскія паслугі платна, аднак, як правіла, забяспечваюць лепшую якасць. У прыватных цэнтрах адсутнічаюць чэргі, і дактары звычайны ветлівыя і клапатлівыя. Пакуль прыватная медыцына застаецца недаступнай для часткі беларусаў, многія замежнікі лічаць паслугі беларускіх прыватных цэнтраў больш чым даступнымі. Асаблівым попытам карыстаюцца паслугі, выключаныя са стандартных страхавых полісаў. Як вынік, прыватныя цэнтры прыцягваюць як беларусаў, так і замежных грамадзян, якія патрабуюць хуткае і якаснае лячэнне.

На беларускім рынку медыцынскага турызму ўжо з’явілася некалькі буйных гульцоў, такіх як агенцтвы MedTravelBelarus, Wellness Travel і Westglamur. Яны заключаюць дамовы з прыватнымі медыцынскімі цэнтрамі на лячэнне замежных кліентаў, а таксама забяспечваюць візавую падтрымку і арганізацыю пражывання.

“Зубныя турысты”

Па словах Уладзіслава Андросава, асноўная большасць кліентаў MedTravelBelarus паходзіць з краін постсавецкай прасторы, асабліва з Расійскай Федэрацыі. Напачатку яны выбіралі паслугі беларускіх медыцынскіх цэнтраў дзякуючы таннейшым коштам. Аднак пасля зніжэння коштаў медыцынскіх паслуг у Расіі, многія расіяне працягваюць звяртацца да беларускіх дактароў праз іх прафесіяналізм.

Турысты з Украіны і Казахстана таксама часта наведваюць беларускія прыватныя цэнтры. Доўгатэрміновыя праблемы ў казахстанскай і украінскай сістэмах аховы здароўя, у тым ліку карупцыя і няякасныя пастаўкі лекаў, паўплывалі на «беларускі» выбар грамадзян гэтых краін.

Медыцынскія турысты з краін Балтыі, рускамоўныя ізраільцяне, і беларускія эмігранты таксама аддаюць перавагу беларускім прыватным цэнтрам з-за даступных коштаў. Беларускія эмігранты ўжо атрымалі мянушку «зубныя турысты”. Яны нярэдка вяртаюцца з дальніх краёў на радзіму, каб вылячыць старыя зубы альбо “паставіць” новыя.

Тым не менш, нягледзячы на рост папулярнасці беларускай прыватнай медыцыны ў краінах былога СССР, кліенты з іншых куткоў планеты наведаць беларускія прыватныя клінікі значна радзей. На думку Уладзіслава Андросава, спатрэбіцца яшчэ шмат маркетынгавых намаганняў, каб пазіцыянаваць Беларусь  сусветна вядомым цэнтрам якасных медыцынскіх паслуг.

У той жа час, для гэтага ўжо з’явіліся некаторыя перадумовы. Супрацоўнікі некаторых беларускіх прыватных цэнтраў свабодна гавораць па-англійску. Акрамя таго, блізкасць Беларусі да еўрапейскіх сталіц і буйных гарадоў Расіі, у спалучэнні з таннымі коштамі пражывання, таксама павышае прывабнасць краіны на сусветным рынку медыцынскіх паслуг.

Найтаннейшыя грудныя імплантаты ў Еўропе

Беларускія прыватныя медыцынскія цэнтры прапануюць больш танныя кошты ў параўнанні з Еўрапейскім Саюзам і постсавецкімі краінамі. Напрыклад, павелічэнне грудзі каштуе каля $3000 у Беларусі, $5000 у Літве і $7000 у Вялікабрытаніі. У беларускім медыцынскім цэнтры ліпасакцыя каштуе прыблізна $2000, у Літве — $4000, у Вялікабрытаніі — $9000.

Адрозненні коштаў яшчэ больш кантрастныя ў прэйскурантах стаматалагічных паслуг. Напрыклад, новы зубны імплантат каштуе прыблізна $550 у Беларусі і $2500 у Злучаных Штатах. Спецыфічны швейцарскі зубны імпланат каштуе каля €500 у беларускай стаматалагічнай клініцы, аднак не менш за €800 у польскай. У Вялікабрытаніі кошт такога імплантата дасягае €1400. Падобныя адрозненні ў коштах захоўваюцца ў галіне кардыялогіі і афтальмалогіі.

Стаматалогія і пластычная хірургія, галоўным чынам, усталяванне зубных і грудных імплантатаў, застаюцца самымі папулярнымі медыцынскімі паслугамі – іх не пакрывае большасць стандартных страхавых полісаў. Ліпасакцыя і замена каленных суставаў таксама карыстаюцца попытам. Акрамя таго, беларускія прыватныя медыцынскія цэнтры прапануюць шэраг паслуг у галіне кардыялогіі, гінекалогіі, анкалогіі, афтальмалогіі, траўматалогіі, нейрахірургіі і рэабілітацыі.

Што наконт простых беларусаў?

Па меры росту індустрыі медыцынскага турызму, дзяржава таксама далучылася да маркетынгавай кампаніі па прасоўванню Беларусі ў якасці глабальнага цэнтра медыцынскіх паслуг. Напрыклад, Міністэрства аховы здароўя  нядаўна правяло перамовы з Нацыянальнай камісіяй па пытаннях аховы здароўя КНР, каб запрасіць на лячэнне групу кітайскіх дзяцей. Ужо ў верасні на рэабілітацыйныя працэдуры прыбыла першая група дзяцей.

У той жа час, росквіт беларускай прыватнай медыцыны выразна сігналізуе аб праблемах у дзяржаўным медыцынскім сектары. Многія беларускія дактары імкнуцца атрымаць працу ў прыватных клініках. Заробкі ў прыватных цэнтрах істотна вышэйшыя, чым у дзяржаўных бальніцах. Па ацэнках Радыё Свабода і Sputnik.by, сярэдняя зарплата доктара ў дзяржаўнай установе складае прыблізна $500 у месяц, аднак дактары з малым стажам працы могуць атрымліваць і па $250. З іншага боку, зарплаты ў прыватных клініках пачынаюцца ад $800 — 1000.

Малыя заробкі надоўга не затрымліваюць лепшых дактароў і медсясцёр — многія пазней пераходзяць у прыватныя клінікі альбо з’язджаюць за мяжу. Якасныя паслугі прыватных клінік, у тым ліку стаматалогія, застаюцца недаступнымі для многіх беларусаў, у тым ліку пенсіянераў. У выніку, яны вымушаны сядзець у чэргах і стасавацца з абыякавым персаналам у дзяржаўных шпіталях, дзе часам не хапае якасных лекаў. Такім чынам, беларуская медыцына дэманструе тэндэнцыю да сацыяльнай няроўнасці: якасныя медыцынскія паслугі для заможных і паслугі ніжэй сярэдніх для небагатых грамадзян.


Дата стварэння навіны 20.11.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку