АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Электронныя бранзалеты і абарона ад сілавіка: як у Беларусі прыручыць інвестара

Электронныя бранзалеты і абарона ад сілавіка: як у Беларусі прыручыць інвестара
15.11.2018
14 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў прайшлі слуханні аб паляпшэнні інвестыцыйнага клімату ў Беларусі.

Топ-чыноўнікі — ад першага віцэ-прэм'ера да старшыні Дзяржкаммаёмасці — разважалі пра 37-е месца Беларусі ў рэйтынгу Doing Business, брытанскае права "і любое іншае", "кропкавую" прыватызацыю і падатковыя прэферэнцыі. А прадстаўнікі бізнес-колаў, запрошаныя на пасяджэнні, не-не ды і рабілі акцэнт на бяспецы для інвестыцый і прадпрымальнікаў.

Алег Хусаенаў, кіруючы партнёр кампаніі "Зубр Капітал", прамым тэкстам прапанаваў замяніць гучныя пасадкі бізнесменаў хатнімі арыштамі. Тым больш, што "ужо новыя тэхналогіі з'явіліся. Ужо з'явіліся бранзалеты, з дапамогай якіх можна прасачыць, дзе чалавек знаходзіцца".

Алег Хусаенаў. Фота: BEL.BIZ

Калі бізнесменаў у працэсе разгляду па падатковых спрэчках не саджаюць, а "вырашаюць [такія рэчы] у спакойнай абстаноўцы", гэта "лепш спрыяе інвестыцыйнаму клімату ў краіне", лічыць бізнесмен.

Два важныя тэзісы аб інвестклімаце прагаворвае старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Валерый Варанецкі:

— заканадаўчыя ініцыятывы не павінны весці да пагаршэння бізнес-клімату;

— любыя дзеянні, якія наносяць шкоду іміджу Беларусі, павінны быць зведзеныя да мінімуму.

Валерый Варанецкі. Фота: Еўрарадыё

9 лістапада пасля дзесяці дзён у СІЗА КДБ на волю выйшаў бізнесмен Аркадзь Ізраілевіч. Па словах яго жонкі Маргарыты, абвінавачанне яму так і не было прад'яўленае. Ці нанеслі дзеянні сілавікоў урон іміджу Беларусі? Пытанне рытарычнае. Ды Варанецкі ў сваім выступе і не згадваў сілавыя структуры. І наогул, магчыма, меў на ўвазе не іх. Але гэты апошні прыклад "гучных пасадак" прыходзіць у галаву сам сабой.

Пра гарантыі для замежных інвестараў казаў кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі (IFC) ва Украіне, Беларусі і Малдове Джэйсан Пэлмар. Паводле яго слоў, "ўмовы для замежных інвестыцый у Беларусі супастаўныя з сусветнымі практыкамі", але ёсць нюансы. Па-першае, "практыка прымянення", а па-другое, "няўзгодненасць прававых актаў".

"Неабходны выразны парадак кампенсацыі замежным інвестарам шкоды, прычыненай незаконным умяшальніцтвам дзяржаўных органаў або іх службовых асобаў", — заўважыў сп. Пэлмар.

Джейсан Пэлмар. Фота: interfax.com.ua

Ва ўрада ёсць жаданне, але гэтага мала

Віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын кажа, што ўрад "ўдасканальвае механізм прадастаўлення дзейсных гарантый замежным інвестарам". З гэтым пагаджаецца кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) у Мінску Аляксей Піваварскі: "Ва ўрада ёсць жаданне спрыяць працэсу развіцця прыватнага сектара. Прыняты дэкрэт прэзідэнта аб падтрымцы прадпрымальніцтва. Створаны механізмы ўзаемадзеяння дзяржавы і прадпрымальнікаў. Маюць месца розныя заканадаўчыя ініцыятывы, накіраваныя на ўлік інтарэсаў прыватнага сектара.

Але гэтага мала. У краіне варта ствараць больш добразычлівыя ўмовы для бізнесу. У прыватнасці, неабходна дамагацца роўных умоў для прыватных інвестараў і дзяржаўных прадпрыемстваў. Патрабуецца забяспечыць роўны доступ да фінансаў. Інвестары павінны адчуваць, што іх правы будуць абароненыя ў канфліктных сітуацыях. І важна, каб пакаранне ў дачыненні да інвестараў адпавядала цяжару правапарушэння".

Аляксандр Піваварскі. Фота: Belmir.by

Міністр эканомікі Дзмітрый Круты называе інвестыцыі "ключавой крыніцай дасягнення $100 млрд ВУП да канца 2025 года", а старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў Шчэпаў звяртае ўвагу, што цяперашняя удзельная вага інвестыцый у ВУП, якая не перавышае 20%, не дазваляе Беларусі забяспечваць канкурэнтаздольнасць эканомікі. Ва ўладзе склаўся кансэнсус як пра тое, што інвестыцыі патрэбныя краіне як паветра, так і пра тое, што проста сказаць: "Нясіце вашы грошыкі!" сёння мала. Але калі ў інвестара з'явіцца гарантыя, што ў адзін жудасны момант праца кампаніі не будзе паралізаваная арыштам рахункаў? Адказ на гэтае пытанне на парламенцкіх слуханнях не прагучаў. Ды і само пытанне не было зададзенае. А варта было б.

euroradio.fm

Дата стварэння навіны 15.11.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку