АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Эксперт з Украіны: Кожны шосты глыток вады, які мы робім ў Кіеве – з Бярэзіны

Эксперт з Украіны: Кожны шосты глыток вады, які мы робім ў Кіеве – з Бярэзіны
11.11.2018
У Светлагорску адбылася міжнародная канферэнцыя “Паляпшэнне магчымасцяў для ўдзелу грамадскасці ў вырашэнні праблемаў экалагічнай бяспекі ў зоне прамысловых прадпрыемстваў Светлагорска”.

 Яна прысвечана праблемам экалагічнай небяспекі, які нясе новазбудаваны ў горадзе завода беленай цэлюлозы. У абмеркаванні ўзялі ўдзел грамадскія актывісты Светлагорску і  раёну, юрысты, эколагі, праваабаронцы, прадстаўнікі СМІ.

Кіраўніцтва праблемнага заводу і гораду міжнародную канферэнцыю не наведала.

Стасоўна ўплыву шкодных выкідаў з заводу беленай цэлюлозы, удзельнікі адзначылі, што даказаць сувязь кепскага самаадчування з выкідамі вельмі цяжка, бо лекары не даюць адпаведных заключэнняў. Вядомы толькі адзін выпадак, калі дзіцёнку, у якога ў выніку выкіду адкідаў пайшла носам крывя, лекар пенсійнага ўзросту напісала ў медычнай картцы дыягназ і ўказала, што ён звязаны са шкоднымі выкідамі з заводу беленай цэлюлозы.

Адна з арганізатарак канферэнцыі зачытала прысутным экспертнае заключэнне прафесарска-выкладчыцкага калектыву Дальнеўсходняга медычнага інстытуту, стасоўна ўплыву меркаптанаў (адно з асноўных шкодных рэчаваў, якое выкідае ў паветра і ваду завод беленай цэлюлозы) на арганізм людзей:

“Вынікамі нашага даследавання ўстаноўлена, што метылмеркаптан адносіцца да групы тэхнагенных фактараў здольных прыгнятаць функцыю шчытападобнай залозы. Ацэнка стану здароў’я дзяцей, які доўгі час пражываюць на тэрыторыях, і знаходзяцца пад працяглым уплывам неспрыяльных фактараў, прыводзіць да павышанага ўзроўню захворвання шчытападобнай залозы, органаў дыхання, нервовай сістэмы”.

Міжнародны эксперт – эколаг з Украіны Аляксей Васілюк адзначыў, што праблема шкодных адкідаў з заводу белёнай цэлюлозы мае трансгранічны характар і наўпрост тычыцца і жыхароў Кіеву, якія п’юць ваду з Дняпра.

“Кожны шосты глыток вады, які мы п’ем ў Кіеве – з Бяразіны, бо яна цячэ ў Днепр - адзначыў Аляксей Васілюк. – Таму мы таксама заклапочаны станам вады ў Беразіне ў сувязі з функцыянаваннем завода беленай цэлюлозы”.

Украінскі эксперт паведаміў прысутным, пра магчымасць адстойваць свае інтарэсы праз міжнародную структуру “Смарагдавая сетка”, да якой далучылася і Беларусь. Згодна з Бэрнскай канвенцыяй, якую падпісалі еўрапейскія краіны, унікальныя прыродныя аб’екты бяруцца пад ахову. Каля Светлагорску таксама знаходзіцца прыродны аб’ект, які ўваходзіць у сетку, таму беларускія актывісты, занепакоеныя магчымым негатыўным уплывам на яго выкідаў з заводу беленай цэлюлозы, маюць магчымасць звярнуцца да кіраўніцтва “Смарагдавай сеткі”, каб яно, у сваю чаргу, звярнулася да ўраду Беларусі з патрабаваннем палепшыць сітуацыю з ахоўваемым прыродным аб’ектам.

Пасля выступу экспертаў удзельнікі канферэнцыі пачалі працаваць у малых групах і распрацоўваць стратэгію далейшага адстойвання свайго права на спрыяльнае навакольнае асяроддзя на мясцовым, рэспубліканскім і міжнародным узроўні. З мэтай прыцягнення зацікаўленых бакоў да рашэння экалагічных праблемаў была створана працоўная група, якая будзе пастаянна дзейнічаць, ажыццяўляць незалежны маніторынг працы заводу беленай цэлюлозы, супрацоўнічаць з міжнароднымі і мясцовымі экспертамі, прыцягваць інвестыцыі на рашэнне экалагічных праблемаў, стала працаваць са СМІ.

Прысутныя на канферэнцыі прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі ПЦ “Вясна” высока ацанілі вынікі  міжнароднай канферэнцыі ў Светлагорску.

“Як праваабаронца не магу не адзначыць тое, што людзі пачалі самастойна гуртавацца і адстойваць свае правы, - рэзюмаваў кіраўнікі гомельскага аддзялення ПЦ “Вясна” Андрэй Стрыжак. -  Сярод актывістаў, якія былі на канферэнцыі было ня так шмат грамадскіх актывістаў. У асноўным гэта былі мясцовыя жыхары, якія хочуць жыць і дыхаць чыстым паветрам. Паралельна з адстойваннем правоў на прыязнае навакольнае асяроддзе, людзі рэалізуюць свае свабоды выказвання думак, мірных сходаў і асацыяцый. Але, як паказваюць дзеянні светлагорскіх уладаў, такая грамадская актыўнасць ня надта пажаданая, пра што сведчаць штрафы Алене Маслюковай і Анатолю Змітровічу, якіх, падобна на тое, улады вызначаюць як "зачыншчыкаў" пратэстаў”.

Нагадаем, завод беленай цэлюлозы пачаў напрыканцы 2017 года працаваць у тэствым рэжыме. Адразу жыхары Светлагорску і навакольных вёсак адчулі пагаршэнне экалагічнай сітуацыі. Людзі масава сталі скардзіцца на галаўны боль, крывяцячэнне, абвастрэнне лёгачных захворванняў. Адначасова жыхары сталі накіроўваць пісьмовыя звароты ў розныя інстанцыі з патрабаваннем спыніць выкід экалагічна шкодных адкідаў з прадпрыемства.

Аўтар Ларыса Шчыракова, фота і відэа аўтара, Гомельская вясна



Дата стварэння навіны 11.11.2018

Возврат к списку