АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Як Польшча хацела мець заморскія калоніі й што з гэтага атрымалася

Як Польшча хацела мець заморскія калоніі й што з гэтага атрымалася
10.11.2018
Да каланіяльнай гонкі, хоць і зь вялікім спазьненьнем, спрабавала далучыцца й Польшча, накіраваўшы сваю ўвагу перш за ўсё на Афрыку.

У сусьветнай гісторыі існуе паняцьце «гонкі за Афрыку» альбо «бойкі за Афрыку». Гэтак называецца пэрыяд вострай канкурэнцыі шэрагу дзяржаў Эўропы за правядзеньне дасьледчых прац і ваенных апэрацый, у канчатковым выніку накіраваных на захоп новых тэрыторый у Афрыцы. 

Да гэтай гонкі, хоць і зь вялікім спазьненьнем, спрабавала далучыцца й Польшчы.Польшча стала незалежнай краінай 11 лістапада 1918 году. Да гэтага часу цягам больш чым 123 гады яе не было на палітычнай карце сьвету, бо дзяржава была падзеленая паміж трымя імпэрыямі: Расеяй, Аўстра-Вугоршчынай і Нямеччынай. У сувязі з гэтым Варшаву абмінула каляніяльная гонка, якая пачалася ў другой палове 19-га стагодзьдзя і ўдзел у якой прынялі наймацнейшыя эўрапейскія краіны. 

Дык вось, пасьля атрыманьня незалежнасьці Варшава пачала сур’ёзна думаць над тым, каб мець свае калёніі, аднак у выніку пляны не ўдалося рэалізаваць перш за ўсё з-за адсутнасьці фінансавых сродкаў і магчымасьцей.Каляніяльныя пляны ў адроджанай Польшчы зьявіліся ўжо ў 1919 годзе – праз год пасьля незалежнасьці. Прадстаўнік Варшавы на вэрсальскай канфэрэнцыі заклікаў пераможныя дзяржавы прызнаць Варшаве 10% нямецкіх калёній. Аднак просьба не была ўзятая пад увагу. Каляніяльныя пляны Варшавы зноўку высунуліся на павестку дня ў палове 1920-х гадоў. 

У 1924 годзе была створаная грамадзкая арганізацыя Марская й рачная ліга, якая ў 1930 годзе зьмяніла назву на Марская й каляніяльная ліга. У 1939 годзе яе членамі быў 1 млн чалавек. За асноўную задачу яна ставіла збор грошай на каляніяльную экспансію й яе правядзеньне.А навошта Польшчы былі патрэбныя калёніі? Па-першае, такім чынам Варшава хацела далучыцца да кола эўрапейскіх каляніяльных дзяржаў, бо ў той час усе моцныя краіны мелі свае заморскія калёніі. Па-другое, у Польшчы вялікай праблемай была перанаселенасьць вёскі. Плянавалася, што частка людзей пераселіцца на заморскія тэрыторыі. І па-трэцяе, калёніі разглядаліся як тэрыторыі збыту польскай прадукцыі.

Варшава прапрацоўвала розныя варыянты. У прыватнасьці, разглядаліся магчымасьці каапэрацыі з Францыяй і Партугаліяй у асваеньні афрыканскіх зямель.Так, у 1930 годзе ўрады Польшчы й Партугаліі падпісалі пагадненьне аб прадастаўленьні Лісабонам зямель для польскіх перасяленцаў у Анголе. Празь нейкі час у Афрыку накіраваліся першыя палякі. 

Аднак неўзабаве Партугалія сарвала пагадненьне, паколькі на міжнароднай арэне зьявіліся чуткі нібыта пра тое, што Польшча хоча перахапіць кантроль на Анголай. У 1934 годзе паміж урадам Польшчы і ўрадам Лібэрыі было падпісанае пагадненьне аб продажы й здачы ў арэнду польскім фірмам 50 сельскагаспадарчых плянтацый. Акрамя таго, у пагадненьні гаварылася, што ў выпадку вайны ў Эўропе Лібэрыя вышле ў Войска Польскае 100 тыс. сваіх салдат. Неўзабаве ў эўрапейскіх сталіцах зьявілася несапраўдная інфармацыя пра тое, што Варшава спрабуе патаемна калянізаваць Лібэрыю, і ўрад апошняй адмовіўся ад супрацы з палякамі. У сваю чаргу плянтатары, якія ўжо прыбылі на кантынэнт, не дасягнулі посьпехаў з-за таго, што ня мелі сельскагаспадарчага досьведу ў трапічным клімаце.

Акрамя таго, прадпрымаліся спробы замацавацца й стварыць польскія населеныя пункты ў Мазамбіку, а таксама ў Бразыліі, але яны таксама не прынесьлі посьпеху.Найбольш абяцальным праектам быў Мадагаскар. У 1937 годзе Францыі па ўласнай ініцыятыве запрапанавала Польшчы купіць Мадагаскар. У 1938 годзе на Мадагаскар прыбыла польская экспэдыцыя пад кіраўніцтвам маёра Мечыслава Лепэцкага. Пасьля вяртаньня ў Варшаву была апублікаваная справаздача, у якой члены экспэдыцыі рэкамэндавалі ўраду набыць Мадагаскар з мэтай стварэньня польскай заморскай калёніі. Нягледзячы на тое, што ў Францыі актывізаваліся сілы, якія выступалі супраць продажу вострава, перамовы паміж Парыжам і Варшавай па гэтаму пытаньню працягваліся яшчэ ў жніўні 1939 году. 
А 1 верасьня пачалася Другая сусьветная вайна, якая канчаткова пахавала амбіцыі Польшчы стаць каляніяльнай дзяржавай.

Чарнаскуры жаўнер польскага каляніяльнага атраду

Валеры Саўко, radyjo.net



Дата стварэння навіны 10.11.2018

Возврат к списку