АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Лявон Вольскі: заўзятарам папросту няма чаго спяваць, таму і абралі "Трох чарапах"

Лявон Вольскі: заўзятарам папросту няма чаго спяваць, таму і абралі "Трох чарапах"
07.11.2018
Аўтар песні "Тры чарапахі", якая будзе выканана на "Чыжоўка-Арэне" падчас "Кубку 4 нацый velcom", Лявон Вольскі распавёў, як нараджаўся твор. 


— Гэта песня ўвогуле нарадзілася нечакана. І зараз нават не ведаю, адкуль усё ўзялося. Тады было шмат папулярнай музыкі, шмат чаго слухалася. І, мабыць, на стварэнне "чарапах" мяне натхніла адна кампазіцыя моднага гурта Offspring. Якая? Не буду казаць :) Там зусім іншыя тэкст і мелодыя — не падобныя да "Трох чарапах". Але настрой агульны. Адчувалася нейкае разгільдзяйскае гучанне і такі ж падыход да выканання.
 

Гэта мне хацелася схапіць. Падалося, што ў такім кірунку можна зрабіць нешта сваё. Так часта адбываецца: на стварэнне песні натхняе нейкая іншая, увогуле непадобная. 

У старажытнасці існавала ўстойлівае перакананне, што ўвесь сусветны парадак, сама Зямля спачываюць на трох кітах, трох сланах і трох чарапахах. Канешне, слухачы адразу знайшлі ў тэксце глыбокі сэнс і перанеслі яго на беларускую рэчаіснасць. Сам Вольскі крыху здзіўляецца. 

— Я не меў мэты спяваць пра гэта ці пра тое. Толькі потым, калі сталі пытацца і калі прааналізаваў змест, зразумеў, пра што ён. А падчас напісання не думаў. Словы самі складваліся ў рыфмы і тэкст. "Тры чарапахі" ствараліся на адным дыханні і амаль не перарабляліся. Спачатку толькі першае двухрадкоўе было іншым. Цікава, што праз шмат гадоў я ўжо і забыўся на гэта. Але потым прыхільнікі з фан-клуба паказалі скан старога дакумента, дзе не было радка "Калі раптам адчуеш камунальныя пахі…" Были нейкія іншыя словы. 

Можна доўга распавядаць пра геаграфію "чарапах". Песня аб’ездзіла ўвесь свет не толькі дзякуючы гастролям N.R.M. — яна стала візітнай карткай беларускіх заўзятараў. Куды б ні адпраўлялася наша зборная (ці то футбольная, ці то хакейная) альбо "Дынама-Мінск", у іх абавязкова было музычнае суправаджэнне з Галілеем, Бобам Марлеем і Сальвадорам Далі. У Вольскага ёсць версія, чаму яго песня набыла такую папулярнасць у спартыўным асяроддзі і стала сапраўдным гімнам стадыёнаў. 

— Думаю, заўзятарам папросту няма чаго спяваць. У Беларусі хапае цікавых песень, у тым ліку ад маладых гуртоў. Але вельмі мала падобных хітоў — простых и ясных, каб можна было раўці на трыбунах. Таму і абралі "Трох чарапах" — найпрасцейшую і найпапулярную. Лёгкі матыў і зразумелыя словы. 

Нягледзячы на гэта, сам Лявон за шмат гадоў існавання свайго хіта так і не стаў заўзятарам, а спортам займаецца выключна для здароўя. 

— Я не люблю спортзалы, дзе шмат людзей. Таму спрабую практыкаваць ёгу. Акрамя гэтага раблю некаторыя гімнастычныя рэчы, каб не губляць форму, і хаджу ў басейн. А яшчэ добра гуляю ў настольны тэніс. 

Адзін раз быў у Злучаных Штатах і трапіў у спортбар, калі тэлебачанне трансліравала Super Bowl. Гэта вельмі цікава. Сапраўднае нацыянальнае свята — цяжка было не паддацца агульнай хвалі. Людзі заўзелі неверагодна. Вось калі трапляю ў такія сітуацыі, калі вакол нейкая буйная падзея, то, безумоўна, раблюся фанатам. 

Музыка чакае выступу на "Чыжоўка-Арэне" і спадзяецца, што "Кубок 4 наций velcom" таксама стане буйной падзеяй для жыхароў Мінска і не толькі. 

— Мы даўно не спявалі на спартыўных арэнах. Будзе цікава! Безумоўна, хочацца, каб нашы перамаглі, — цытуе Вольскага hockey.by.



Дата стварэння навіны 07.11.2018

Возврат к списку