АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

У Курапатах усталявалі дзяржаўны мэмарыяльны знак

У Курапатах усталявалі дзяржаўны мэмарыяльны знак
06.11.2018
Днём 6 лістапада на ўзгорку ў курапацкім мэмарыяле, вядомым у народзе як «Галгофа», рабочыя ўсталявалі мэмарыяльны знак, замоўлены Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі

 Калі дакладна будзе ўрачыстае адкрыцьцё, пакуль невядома.

Як расказаў Свабодзе актывіст Беларускага таварыства аховы помнікаў Юры Меляшкевіч, прысутныя пры ўстаноўцы актывісты не выказваюць пратэстаў і наўрад ці будуць пратэставаць далей, хоць знак ставіцца ня там, дзе яны прапаноўвалі.

Ён зьвяртае ўвагу: адзін з актывістаў адзначыў, што ўсё ж «нарэшце дзяржава нешта ставіць».

«Тое, што дзяржава павінна нешта тут паставіць, гэта заўжды казалі людзі, — кажа Меляшкевіч. — Але чакаецца і тое, што будзе адкрытая нейкая архіўная інфармацыя пра тых людзей, якія былі тут расстраляныя: гісторыі якіх людзей мы ўшаноўваем, чые лёсы былі паламаныя ў Курапатах».


Падчас падрыхтоўкі да ўстаноўкі мэмарыяльнага знаку будаўнікі зламалі некалькі крыжоў, але цяпер тыя крыжы адноўленыя работнікамі Бараўлянскага лясгасу. Меляшкевіч пацьвярджае: усё адноўлена.

Дарожнікі па-ранейшаму патрабуюць зьнесьці 13 крыжоў, пастаўленых ля Курапатаў уздоўж аўтадарогі Заслаўе — Калодзішчы, на 15-м кілямэтры.


Актывісты праводзяць у Курапатах інвэнтарызацыю крыжоў для падачы ў Міністэрства культуры дакумэнтаў, каб абараніць элемэнты народнага мэмарыялу. Ужо праведзеная інвэнтарызацыя 39 крыжоў, якія знаходзяцца вакол дзяржаўнага знаку, але Меляшкевіч сумняваецца, што ім афіцыйна нададуць нейкі статус — аб гэтым сказаў яму адзін з работнікаў Мінкульту, але афіцыйнага пісьмовага адказу няма. Пашпартызацыя ўсіх астатніх крыжоў — а іх у мэмарыяле прыблізна паўтары тысячы — будзе цягнуцца яшчэ каля году, самы меней паўгода.

Памятны знак выклікаў пратэсты абаронцаў Курапатаў: праект прынялі без удзелу грамадзкасьці, помнік скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава актывісты і экспэрты называлі «безыменным і безадносным да часу», стылістычна чужым народнаму мэмарыялу.

Некаторым знак нагадваў хутчэй гіганцкую прышчэпку, чым помнік забітым у час сталінскіх рэпрэсіяў. Супраць яго пісалі адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку. Знак прапаноўвалі прынамсі перанесьці з «Галгофы» ў іншае месца. Аўтары праекту не пагадзіліся на прапанову паставіць памятны знак на ўваходзе ў мэмарыял з паўднёва-заходняга боку, але і не адмовіліся: казалі, пытаньне «не да аўтараў, а больш да замоўніка». Замоўнік не адгукнуўся.

У час падрыхтоўкі да ўстаноўкі знаку праводзіліся лякальныя раскопкі, падчас якіх знайшлі гільзы, зьвязаныя з савецкімі расстрэламі.

Супраціў як штуршок да афіцыйнага мэмарыялу ў Курапатах

У лютым 2017 году на вуліцы Мірашнічэнкі, якая мяжуе з ахоўнай зонай Курапатаў, паўстаў кругласутачны лягер супраць будаўніцтва тут офіснага цэнтру. Дзякуючы неабыякавым людзям урочышча ўдалося абараніць ад камэрцыялізацыі.

Неўзабаве курапацкая тэма знайшла працяг на дзяржаўным узроўні. У рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия» прайшоў круглы стол пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас аб’ядноўваць», а празь нейкі час Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Курапатах створаць мэмарыяльны комплекс. Праўда, да «комплексу» справа не дайшла, летась у сакавіку Міністэрства культуры абвясьціла конкурс на «памятны знак».

Амаль год не было ніякіх зрухаў, хоць ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў, тагачасны галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч абяцаў, што на ўсіх этапах будуць далучаныя прадстаўнікі грамадзкасьці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі.

Насуперак заявам, працэс адбору прэтэндэнтаў і вызначэньня лепшых работ прайшоў кулюарна.

У чэрвені 2018 году журы на чале з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной абнародавала тры эскізныя праекты, адабраныя ў фінал. Выбар праектаў адбываўся без удзелу грамадзкасьці. У жніўні быўвызначаны пераможца — праект скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай, які ў народзе ўжо назвалі «прышчэпкай».



Дата стварэння навіны 06.11.2018

Возврат к списку