АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Працоўны кодэкс Беларусі можа стаць найгоршым у цывілізаваным свеце

Працоўны кодэкс Беларусі можа стаць найгоршым у цывілізаваным свеце
06.11.2018
Увосень Працоўны кодэкс Беларусі можа стаць найгоршым у цывілізаваным свеце. У яго плануецца ўнесці нормы, якія замацоўваюць кароткатэрміновую форму найму і прымусовую працу.

Старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюза Мікалай Зімін распавёў, як незалежныя прафсаюзы ставяцца да некаторых зменаў у Працоўным кодэксе. І пра тое, што трэба рабіць кожнаму, каб выправіць сітуацыю.

На восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў плануюць у другім чытанні разгледзець законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс, што былі прапанаваныя ўрадам.

Прынцыпова новым з'яўляецца ўключэнне ў кодэкс нормаў дэкрэтаў №5 і 29. Задача дэмакратычных прафсаюзаў — не дапусціць уключэння гэтых нормаў і пагаршэння Працоўнага кодэкса.

Аднак з юрыдычнага пункту гледжання для шараговых работнікаў нічога не зменіцца, таму што дэкрэты і так маюць сілу закона. Тое, што яны з'явяцца ў Працоўным кодэксе, ніяк не паўплывае на ўмовы працы працоўных. Зрэшты, трэба нагадаць, што дэкрэты носяць часовы характар і праз пэўны перыяд мусяць быць адмененыя. Менавіта на гэтым і настойваюць незалежныя прафсаюзы з 1999 года — з таго часу, як быў прыняты дэкрэт №29 «Аб дадатковых захадах для ўдасканалення працоўных адносінаў, умацавання працоўнай і выканаўчай дысцыпліны», што ўвёў кантрактную сістэму.

З тых часоў амаль усе працоўныя былі пераведзеныя на кароткатэрміновую форму найму. Пры гэтым пастановай Пленума Вярхоўнага Суда ад 26 чэрвеня 2008 года такая практыка прызнаная пагаршэннем прававога становішча працоўных. Гэта тлумачыцца проста: працоўныя страцілі права самастойна і без наступстваў звальняцца. Цяпер гэта магчыма толькі на падставе артыкула, пры змене месца жыхарства або паводле дамовы з наймальнікам. Да таго ж перад заканчэннем тэрміну дзеяння кантракту людзі хвалююца, ці падоўжаць з імі працоўныя адносіны.

Акрамя таго, у Працоўны кодэкс плануецца ўнесці нормы дэкрэта №5, у адпаведнасці з якімі адміністрацыя мае права істотна змяняць умовы працы. Гэта дае нам падставы казаць пра тое, што ў краіне існуе прымусовая праца.


Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) неаднаразова ўздымаў гэтыя пытанні на ўзроўні Міжнароднай арганізацыі працы і Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў.

Ва ўраду відавочна ёсць пэўная мэта, прычым гэта зусім не «ўзмацненне гнуткасці працоўных адносінаў» і «замацаванне сацыяльна-працоўных гарантый работнікаў», як было заяўлена. Бо працоўныя як былі на кароткіх ланцужках у выглядзе кароткатэрміновых кантрактаў, так на іх і застануцца. Да таго ж гэтыя нормы ніяк не паўплываюць на рост даходаў працоўных. Эканоміка нашай краіны па сваёй сутнасці савецкая, і — што істотна — яна ў цяперашняй сітуацыі не здольная рэфармавацца. Утрымаць такімі метадамі спецыялістаў, якія бягуць з Беларусі, улады ўсё адно не здолеюць.

Таму беларускі незалежны прафсаюз і прафсаюзы, якія ўваходзяць у БКДП, выступаюць не толькі супраць таго, каб нормы дэкрэтаў №5 і 29 былі ўнесеныя ў Працоўны кодэкс, але і за тое, каб цалкам гэтыя дэкрэты адмяніць. Перад пачаткам восеньскай сесіі мы даслалі больш за 110 лістоў з прапановай не галасаваць за гэтыя змены. Лісты былі дасланыя кожнаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, аднак мы атрымалі толькі з дзясятак адказаў.

На прадпрыемствах, там, дзе ёсць нашы пярвічныя арганізацыі, мы пачалі збор подпісаў за неўнясенне нормаў дэкрэтаў у Працоўны кодэкс. Збіраем электронныя подпісы пад петыцыяй.

Мы не збіраемся адмоўчвацца, нягледзячы на тое, што колькасць нашага прафсаюзу не супастаўная з колькасцю чальцоўў праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая ва ўнісон з «дэпутатамі» прасоўвае змены ў Працоўны кодэкс. Усё залежыць ад актыўнасці нашых людзей. Нішто не перашкаджае тым, хто нават не з’яўляецца чальцом нашага прафсаюзу, зайсці на сайт і паставіць подпіс супраць змяненняў у Працоўны кодэкс або накіраваць свайму дэпутату ліст з прапановай не галасаваць за гэтыя змены.

Калектыўныя дзеянні пацвердзілі сваю эфектыўнасць год таму, калі ўлады спрабавалі прыняць закон аб «дармаедах». Гэта добры прыклад таго, што, калі выступіць адзіным фронтам супраць глупства, дык станоўчыя змены прыходзяць.

Паводле praca-by.info



Дата стварэння навіны 06.11.2018

Возврат к списку