АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Балет «Анастасія» — пра вайну і каханне

Балет «Анастасія» — пра вайну і каханне
01.11.2018
У Вялікім тэатры Беларусі 30 і 31 кастрычніка прайшлі прэм’ерныя паказы балета «Анастасія» ў пастаноўцы Юрыя Траяна.

Новая пастаноўка, анансаваная як нацыянальны праект, стваралася з нуля. Музыку па замове тэатра пісаў Вячаслаў Кузняцоў, лібрэта Анатоль Дзялендзік, над мастацкім афармленнем спектакля і касцюмамі працавалі Аляксандр Касцючэнка і Кацярына Булгакава, піша Новы час. У галоўных партыях Анастасіі, Сямёна Слуцкага, Міхаіла Глінскага, хана Ахмата і яго дачкі Заіры занятыя вядучыя артысты тэатра Ірына Яромкіна, Антон Краўчанка, Юрый Кавалёў, Такатошы Мачыяма, Канстанцін Геронік, Вікторыя Трэнкіна, Аляксандра Чыжык і інш. (усяго падрыхтавана тры паўнавартасныя склады). Генеральным партнёрам пастаноўкі выступіў Беларуськалій.

Анастасія гістарычная
Пра Анастасію Слуцкую звестак захавалася не так ужо і багата, каб стварыць яе маляўнічы жыццяпіс. Хоць асобныя каларытныя факты, калі пагартаць навуковую і навукова-папулярную літаратуру, знайсці можна. Напрыклад, Кастусь Тарасаў у кнізе «Памяць пра легенды» піша, што ў 1503 годзе Анастасія «апрануўшы даспехі, вывела полк супраць татараў у поле», а ў манаграфіі Настассі Скеп’ян «Князі Слуцкія» прыводзяцца звесткі аб тым, што жанчына неаднаразова трымала абарону Слуцка і перад крымчакамі, і перад Міхаілам Глінскім, які сватаўся да яе пасля смерці мужа, але атрымаў адмову, з’яўлялася фундатаркаю некалькіх цэркваў, заклала ў горадзе ніжні замак, нанава ўмацавала верхні, і нават пасля паўналецця сына фактычна працягвала кіраваць Слуцкам.

Відавочна, Анастасія Слуцкая была жанчынай нешэраговай. Верагодна, менавіта гэтая выключнасць княгіні, а таксама той факт, што яе імя і гісторыя ўсё ж больш-менш вядомыя шырокай публіцы па кінастужцы «Анастасія Слуцкая», і прыцягнулі ўвагу мастацкага кіраўніка балета Юрыя Траяна.

«Анастасія» харэаграфічная
Сюжэт балета «Анастасія» сягае за сваёй галоўнай гераіняй у XVI стагоддзе, а гісторыя яго стварэння – у 2013 год, час прэм’еры балета Вячаслава Кузняцова-Юрыя Траяна «Вітаўт». Менавіта тады ў пастаноўшчыка нарадзілася ідэя стварыць спектакль, прысвечаны Анастасіі Слуцкай. Рэалізацыя ідэі заняла пяць год, а актыўны пастановачны працэс – каля двух месяцаў напружанай работы.

«Анастасію» Юрый Траян абачліва назваў «харэаграфічнай легендай», папярэдзіўшы, каб ад балета не чакалі дакладнага пераказу старажытных хронік у танцы. Анатолю Дзялендзіку выставілі толькі адно патрабаванне: каб лібрэта балета не было падобным да яго ж кінаверсіі гісторыі княгіні Слуцкай. Драматург, для якога «Анастасія» стала першым вопытам работы над балетным лібрэта, з гэтай задачай справіўся, аднак спектакль усё ж не пазбег падабенства са сваёй кінематаграфічнай сястрыцай у галоўным – неадназначнасці мастацкага выніку. 

Воля пастаноўшчыкаў ператвараць Міхаіла Глінскага ў станоўчага персанажа, які вызваляе зняволеную татарамі Анастасію, бо ў юнацтве іх ядналі рамантычныя пачуцці, і, замест таго, каб асаджаць Слуцк, пераходзіць на бок княгіні ў барацьбе з татарамі, нягледзячы на адмову прыняць яго каханне. У рэшце рэшт у выніку такіх фантастычных гістарычных метамарфозаў Міхаіл Глінскі паўстае ў балеце самым цікавым персанажам. На жаль, таго ж нельга сказаць пра галоўную гераіню. 

На перадпрэм’ернай прэс-канферэнцыі Юрый Траян адзначаў, што яму хацелася паказаць жыццё Анастасіі да яе «ратных подзвігаў», раскрыць, якія падзеі сфарміравалі характар гэтай жанчыны, засяродзіцца на «чалавечых сітуацыях і стасунках, шчырых маналогах, адносінах паміж мужчынам і жанчынай». Толькі прасачыць сталенне княгіні ў спектаклі складана. Уся гісторыя ў балеце, фактычна, зведзена ці не да банальных любоўных трохкутнікаў (Анастасія — Сямён Слуцкі — Міхаіл Глінскі, Міхаіл — Анастасія — Заіра), якія вызначаюць асноўныя калізіі ды матывацыю ўчынкаў герояў, а дзеянню бракуе дынамікі. У спектаклі Анастасія паўстае пяшчотнай, вернай мужу нават пасля смерці жонкай, клапатлівай маці для сваіх дзяцей і падданых, шчырай хрысціянкай з пачуццём уласнай годнасці, але ўсе гэтыя якасці яе характару як і сам вобраз дастаткова статычныя і адназначныя. Напэўна, каб адцяніць вобраз Анастасіі, у балеце ўзнік яшчэ адзін жаночы персанаж – дачка татарскага хана Ахмата Заіра. Калі Анастасія маці-абаронца, то ўсходняя ваяўнічая прыгажуня, якая разам з бацькам удзельнічае ў паходах, – разбуральніца. Заіра забівае Сямёна Слуцкага, а потым і Міхаіла, прычым у апошнім выпадку гэта не адплата за палітычную здраду, а помста закаханай жанчыны. Такое супрацьпастаўленне двух жаночых вобразаў яшчэ больш падкрэслівае станоўчасць Анастасіі, якая рэпрэзентуе набор «традыцыйных каштоўнасцяў». Магчыма, тут няма нічога благога, але ж ці не замала гэтага для стварэння запамінальнага сучаснага вобраза нацыянальнай гераіні, «беларускай Жаны Д’Арк»?

Гісторыя без этнаграфізму
«Анастасія» ў пэўнай ступені працягвае лінію оперных і балетных пастановак, распачатую яшчэ ў канцы ХХ стагоддзя, што звярталіся да падзей і асоб беларускай мінуўшчыны, якія за савецкім часам заставаліся ў ценю, і стваралі вобраз не гаротнай сялянскай Беларусі, а шляхецкай.

«Анастасію» сіламі мастакоў Аляксандра Касцючэнкі і Кацярыны Булгакавай «апранулі» ўмоўна ў слуцкія паясы замест лапцей. Вядома, паспрыяла гэтаму сама тэматыка, бо сюжэт усё ж не з жыцця сялян. На сцэне паўстаюць тэатралізаваныя шляхецкія строі канца XV – XVI стагоддзяў багатых барвовых адценняў, годна выглядае стылізацыя «народных» касцюмаў стрыманай шэрай гамы, выразна і ярка – татарскія ўбранні. 

Гістарычная эпоха пазнаецца ў касцюмах Анастасіі, дзе каларыстычнае рашэнне (белы, светлы вохрыста-жоўты і попельна-шэры) у чарговы раз падкрэслівае светлую натуру гераіні і вылучае яе фігуру на фоне насычаных колераў татарскіх строяў. 

Сцэнаграфія Аляксандра Касцючэнкі стварае вобраз, што адсылае да «сівой даўніны»: заслоны і кулісы нагадваюць ці то старонкі летапісу, ці то ўзорыстыя тканіны, якія спазналі дотык часу. Перыядычна ўзнікае на сцэне і амаль па-дзіцячаму наіўны вобраз заснежанага драўлянага Слуцка з макаўкамі цэркваў. Важным элементам, які паводле мастака павінен адразу ўказваць на нацыянальны характар пастаноўкі, з’яўляецца выкарыстанне ў афармленні ўзораў фрэсак з комплексу Спаса-Ефрасінеўскага манастыра. Яны ўспрымаюцца і як іконы, на якія моляцца Сямён ды Анастасія, і як сімвал духоўнасці гераіні, бо паводле пастаноўшчыкаў свае сілы яна чэрпае ў веры і ўспамінах пра мужа. Адзінае што лікі святых выглядаюць не зусім да месца падчас сцэн у татарскім стане. Аднак, «карцінка» атрымліваецца ў любым выпадку яркая і багатая.

Стваральнікі «Анастасіі» стараліся пазбегнуць ператварэння спектакля ў этнаграфічную паштоўку, але ж цалкам адмовіцца ад спакусы дадаць «нацыянальнага каларыту» не змаглі і ўвялі ў балет сцэну Калядаў. Вячаслаў Кузняцоў выкарыстаў у партытуры «Анастасіі» беларускія канты і фальклорныя інтанацыі, татарскі мелас, стварыў яркую і запамінальную музыку, якая выразна малюе дзве кантрасныя сферы, татарскага свету і свету Анастасіі, і з’яўляецца самым моцным складнікам пастаноўкі. Харэаграфія ж «Анастасіі» шмат у чым паўтарае «Вітаўта», але Юрый Траян і не адмаўляўся ад магчымасці падабенства двух сваіх балетаў. Падчас прэс-канферэнцыі ён нават назваў іх своеасаблівай дылогіяй. Спрактыкаваны ж глядач зможа заўважыць у харэаграфічнай мове «Анастасіі» багата спасылак на пастаноўкі Валянціна Елізар’ева, напрыклад, «Спартака», асабліва ў дуэтах і масавых сцэнах.

Крок да нацыянальнага рэпертуару
«Анастасія» не дасягнула ўзроўню сваёй папярэдніцы, «Рагнеды» Андрэя Мдзівані-Валянціна Елізар’ева, дзякуючы якой беларуская гісторыя і культура сталі вядомымі і атрымалі прызнанне ва ўсім свеце. Стварэнне новага, тым больш нацыянальнага спектакля, вядома, справа складаная, і добрыя намеры ды прафесіяналізм пастановачнай групы не гарантыя выдатнага выніку. Слушна і мудра выказаўся аб «Анастасіі» ў кантэксце фарміравання нацыянальнага рэпертуару Вялікага тэатра яго мастацкі кіраўнік Валянцін Елізар’еў: «Калі гэты спектакль кране вашэ сэрца – гэта ўдача, калі не – крок у патрэбным кірунку». Крок зроблены.


Кацярына Яроміна

Дата стварэння навіны 01.11.2018

Возврат к списку