АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Беларусь застаецца сярод краін «з несвабодным інтэрнэтам» — Freedom House

Беларусь застаецца сярод краін «з несвабодным інтэрнэтам» — Freedom House
01.11.2018
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавала справаздачу з ацэнкай ўзроўню свабоды інтэрнэту ў свеце (Freedom on the Net 2018).

У гэтым рэйтынгу Беларусь працягвае ўваходзіць у спіс краін «з несвабодным інтэрнэтам», паведамляе Радыё Свабода.

Скарачэнне інтэрнэт-свабод пад лозунгам барацьбы з «фэйкавымі навінамі»
Даследаванне, якое закранула 65 дзяржаў, было праведзена з чэрвеня 2017-га году па травень 2018.

Агулам, глабальны інтэрнэт у мінулым годзе стаў яшчэ менш вольным: эксперты адзначаюць паслядоўнае скарачэнне інтэрнэт-свабод па ўсім свеце ўжо восьмы год запар. Больш за тое, улады цэлага шэрагу краінаў на ўсю моц заняліся пабудовай «лічбавага аўтарытарызму» у сеціве, гаворыцца ў справаздачы. У многіх краінах свабода доступу да інтэрнэту была зніжаная ў сувязі з выбарамі і на падставе барацьбы з фэйкавымі навінамі.

У прыватнасьці, даклад Freedom on the Net 2018 адзначае, што прынамсі ў 17 краінах былі прынятыя або прапанаваныя законы, якія абмяжоўваюць інтэрнэт-СМІ ў імя барацьбы з «фэйкавымі навінамі» і анлайн-маніпуляцый. У 13 краінах грамадзян адзначана факты пераследу за распаўсюд нібыта ілжывай інфармацыі.

Даклад таксама адзначае, што ў 32 з 65 даследаваных краін былі зарэгістраваныя факты маніпуляцыі анлайн-дыскусіямі і іх зьместам з боку праўрадавых камэнтатараў, ботаў або троляў. Гэтая практыка, дадае Freedom House, стала значна больш распаўсюджанай і тэхнічна складанай у апошнія гады, часта пераходзячы ад адкрытых платформ, такіх як Facebook і Twitter, у закрытыя для абмену паведамленнямі аплікацыі, такія як WhatsApp.

Беларусь застаецца сярод краін «з несвабодным інтэрнэтам»
Паводле справаздачы, у параўнанні з папярэднім аналагічным пэрыядам, сітуацыя са свабодай у інтэрнэце ў Беларусі засталася нязменнай: яна займае 48-е месца з 65 паводле ўзроўню свабоды слова.

Згодна з дакладам Freedom House, у Беларусі, існуюць «праўладныя тролі, якія арганізоўваюць штучныя анлайн-абмеркаванні», пераследуюць і судзяць анлайн-блогераў і іншых карыстальнікаў інтэрнэту за палітычныя і сацыяльныя пасты, часта блакуецца палітычны, сацыяльны і рэлігійны кантэнт, а структуры, якія крытыкуюць дзяржаву, падвяргаюцца тэхнічным атакам, новы закон аб СМІ ўзмацніў кантроль над Інтэрнэтам і абмежаваў ананімнасць каментатараў.

Узровень свабоды інтэрнэту ў 2018 годзе знізіўся ў 26 з 65 краін
Паводле падлікаў Freedom House, узровень свабоды інтэрнэту ў мінулым годзе знізіўся ў 26 з 65 дзяржаваў-удзельнікаў рэйтынгу. Самыя жорсткія абмежаванні на сеткавую свабоду ўвялі ўлады Егіпта, Шры-Ланкі, Камбоджы, Кеніі, Нігерыі, Філіпінаў і Венесуэлы.

Негатыўны рэйтынг традыцыйна ўзначальвае Кітай — краіна, у якой дзейнічаюць самыя строгія абмежаванні ў сферы інтэрнэту, ён знаходзіцца на апошнім 65-ым месцы. У топ-10 лідэраў антырэйтынгу таксама ўвайшлі Іран, Сірыя, Эфіопія, Куба, В'етнам, Узбекістан, Саудаўская Аравія, Пакістан, Егіпет.

Топ-10 краін з самым вольным інтэрнэтам ўзначаліла Эстонія, за ёй ідуць Ісляндыя, Канада, Нямеччына, Аўстралія, ЗША, Вялікая Брытанія, Паўднёвая Афрыка, Японія і Грузія. Праўда, пры гэтым аўтары справаздачы пішуць пра зніжэньне ўзроўню інтэрнэт-свабоды ў Злучаных Штатах.

У пяцёрку краін, дзе свабода ў інтэрнэт-прасторы скарацілася за апошнія пяць гадоў больш за ўсё, увайшлі Украіна, Камбоджа, Турэччына, Венесуэла і Егіпет.

Freedom House ацэньвае свабоду ў інтэрнэце па дзевяці параметрах, сярод іх — выпадкі блакаванняў сацыяльных сетак, выпадкі блакаванняў палітычнага, сацыяльнага або рэлігійнага кантэнту, колькасць законаў, якія павялічваюць дзяржаўную цэнзуру, колькасць арыштаваных і асуджаных інтэрнэт-блогераў, а таксама наяўнасць «троляў», якія выказваюць у сеткавых дыскусіях праўладную пазіцыю.



Дата стварэння навіны 01.11.2018

Возврат к списку