АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Забойца гея Пішчэўскага выплачвае кампэнсацыю сваякам загінулага – па 9 рублёў у месяц

Забойца гея Пішчэўскага выплачвае кампэнсацыю сваякам загінулага – па 9 рублёў у месяц
29.10.2018
Родныя Міхаіла Пішчэўскага расказалі Радыё Свабода, што зьмянілася праз тры гады ад яго забойства – у іхнай сям’і і ў Беларусі.



Тры гады таму ў менскім шпіталі памёр Міхаіл Пішчэўскі — гей, якога мянчук Дзьмітры Лукашэвіч моцным ударам у галаву адправіў у кому, зь якой пацярпелы ўжо ня выйшаў.

Інцыдэнт адбыўся 25 траўня 2014 году каля менскага кафэ «Андэрворлд», дзе зьбіраліся людзі нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Паводле ўсіх прыкмет гэта была не выпадковая бойка, а менавіта напад на чалавека з прычыны ягонай адметнасьці.

Суд назваў гэта забойствам па неасьцярожнасьці

Перад сутычкай Лукашэвіч ужыў адносна наведнікаў кафэ абразьлівае слова «п...ры», на якое Пішчэўскі адрэагаваў пытаньнем: «Хто тут п...ры?». Гэтае пытаньне каштавала яму жыцьця.

Суд Цэнтральнага раёну Менску тройчы разглядаў гэтую справу і ў выніку прысудзіў Лукашэвічу 3 гады зьняволеньня за забойства па неасьцярожнасьці. Аднак такога абцяжваючага матыву, як гамафобія, у дзеяньнях забойцы суд не знайшоў.

Таксама зь Дзьмітрыя Лукашэвіча суд пастанавіў спагнаць кампэнсацыю за маральную шкоду і страты, якія сям’я пацярпелага панесла на лячэньне.

Маці Міхаіла Пішчэўскага Валянціне Фёдараўне суд пастанавіў кампэнсаваць 10 тысяч рублёў, сястры Тацяне і брату Віталю — па 5 тысяч рублёў.

Забойца на волі, але не працуе

Дзьмітры Лукашэвіч больш як год на волі, а да выхаду з калёніі пасьпеў кампэнсаваць сваякам Міхаіла Пішчэўскага агулам 220 рублёў, казала Свабодзе сястра нябожчыка Тацяна ў траўні мінулага году.

Лукашэвіч выплачвае кампэнсацыю сям’і забітага і цяпер, кажа Тацяна.

Маці Міхаіла Пішчэўскага ў судзе

«Ён пералічае нам з братам штомесяц па 2 рублі, а маці — 5 рублёў. Віталік казаў, што здымаў грошы, якія набраліся на картцы, мо якіх 20 рублёў, а я дык ніводнага разу не здымала, бо пакуль няма сэнсу. Як казала нам адвакат на працэсе, што мы гэтай кампэнсацыі ў прынцыпе не пабачым, гэтак і выходзіць».

Тацяна кажа, што пыталася ў судовай выканаўцы, ці можна паскорыць працэс выплаты кампэнсацыі, але тая сказала, што нічога зрабіць немагчыма. Паводле дадзеных суду, Лукашэвіч нідзе не працуе, жыве разам з маці, а маёмасьці, якую можна было б накіраваць на выплату кампэнсацыі, ніякай на ім не было і не дадалося.

— У выніку — сьмешныя грошы прыходзяць, гэтак 100 гадоў ня хопіць, каб дачакацца той кампэнсацыі, — кажа Тацяна.

Яна ня надта верыць, што прызнаны вінаватым у забойстве яе брата Дзьмітры Лукашэвіч амаль паўтара года нідзе не працуе.

— Ён паводле прафэсіі настаўнік фізкультуры, а да таго здарэньня працаваў у арганізацыі, якая займалася рамонтам гандлёвага абсталяваньня. Ня думаю, што проста сядзіць дома, склаўшы рукі. Але ня будзеш за ім пільнаваць, гэта ня нашая справа. Да нас ён не зьвяртаецца, мы да яго таксама. Калісьці быў тэлефон ягонай маці, але ведаю, што зьмяніўся. Кантактаў няма, — кажа Тацяна.

Ці была нянавісьць матывам?

З самім Лукашэвічам, які ўжо на волі, зьвязацца не ўдалося.

На судзе Дзьмітры Лукашэвіч стрымана выбачыўся за сьмерць Міхаіла Пішчэўскага перад ягонымі сваякамі. Пры гэтым ён казаў, што не хацеў забіваць, што «гэтак атрымалася», адмаўляў гамафобныя прычыны свайго ўчынку і настойваў, што гэта Пішчэўскі нібыта яго абразіў.

Аднак сябра Міхаіла Пішчэўскага, які быў сьведкам інцыдэнту, ніякай абразы на адрас Лукашэвіча з вуснаў Пішчэўскага ня чуў. Затое нават міліцыянты, якія затрымалі Дзьмітрыя Лукашэвіча неўзабаве пасьля злачынства, пацьвярджалі, што той спачатку не хаваў нянавісьці да геяў.

Сястра Міхаіла Пішчэўскага Тацяна мяркуе, што гэтая нянавісьць і стала прычынай забойства.

— Былі ж паказаньні міліцыянта на першым судзе, што Лукашэвіч казаў, як сеў да іх у аўтамабіль, што «п...ра нейкага ўдарыў». Але на другім судзе гэты міліцыянт нібыта ўжо забыў тыя словы. Хоць я іх дакладна памятаю, як памятаю і расповед маці Лукашэвіча пра тое, як шукала сына і ў міліцыі ёй тое самае казалі — за што ён зьбіў Мішу. Але потым гэта з судоў зьнікла, няма такой прычыны. Яе схавалі, — кажа сястра забітага гея Тацяна.

Як паўплывала сьмерць Пішчэўскага на грамадзтва?

На пытаньне, ці стала беларускае грамадзтва за тры мінулыя гады больш талерантным адносна ЛГБТ-супольнасьці, Тацяна адказала коратка: «Не, наадварот», — і падзялілася ўласнымі назіраньнямі.

— У мяне ж сын расьце, ужо фактычна дарослы, бачу па ім. Канечне, біцца ён ня будзе, але па сутнасьці пакуль, на жаль, да геяў такое ж варожае стаўленьне. Нічога і ня зьменіцца, бо рэальна на такія выпадкі ўвагі ніхто не зьвяртае, ці вельмі мала людзей зьвяртаюць. І новае пакаленьне вырастае з тымі ж стэрэатыпамі. Лічаць, што людзі, якія зь меншасьці, як ЛГБТ, гэта другасныя па якасьці людзі і ад іх варта трымацца далей. Нават дэманструюць да іх сваю варожасьць. Можа, нашы дзяўчаты ды жанчыны больш талерантныя, але большасьць мужчын застаюцца такімі ж.

27 кастрычніка ў Менску пройдзе вечарына памяці Міхаіла Пішчэўскага. На ёй пакажуць фільм пра ягоную справу, адбудзецца грамадзкая дыскусія аб праблемах стаўленьня беларускага грамадзтва да ЛГБТ-супольнасьці. Вечарына пройдзе ў «Галерэі Ў».



Дата стварэння навіны 29.10.2018

Возврат к списку