АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Не можа Акадэмія? Зробіць Шапран

Не можа Акадэмія? Зробіць Шапран
26.10.2018
Прэзентацыя кнігі «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія» Сяргея Шапрана прайшла 24 кастрычніка ў кнігарні «Логвінаў».

 «Нячаста так бывае, каб на прэзентацыю можна было прыйсці са сваім літаратурным героем», — пачаў Сяргей Шапран. Уласна, на прэзентацыі толькі два героі і былі (у адрозненне ад шматлікіх імпрэз, асветленых сузор’ямі гасцей).

Галоўнае пытанне вечара — а хто аўтар? Някляеў ці Шапран? «Адна справа пісаць пра Быкава, дзе ў падмурку кнігі — дакументы, і зусім іншая — пра Някляева, які сам сказаў, што няма ніводнага паэта, якога б не выдумалі, а калі яго ніхто не выдумляе, ён робіць гэта сам. Сваю біяграфію Уладзімір Някляеў піша гэтак жа, як паэзію». Пэўна, такі адказ азначае, што кніга напісаная ў суаўтарстве.


Сяргей Шапран зачытаў некалькі гісторый пра прыгоды паэта. Сам паэт чытаў вершы і казаў пра аўтара кнігі: «Ён праўдалюб, ён проста не можа напісаць не так, як было. Сваю працу ён робіць без аніякіх авансаў — і я кажу не пра грошы. Акадэмія навук не напісала двухтомнік пра Быкава — а Шапран сеў і напісаў. Калі Бураўкін адышоў, і ўсе казалі: трэба ўшанаваць, гэта ж такі паэт, за адну «Калыханку» яму помнік паставіць!.. Пагаварылі і разышліся. А Шапран сеў — і напісаў».
Кніга «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія» стваралася амаль сем гадоў. Размова ідзе не толькі пра інтэрв’ю з героем, але і пра аб’ёмную працу з дакументамі і фотаматэрыяламі, якім адведзеныя два асобныя вялікія блокі.

 «Днямі адзін з сяброў сказаў мне: як ты так не ўгадаў!.. Кніжку мала напісаць — трэба ў час яе выдаць, — са смехам згадвае Някляеў. — Маўляў, уяві, наколькі мацнейшы быў бы эфект, і літаўраў было б у дзесяць разоў больш, калі б гэтая кніга выйшла па смерці». І ўжо без смеху: «Я ўявіў. Ну так, пра мёртвых пяюць болей. Праўда, яны не чуюць».

Паэт прызнаў, што гэтая кніга многае дала яму самому: цяпер можна з адлегласці ацаніць свае ўчынкі, што называецца, прасачыць эвалюцыю героя. І аказалася, што гэта натхніла Уладзіміра Някляева на аповесць. Падрабязней пра яе паэт не казаў. Але згадаў, як цяжка далася праца над раманам пра Купалу, а заадно асудзіў даўнішні скандал з Каянам Лупакам.
Задалі пытанне пра здымак з Аляксандрам Лукашэнкам (фота ўвайшло ў змест кнігі). Уладзімір Някляеў не хацеў яго ўключаць, але здаўся пасля пытання Сяргея Шапрана: «Хіба гэтага не было?..» Здымак зроблены падчас адкрыцця Тэатра эстрады ў Мінску ў 1995 годзе. На той сустрэчы, па згадках паэта, прэзідэнт Рэспублікі Беларусь ухваляў ягоныя песні.

Запыталіся пра мужчынскае сяброўства: што яно значыць для Някляева? «Яно ёсць, і я не ведаю, як бы без яго пражыў. Я вельмі перажываў, калі страціў сяброў. Не толькі ў самым няўмольным сэнсе, але пасля 2010 года, калі многія ад сяброўства адмовіліся».

Так перайшлі да пазалітаратурнай дзейнасці Някляева. Паэт згадаў частае да яго пытанне: чаму ён вярнуўся ў Беларусь з замежжа? «Там я пісаў, так, але хто гэта будзе чытаць? Калі ў Магілёве ў школу пайшла адна беларускамоўная дзяўчынка, у Гродне — дзве, а заўтра — не будзе ніводнай?.. Толькі з гэтай прычыны я вярнуўся. Бо бачу, што ніякімі іншымі спосабамі сітуацыю не змяніць. Не ўдалося мне зрабіць тое, што хацеў — але зусім нічога не рабіць я не мог. Калі «адмяняецца» мова — «адмяняюцца» лёсы людзей, якія паклалі за яе жыццё. Што тады — расстраляныя маладыя хлопцы? Што тады — Бураўкін, Барадулін, Караткевіч? Пыл?! Як такое можна дапусіць?..»

Слова папрасіў журналіст Сяргей Ваганаў — прачытаў пару вершаў, прысвечаных Уладзіміру Някляеву. Завершылася імпрэза аўтограф-сесіяй.

Наста Грышчук, НЧ, фота аўтара



Дата стварэння навіны 26.10.2018

Возврат к списку