АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Александр Федута: У нас зʼявіўся шанец адправіцца ў рай!

Александр Федута: У нас зʼявіўся шанец адправіцца ў рай!
22.10.2018
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп абвесціў пра гатовасць сваёй краіны выйсці з дамовы аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці, падпісанай яшчэ Роналдам Рэйганам і Міхаілам Гарбачовым, паведамляе belsat.eu

 Калісьці менавіта гэтая дамова паклала канец гонцы ўзбраенняў, што пры канцы дабіла Савецкі Саюз.

Абгрунтаванне Трамп прывёў простае: Расея ўжо парушыла гэтую дамову, размясціўшы ракеты-носьбіты для транспарціроўкі ядравых боегаловак у Еўропе. Прэзідэнт ЗША меў на ўвазе памятны перавоз ракетаў на тэрыторыю Калінінградскай вобласці Расейскай Федэрацыі. Фармальна гэты крок не супярэчыў іншай дамове – дамове аб нераспаўсюдзе ядравай зброі, таму, верагодна, Барак Абама не стаў разаграваць міжнародныя стасункі. Трамп – чалавек больш радыкальны, тэмпература ў лазні яго не хвалюе: можна і папарыцца.

Джордж Буш, Рональд Рэйган, Міхаіл Гарбачоў, 1988  / Фота В.Зуфараў, В.Хрыстафораў, ТАСС

Я ўжо неяк пісаў: нам не пагражаюць гіпатэтычныя базы ў Польшчы ці Прыбалтыцы, нам (гэта значыць, Беларусі) пагражае ракетная ўстаноўка ў Калінінградзе. І не таму, што гэтыя ракеты будуць нацэленыя на нас. А таму, што іншыя ракеты, амерыканскія, непазбежна будуць нацэленыя на расейскую тэхніку.

І калі, крый Божа, нешта здарыцца, то, як і заявіў прэзідэнт Пуцін, насельніцтва Калінінграду і наваколля наўпрост і адразу адправіцца ў рай, да свайго земляка Імануіла Канта, а вось нам давядзецца некаторы час пажыць і памучыцца, бо наступствы ядравага ўдару будуць катастрафічныя – прыкладна такія ж, як наступствы Чарнобыльскай аварыі. Толькі там Гарадзенская, Берасцейская і Віцебская вобласці засталіся амаль чыстыя, і цяпер, не давядзі свет, менавіта яны атрымаюць «кампенсацыю» ў выглядзе заражаных аблокаў. Гэта значыць, таксама адправяцца ў рай, але з некатораю затрымкай у пекле.

Аператыўна-тактычны комплекс Іскандер. Фота, РИА Новости

Гэта – адная небяспека. Іншая – у нашым геапалітычным становішчы і нашых саюзніцкіх абавязках. Калі хтосьці не ведае, за выключэннем Калінінграду іншых тэрыторый, якія ўразаюцца ў Захад, на еўрапейскай частцы кантыненту ў Расеі няма. Затое такая тэрыторыя ёсць у Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Уласна кажучы, гэта Рэспубліка Беларусь.

Мы так доўга крычалі (мы – гэта кіраўніцтва Беларусі), што нам пагражаюць то два самалёты НАТО ў дзяржавах Балтыі, то польскія падраздзяленні НАТО, што зараз дарагія саюзнікі цалкам могуць заявіць:

– Спакойна! Мы вас абаронім! Тым больш, што пагроза навідавоку!

І вось ад гэтай абароны адмовіцца будзе падазрона цяжка. Бо ад расейскай авіябазы адмовіцца было магчыма на падставе таго, што мы, маўляў, і самі з вусамі. Але ракетаў, каб абараняцца ад іншых ракетаў, у нас папросту няма. І так доўга крычалі «Воўк! Воўк!», як нашае кіраўніцтва будзе адмаўляцца цяпер ад сабакаў для абароны ад гэтага ваўка? Сабакі, праўда, будуць і самі падазрона драпежныя, аднак… Паспрабуй адмоўся – раз крычаў, – саюзнікі з задавальненнем выслухаюць цяпер вашую аргументацыю:

– Што вы кажаце, Аляксандр Рыгоравіч? Вам ніхто не пагражае? Ай-ай, як цікава атрымліваецца. А нам вось пагражаюць. І вы, дарагі саюзнік, не жадаеце нам дапамагчы? А за што мы вам грошыкі плоцім?

Вывад ядравай зброі з Беларусі. Фота http://90s.by/

Нашыя геапалітычныя стратэгі паводзілі сябе як бараны, калі думалі, што гадзіна зʼяўлення гэтых сабак на нашай паляне не наступіць ніколі. Міфічны воўк перарос у ваўка рэальнага, значыць, і сабакі будуць рэальныя. Тым больш, што кажуць, быццам пускавыя ўстаноўкі пад Гомлем цалкам працаздольныя. Ракеты Беларусь пад вой і крыкі тагачаснага памочніка прэзідэнта Віктара Кучынскага яшчэ ў мінулым стагоддзі разрэзала, ну а шахты ніхто бетонам заліваць не прапаноўваў.

Мне ўжо кажуць:

– Пакуль будзе Лукашэнка, ядравай зброі на беларускай тэрыторыі не будзе.

Я з задавальненнем выслухаю гэтыя ж словы ад самога прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дачакаюся наступстваў гэтай пераканаўчай і, як заўсёды, абгрунтаванай заявы.



Дата стварэння навіны 22.10.2018

Возврат к списку