АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Курсантка Ваеннай акадэміі: Кіраваць БМП? Не складаней, чым аўто

Курсантка Ваеннай акадэміі: Кіраваць БМП? Не складаней, чым аўто
18.10.2018
Ваенная справа, якая здаўна лічылася выключна мужчынскім заняткам, зараз прыцягвае і дзяўчат.

У 2016 годзе на агульнавайсковы факультэт паступілі адразу дзве прадстаўніцы прыгожага полу. З адной з іх — Валерыяй Зышчык, якая вучыцца ўжо на трэцім курсе, і сустрэліся карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены», каб даведацца пра тое, наколькі складана насіць пагоны на жаночых плячах.

Валерыя вучыцца па спецыяльнасці «практычная псіхалогія ў ваеннай справе». Са сваім будучым жыццёвым шляхам вызначылася яшчэ ў дзяцінстве.

— Калі мне было 11 гадоў, я пабывала ў Маскве. Там убачыла сувораўцаў у форме, якія ішлі страявым крокам, і мяне гэта зачаравала. Прыехаўшы дадому ў Пінск, мы з бацькам пачалі шукаць інфармацыю. А калі мне споўнілася 12, у кадэцкім вучылішчы ў Баранавічах адкрылі набор для дзяўчат. Шэфамі ўстановы з'яўляюцца афіцэры і курсанты агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі, яны прыязджалі да нас і расказвалі пра вучобу ў сталіцы. Так і вырашыла, што трэба выбіраць прафесію, якая мне па душы і звязана з якой-небудзь сілавой структурай. Чаму псіхалогія? Гэтай сферай дзейнасці цікавілася даволі даўно. Я хачу пастаянна развівацца, удасканальваць сябе не толькі ў адным кірунку, на працягу ўсяго жыцця вучыцца, самаразвівацца, адкрываць для сябе нешта новае.

— Наколькі складана было паступіць у кадэцкае вучылішча?


— Меркавалася ўзяць толькі дзвюх дзяўчат, а заяў было значна болей. Шмат адсеялася на псіхалагічным адборы і на фізкультуры. А я ж прафесійна займалася танцамі, баскетболам, лёгкай атлетыкай. Праблем з фізічнай падрыхтоўкай не было, і таму прайшла па конкурсе. У кадэцкім вучылішчы я правучылася чатыры гады. Акцэнту на тым, што я дзяўчына, не было. Праграма была агульная для ўсіх. А калі паступала ў Ваенную акадэмію, то падрыхтавала запасны варыянт. Калі б не ўдалося трапіць па конкурсе сюды, то пайшла б вучыцца ў БДУ на псіхолага.

— Але ўсё атрымалася!?

— Так. Мне раілі Акадэмію МУС, Камандна-інжынерны інстытут МНС. Але па розных прычынах я гэтыя варыянты не разглядала. Пашанцавала, што калі выпускалася з кадэцкіх шэрагаў, то ў Ваеннай акадэміі адкрылі набор псіхолагаў-дзяўчат. Таму я, можна сказаць, першапраходзец. Лічыце, са 105 курсантаў, 14 з якіх — псіхолагі, дзяўчыны ўсяго дзве. Працэс адаптацыі прайшоў дастаткова хутка. Я не разумела спачатку спецыфіку навучання, бо ў кадэцкім вучылішчы ўсё інакш, па-іншаму расстаўлена кіраўніцтва. Але даволі хутка ўцягнулася. Цікава, што ў нас вучыцца дзесяць чалавек з Пінска, але да сустрэчы ў Акадэміі ніхто адно аднаго не ведаў!

— А калі б склалася інакш і давялося ісці ў грамадзянскую ВНУ...

— Так, часам я ўяўляю звычайнае жыццё сярэднестатыстычнага студэнта з яго разняволенасцю. Але кім бы я там была? Я ўсё ж такі дастаткова рана ўцягнулася ў ваенную падрыхтоўку. І нават калі гляджу на сваіх аднагодкаў, гутару з сябрамі, то адчуваю пэўную сталасць. Вайсковае жыццё дысцыплінуе, і гэта цудоўна. А на грамадзянцы так многа спакус і ляноты...

— Які твой распарадак дня?

— Прачынаюся ў 5.30. Зарадка пачынаецца ў 6.15. Для гэтага трэба прыйсці на тэрыторыю Акадэміі, паколькі мы жывём у інтэрнаце па-за яе межамі. Калі вяртаемся, то ў нас усяго 20 хвілін, каб пераапрануцца і ісці на ранішні агляд і на сняданак. Як правіла, у дзень — чатыры пары, з 8.30 да 14.40. Пасля абед і самападрыхтоўка з 16.00 да 19.30. І толькі пасля вячэры я вяртаюся назад у інтэрнат...


— А ў выхадныя?

— Субота ў нас — звычайны навучальны дзень. Заняткі ідуць да абеду, пасля яго ў інтэрнаце пачынаецца парка-гаспадарчы дзень, як і ў войску. Затым вячэра і назад. У нядзелю пад'ём а сёмай гадзіне. Пасля сняданку глядзім праграму «Арсенал», займаемся спортам і з гадзіны дня наступае вольны час. Бываюць, праўда, тыдні, калі крыху стамляешся і фізічна, і маральна. Але гэта праходзіць. Дастаткова толькі з'ездзіць у звальненне, балазе з вучобай у мяне праблем няма. Як і ў звычайным жыцці, проста трэба на некаторы час змяніць абстаноўку. Ды і адпачынак пасля кожнай сесіі дапамагае. Узімку ён доўжыцца 12 сутак, а ўлетку — цэлы месяц.

— З чаго складаецца навучальны працэс?

— Ён у нас агульны як для хлопцаў, так і для дзяўчат. Праграма ўключае прадметы па псіхалогіі — асобаснай, ваеннай, узроставай, педагагічнай. Прычым элемент псіхалогіі ёсць ужо непасрэдна ў моманце знаходжання ў замкнёным калектыве. Так і выпрабоўваем адно на адным метады візуальнага назірання, якім нас вучаць. І канешне ж, ёсць дысцыпліны, без якіх не можа абысціся кожны афіцэр, — тактыка, баявая падрыхтоўка, агульнавайсковы статут, страявая падрыхтоўка, ваенна-інжынерная, будова і эксплуатацыя бранятанкавай тэхнікі, кіраванне падраздзяленнямі ў мірны час. Зараз мы нават вучымся кіраваць баявой машынай пяхоты (БМП). На першы погляд падаецца, што гэта вельмі складана. І спачатку нават крыху баішся. Але аказваецца, што гэта прасцей, чым кіраваць звычайным аўтамабілем.

На першым курсе мы шмат бегалі на спартыўнай падрыхтоўцы. Марш-кідкі на 10 кіламетраў былі звычайнай справай. Выкладчык па фізкультуры вучыў нас сакрэтам рукапашнага бою. Ён быў дастаткова патрабавальны. Яшчэ мы вучыліся па бразільскай сістэме — гэта калі ўсе практыкаванні робяцца адразу цэлай камандай. У выніку для мяне прабегчы 10 кіламетраў усё роўна, як цывільнаму чалавеку прайсціся ў прадуктовую краму.

— Тэорыя псіхалогіі павінна падмацоўвацца практыкай...

— Стажыроўка будзе пасля трэцяга курса — усяго адзін раз на чатыры гады. Мы выязджаем на месяц у злучэнні, дзе працуем непасрэдна з салдатамі і афіцэрамі. Справа ў тым, што ў псіхолагаў ва Узброеных Сілах толькі адна пасада — псіхолаг батальёна.

— Што самае галоўнае ты вынесла за час вучобы?
— Тое, што ніколі не трэба здавацца. Як бы цяжка ні было, але пасаваць перад складанасцямі нельга ні ў якім разе. Заўсёды можна знайсці рашэнне, прыняць яго і выканаць. Так, ёсць пераломныя моманты, але іх трэба проста перажыць. Пачытаў кнігу, пагуляў у баскетбол, валейбол — і ўсё бачыцца ўжо не такім сумным.

Валяр'ян ШКЛЕННІК, Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ, zviazda.by


Дата стварэння навіны 18.10.2018

Возврат к списку