АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Сіндром халопа»

«Сіндром халопа»
15.10.2018
Краўцэвіч пра нацыянальную хваробу беларуса.  На працягу апошніх трох стагодзьдзяў у беларускіх масах, як вядома пераважна сялянскіх, прышчапілася хвароба, якую можна акрэсьліць як «сіндром халопа».

 Сутнасьць яе ў падсьвядомым адчуваньні сваёй нацыянальнай непаўнавартасьці, ніжэйшасьці, другаснасьці ў параўнаньні зь іншымі народамі, найперш пануючымі над Беларусьсю, паведамляе радыё Свабода.

У далёкім мінулым у Расіі і Беларусі ўзьніклі два блізкія па гучаньні, але істотна розныя па значэньні тэрміны: «хлоп» у беларусаў па дакумэнтах XVI — XVII ст. азначаў селяніна, «халоп» у маскавітаў быў сынонімам слова раб. Адсюль наш зварот да моладзі «хлопцы» і расійскае знакамітае з фільма Леаніда Гайдая: «Чей холоп будешь?»

Спачатку шляхта ў Вялікім Княстве Літоўскім, стаўшы часткай Рэчы Паспалітай, здабыўшы залатыя вольнасьці шляхты польскай, пачала пераймаць польскую мову і культуру, а потым і мэнтальна стала палякамі. Потым нас забрала Расія, якая не жадала прызнаваць беларусаў самастойным народам. Адсюль на працягу апошніх стагодзьдзяў, каб «стаць чалавекам», «выбіцца ў людзі», беларусу патрэбна было далучыцца да іншай «вышэйшай» культуры — расійскай ці польскай. Дзеля гэтага належала адмовіцца ад усяго свайго: ладу жыцьця, звычаяў, мовы і нават прозьвішча. Беларус Лакóтка станавіўся Лакаткó, а Казёл пераўтвараўся ў Кóзела.

Цікава, што падобных г. зв сялянскіх народаў у нашай частцы Эўропы было даволі шмат, напрыклад, славакі, славенцы, тыя ж літоўцы, у значнай ступені ўкраінцы і латышы. Толькі іх гісторыя павярнулася трохі ў лепшы бок.

Галоўнае, беларусам пасьля першай усясьветнай вайны не ўдалося абараніць незалежную дзяржаву, а створаная бальшавікамі БССР аказалася прыладай русыфікацыі і пасткай для нацыянальнай інтэлігенцыі, якая якраз ня мела комплексу непаўнавартасьці.

Нават пасьля здабыцьця краінай незалежнасьці ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя сіндром халопа працягвае глыбока і моцна сядзець у сьвядомасьці/падсьвядомасьці беларускага насельніцтва, пачынаючы ад самага простага і да самага высокага чыноўнага люду. У ролі пана — аб’екта халопства — традыцыйна выступае Расія.

Тут і расійскія айчынныя войны аб’яўляюцца айчынна-беларускімі, тут і помнікі расейскім дзеячам, гарадавым, казакам і дэсантнікам. Тут і татальнае насаджваньне расейскай мовы ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Тут і з вуснаў беларускага дыктатара гучаць слоганы кшталту «беларусы — расійцы са знакам якасьці», ці «мы і рускія — адзін народ», або «Магілёў — расейскі горад». Апошні гучыць асабліва дасьціпна, калі хто ведае як магілёўцы ў 1661 г. абышліся з расейскімі стральцамі — выразалі ўсю царскую залогу.

А ў лукашэнкавай Беларусі сіндром халопа са сфэры нацыянальнай лягічна пераходзіць у сацыяльную і ў навейшую гісторыю ўваходзіць вытанчана-халопскі дыялёг:

« -  Я ж не Бог.
— Вы немножко выше!
— Ну, спасибо!»


Дата стварэння навіны 15.10.2018

Возврат к списку