АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«У прэзідэнта былі слёзы на вачах». Новы кліп Ланской здымалі ў бацькоўскай хаце Лукашэнкі

«У прэзідэнта былі слёзы на вачах». Новы кліп Ланской здымалі ў бацькоўскай хаце Лукашэнкі
11.10.2018
Хацелі ўбачыць дом Лукашэнкі? Калі ласка — у новым кліпе Алены Ланской на песню «Куточак Беларусі».

 Відэа здымалі ў Александрыі — вёсцы, дзе нарадзіўся і жыў Аляксандр Лукашэнка. «Гэты кліп не пра кагосьці асабіста, але ён пра кожнага з нас. У гэтым зборным вобразе дзяцінства кожнага беларуса ёсць і эпізоды з дзяцінства нашага кіраўніка дзяржавы», — распавяла TUT.BY Алёна Ланская.

У пачатку кліпа салідны мужчына ў класічным чорным паліто адчыняе калітку вясковай хаты — той самай прэзідэнцкай у Александрыі, — заходзіць у хату, сядае за стол, адкрывае фотаальбом. Той «ажывае» карцінкамі з дзяцінства. Вось хлопчык бяжыць па полі, імчыць на старэнькім «даросліку» з авоськай хлеба міма гусей, косіць траву, арэ поле, сячэ дровы, ловіць рыбу, дапамагае маці даіць карову і пілаваць бярвенне пілой «Дружба».

«Рабочыя» кадры змяняюцца карцінкай Александрыйскай школы, у якой вучыўся кіраўнік Беларусі. Ёсць у кліпе і дранікі, схопленыя з патэльні, і галоўны ласунак вясковага дзяцінства: чорны хлеб з варэннем.

Пры стварэнні кліпа перш за ўсё адштурхоўваліся ад песні, кажа аўтар сцэнарыя і рэжысёр відэа Ганна Герт:

— Сама песня прадыктавала такое прачытанне: гэта дзяцінства, успамін пра месца, дзе ты яго правёў. Калі мы абмяркоўвалі канцэпцыю, усё сышлося на дзяцінстве ў вёсцы. У мяне яно прайшло там, у Алены таксама. Гэтую тэму мы і вырашылі раскрыць.

Падчас абмеркавання сышліся на тым, што ўспаміны пра дзяцінства ў вёсцы — гэта ўспаміны пра цяпло, сонца, пра дом і бацькоў, пра сяброў.

Аўтар сцэнарыя Ганна Герт кажа, што прадзюсарскі цэнтр «Спамаш» першапачаткова паставіў шэраг умоў: здымкі павінны праходзіць у Александрыі, у кліпе павінна быць раскрытая тэма Купалля — відэа прэзентавалі на свяце «Александрыя збірае сяброў». Па словах рэжысёра, яе задачай па вялікім рахунку было візуальна перадаць настрой і цёплыя ўспаміны пра дзяцінства.

Кліп рабіўся дзевяць месяцаў, здымкі занялі пяць дзён.

Алёна Ланская ўспамінае, як у вобразе Купалінкі правяла тры гадзіны ў цэнтры возера ў лодцы, якая працякала:

— Здымкі праходзілі ў канцы кастрычніка, у глыбокую восень. Было жудасна холадна, А я была ў тонкай шыфонавай сукенцы. Як толькі я крочыла на зямлю, хлопцы — у нас была выдатная каманда — тут жа развялі вогнішча, і каля яго я адагравалася яшчэ каля гадзіны — мяне жудасна трэсла. Але мастацтва, як той казаў, патрабуе ахвяр.

Здымкі Алены ў лодцы — гэта асобная песня, пацвярджае Ганна Герт. У той дзень было так холадна, што, нягледзячы на восень на календары, усе былі ў зімовых куртках.

— А ад вады ішоў яшчэ большы холад. Пад канец гэтая лодка, якую мы знайшлі ў вёсцы, наогул пачала падцякаць, так што Алёна яшчэ і вымакла. Яна адпрацавала ў такіх нечалавечых умовах, бедненькая, і так прафесійна — нават мужчыны былі ў захапленні ад прафесіяналізму артысткі, у якой на твары ні адзіны мускул не крануўся, - захапляецца рэжысёр.


Яна таксама ўзгадвае маленькага магілёўца Андрэя Рэўта, які ўвасобіў зборны вобраз басаногага вясковага дзяцінства:

— За адзін здымачны дзень ён навучыўся і дровы калоць, і рыбу лавіць, і касу вастрыць, і за канём хадзіць. У яго, вядома, было мора ўражанняў.

Алёна Ланская кажа, што кожны год прыязджае на фестываль у Александрыю, размаўляе з мясцовымі і кожны раз радуецца іх адкрытасці, гасціннасці, шчырасці.

- Падчас адной з такіх гутарак жыхары распавялі, наколькі ім камфортна там жывецца, наколькі прэзідэнт выказваецца вельмі цёпла і трапятліва аб сваёй малой Радзіме — пра Александрыю, месца, дзе ён правёў сваё дзяцінства. Яшчэ зусім нядаўна аб гэтай тэме нічога не было вядома, гэта не афішавалася. Мала хто ведаў пра тую ж Трафімаву крынічку. Так, у кліпе ёсць эпізоды з дзяцінства нашага кіраўніка дзяржавы. Але ў цэлым мы паказалі зборны вобраз дзяцінства ўсіх беларусаў, кожнага з іх. Хтосьці нарадзіўся ў вёсцы, хтосьці ездзіў туды летам. Я вас запэўніваю: кожны ў гэтым кліпе пазнае сябе. Вядома, не ва ўсіх дзяцінства было лёгкім, трэба было дапамагаць бацькам, выконваць хатнія абавязкі, глядзець за гаспадаркай, бо жыццё ў вёсцы - гэта цяжкая праца. Але памяць захоўвае толькі самае лепшае, таму і кліп, я лічу, у нас атрымаўся такім добрым, і, магчыма, месцамі шчырым.

Ганна Герт кажа, што ў зборны вобраз хлопчыка, несумненна, многія ўбачаць кіраўніка дзяржавы — прынамсі, тыя, хто ведае яго біяграфію. Хоць гісторыя атрымалася, увогуле, тыповай для любой вёскі.

— Так можна сказаць: «Так, гэта ролік пра прэзідэнта»?

— Лепш спытаеце аб гэтым у «Спамашы».

— Прэзідэнт дзякуй казаў?

— Не, — смяецца. — Але знаёмыя, якія здымалі свята ў Александрыі, дзе прэзентавалі кліп на вялікім экране, казалі, што ў яго былі слёзы ў вачах. І відэа з канцэрту дасылалі, пераклад НН.



Дата стварэння навіны 11.10.2018

Возврат к списку