АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Ці па кішэні Расіі «Іскандэры» ў Беларусі?

Ці па кішэні Расіі «Іскандэры» ў Беларусі?
10.10.2018
Якімі могуць быць страты Беларусі ад расійскай вайсковай прысутнасці і ці зможа іх кампенсаваць Масква?

Пасля перамоваў Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы нам казалі, што «канкрэтным сэнсам» яны напоўняцца ў наступныя сустрэчы. Адна з такіх ужо адбылася — у Душанбэ падчас саміту кіраўнікоў дзяржаў СНД. Уласна сустрэча кіраўнікоў Расіі і Беларусі запланаваная не была, аднак яны каротка перамовіліся ў кулуарах.

Кіраўнік Беларусі анансаваў тыя перамовы так, што, маўляў, будзе канчаткова развязаная праблема вяртання Расіяй экспартных пошлін за нафту ў беларускі бюджэт. Пра гэта дасюль нічога невядома. Аднак нечакана Лукашэнка ў чарговы раз абрынуўся на злавеснае NATO, якое цягне свае кіпцюры да нашых межаў: «Улічваючы яшчэ і тыя небяспекі і выклікі, якія ўтойваюць у сабе дзеянні заходніх дзяржаў і NATO каля нашых межаў, ля межаў Саюзнай дзяржавы».

Прычым, падступнага ворага абвінавацілі яшчэ і ў тым, што «з падачы Захаду безапеляцыйна, у аднабаковым парадку руйнуецца ствараемая дзесяцігоддзямі сістэма міжнароднага гандлю».

Праўда, невядома, што пры гэтым меў на ўвазе Аляксандр Рыгоравіч, бо асноўныя «гандлёвыя войны» ў нас вядуцца не з заходнімі партнёрамі, а якраз з усходнім. Больш за тое, вялікі профіт Сінявокая атрымлівае не ад заходніх санкцый, а ад расійскіх «антысанкцый», якія забаранілі ў нашага ўсходняга саюзніка еўрапейскія харчы.

Што ж да NATO, меркаванай амерыканскай базы ў Польшчы і «сіметрычнага адказу» — размяшчэння ў Беларусі расійскага вайсковага аб’екту, то тут узнікае вялікі шэраг пытанняў. Маскоўскія каментатары кажуць, што ў адказ на развязанне эканамічных праблемаў Мінск не будзе пярэчыць стварэнню ваеннай базы РФ. Кажуць ужо нават не проста пра «Іскандэры», а пра «паўнавартасную расійскую ваенную базу з авіяцыяй, танкамі і пяхотай».

Фота gazeta.pl

Насамрэч, гэтае пытанне значна больш складанае, чым «наш адказ NATO». Беларусь мяжуе не толькі з Польшчай.

Можна адназначна сказаць, што змяшчэнне на нашай тэрыторыі такога аб’екта выкліча рэзка адмоўную рэакцыю на Поўдні — ва Украіне. Што Беларусі, канешне, абсалютна нявыгадна.

Украіна нам нават важнейшая за Расію. Безумоўна, у Расію ў нас ідзе львіная доля экспарту, яна — асноўны пакупнік беларускай прадукцыі. Але станоўчае сальда знешняга гандлю ў нас менавіта з Украінай. То-бок, нягледзячы на велізарнейшы таваразварот, у Расіі мы грошы губляем, а ва Украіне — зарабляем.

Украінцы вельмі нервова рэагуюць на ўсялякія «небратэрскія» паводзіны Беларусі. Аднойчы, праз галасаванне ў ААН пра Крым на карысць Расіі, гарачыя казацкія галовы паспрабавалі арганізаваць грамадскі байкот беларускай прадукцыі. Чым адгукнецца стварэнне на нашай тэрыторыі вайсковай базы краіны, з якой у Украіны вайна, — цяжка ўявіць.

Расійскі вайсковы аб’ект на нашай тэрыторыі, напэўна, канчаткова пахавае Мінск як перамоўную пляцоўку па разрульванні сітуацыі ў Данбасе. Можна шмат казаць пра тое, што «Мінскія дамовы» і «Мінскі працэс» паўмёртвыя, аднак менавіта на гэтым грунтуецца «наша ўсё» — сусветны імідж Беларусі як «донара стабільнасці ў рэгіёне». Пакуль Сінявокай, нягледзячы на агульную з Расіяй знешнюю палітыку і вайсковыя вучэнні «Захад–2017», коштам неймаверных дыпламатычных высілкаў удавалася захоўваць выгляд нейтралітэту. Гэты выгляд, у сваю чаргу, дазваляў захоўваць і перамоўную пляцоўку ў Мінску, на што заўсёды звяртала ўвагу нашае знешнепалітычнае ведамства ў перамовах з заходнімі партнёрамі.

І раней ва Украіне, пры несяброўскіх паводзінах Беларусі, выступалі за перанос гэтай пляцоўкі. Але выступалі квола. Са з’яўленнем у Беларусі паўнавартаснай расійскай вайсковай базы ні пра які нейтралітэт казаць і не выпадае. А таму Мінск, найверагодна, гэтую пляцоўку страціць — разам з іміджам «донара стабільнасці».

Тым больш, што альтэрнатыва беларускай сталіцы знойдзецца вельмі хутка — такі прывабны дыпламатычны кавалак шмат каго цікавіць. У студзені гэтага года прыняць перамоўшчыкаў быў не супраць Нурсултан Назабраеў. Тады беларускі МЗС, у чарговы раз падкрэсліўшы, што Беларусь на ролю міратворцы «не напрошвалася», насамрэч даў казахскаму лідару даволі жорсткі адлуп.

Але, калі ў нас з’явіцца расійская вайсковая база, пра прапанову Назарбаева ўзгадаюць многія. Перш за ўсё ва Украіне.

І ўжо дакладна само сабою вырашыцца пытанне, якое падняў Лукашэнка пасля Сочы — пытанне ўзмацнення мяжы з Украінай. Нашы паўднёвыя суседзі будуць вымушаныя яе ўзмацняць, каб расійская база «супраць NATO» не ператварылася ў базу «супраць Украіны», што насамрэч даволі верагодна.

Ва ўсім свеце страты магчымасцяў і іміджавыя страты маюць і грашовае вымярэнне. У нашым выпадку іміджавыя страты будуць такімі, што значна пераўзыдуць і «ператоможку» расійскай нафты, і нават той прыбытак, калі раптам (што неверагодна) скончацца ўсе нашы войны з Рассельгаснаглядам.

Гэтыя страты павінен нехта кампенсаваць. І вельмі сумняваюся, што ў Расіі зараз ёсць такія грошы. Імідж каштуе вельмі дорага, піша Новы час.


Дата стварэння навіны 10.10.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку