АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

У Беларусі жывуць 300 тысяч чалавек з псыхічнымі захворваньнямі. Як ім знайсьці працу

У Беларусі жывуць 300 тысяч чалавек з псыхічнымі захворваньнямі. Як ім знайсьці працу
10.10.2018
Амаль 4% дзяцей у Беларусі маюць псыхічныя і паводзінныя разлады.

10 кастрычніка адзначаецца Сусьветны дзень псыхічнага здароўя. У Беларусі жывуць звыш 300 тысяч чалавек з псыхічнымі захворваньнямі, і некаторыя зь іх хочуць і могуць працаваць. Але не заўсёды ім удаецца знайсьці працадаўцу, гатовага іх наняць, піша радыё Свабода.

Клюбны дом «Адкрытая душа» ў Менску займаецца рэабілітацыяй такіх людзей, дапамагае юрыдычнымі кансультацыямі і пошукам патэнцыйных працадаўцаў.

Вольга Рабчынская, дырэктарка «Адкрытай душы», расказвае, што сябры клюбу сутыкаюцца ў асноўным зь дзьвюма праблемамі:

Атрымаць мэдыцынскія рэкамэндацыі;
Знайсьці працадаўцу, які не збаіцца ўзяць на працу чалавека з псыхічным захворваньнем.

«Ня хочацца хлусіць і ўтойваць, — тлумачыць Вольга. — Хочацца шчыра сказаць, што так, я хварэў, але цяпер я гатовы працаваць».

 Амаль 4% дзяцей у Беларусі маюць псыхічныя і паводзінныя разлады
У Беларусі на 2017 год больш чым кожнае 26-ае непаўналетняе дзіця мела псыхічныя і паводзінныя разлады (ня ўлічваючы захворваньні, зьвязаныя з ужываньнем псыхаактыўных сродкаў) — 3920,3 выпадкі на 100 тыс насельніцтва. Гэтая лічба, аднак, зьніжаецца: у 2013 годзе псыхічныя і паводзінныя разлады мела кожнае 22-е няпоўнагадовае дзіця (4517,8 на 100 тыс насельніцтва), паведамляе Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Разам з тым, за апошнія тры гады павялічылася колькасьць зваротаў непаўналетніх па дапамогу ў сувязі з нэўратычнымі, зьвязанымі са стрэсам і саматаформнымі разладамі (з 240,3 на 100 тыс насельніцтва ў 2015 годзе да 247,3 у 2017 годзе).

Колькасьць непаўналетніх, якія пакутуюць на разлады, зьвязаныя з ужываньнем псыхаактыўных сродкаў, з 2013 году зьменшылася на 6,2% (цяпер гэта 797,2 на 100 тыс.нас.)

Паводле ацэнак Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя:

Прыкладна ў 20% дзяцей і падлеткаў у сьвеце маюцца псыхічныя разлады ці праблемы, каля паловы зь іх пачынаюцца ва ўзросьце да 14 гадоў.
Псыханэўралягічныя разлады ўваходзяць у лік вядучых прычын інваліднасьці сярод моладзі ў сьвеце.
Што тычыцца цяжару хваробы сярод падлеткаў, дэпрэсія зьяўляецца трэцяй вядучай прычынай.
Самагубства — другая вядучая прычына сьмерці сярод 15-29-гадовых.
 
Сусьветны дзень псыхічнага здароўя адзначаецца штогод 10 кастрычніка, пачынаючы з 1992 году. Ён праводзіцца пры падтрымцы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) з мэтай інфармаваньня грамадзтва аб праблемах псыхічнага здароўя. У 2018 годзе Сусьветны дзень псыхічнага здароўя праходзіць пад лёзунгам «Моладзь і псыхічнае здароўе ў зьменлівым сьвеце».



Дата стварэння навіны 10.10.2018

Возврат к списку