АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Ярмошына: Выбарчае заканадаўства зменім, калі зменіцца Канстытуцыя

Ярмошына: Выбарчае заканадаўства зменім, калі зменіцца Канстытуцыя
08.10.2018
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына дала Еўрарадыё невялікае інтэрв’ю пра змены, якія чакаюць беларускае выбарчае заканадаўства.

Яна тлумачыць, чаму Выбарчы кодэкс не ўдакладняецца з улікам рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, а таксама разважае, ці магчыма ў рэаліях беларускай выбарчай сістэмы вырасціць палітычную эліту.

Прапановы па змене выбарчага заканадаўства паўтара года ляжаць у Лукашэнкі

Пасля мінулых і прэзідэнцкіх, і парламенцкіх выбараў Беларусь атрымала ад БДІПЧ АБСЕ шэраг рэкамендацый па змене выбарчага заканадаўства. Набліжаюцца чарговыя выбары дэпутатаў і прэзідэнта. Рэкамендацыі еўрапейскіх экспертаў будуць улічаныя, ці зноў у апошні момант мы пачуем пра тое, што “зрабіць гэта мы не паспяваем”?


Лідзія Ярмошына: Як вы, магчыма, ведаеце, камісія, створаная пры Цэнтрвыбаркаме, распрацавала свае прапановы з улікам рэкамендацый АБСЕ і ўнесла іх на разгляд кіраўніку краіны яшчэ паўтара года таму. З таго часу ніякай падрыхтоўкі па ўнясенні змен у выбарчае заканадаўства не вядзецца. Кіраўнік краіны, выступаючы перад парламентам, сказаў пра мэтазгоднасць такога кшталту змен пасля таго, як будзе змененая Канстытуцыя. Бо тады ўжо будзе бачна, у які бок мяняць выбарчае заканадаўства.

Але, хаця гэтая праца і не вядзецца, мы падчас кожнай выбарчай кампаніі ў той ці іншай ступені ўводзім прапановы АБСЕ, накіраваныя на адкрытасць і дэмакратызацыю выбарчага працэсу. І наступныя выбарчыя кампаніі таксама будуць адбывацца з удасканаленай практыкай. Мы заўжды ўлічваем той негатыў, які меў месца падчас правядзення кожных папярэдніх выбараў. І спрабуем шляхам тлумачэнняў і пастаноў ЦВК палепшыць правапрымяняльную практыку.

А калі гаврка пра змены ў Канстытуцыю не ідзе, то і казаць пра грунтоўныя змены ў выбарчым заканадаўства не даводзіцца?

- Думаю, так. Справа ў тым, што немэтазгодна мяняць закон, а потым зноў яго мяняць следам за Канстытуцыяй. Калі будзе мяняцца Канстытуцыя, дык будзе змененая ўся сістэма выбараў. Гэта прывядзе да карэннай рэформы выбарчага заканадаўства, а не толькі да нейкага яе паляпшэння на падставе прапаноў АБСЕ.
Увесь свет ідзе па шляху стварэння палітычнай эліты, і нам нікуды ад гэтага не сысці

Наколькі верагодна, што бліжэйшыя прэзідэнцкія ці парламенцкія выбары сумесцяць з рэферэндумам па ўнясенні змен у Канстытуцыю?

- Ніякіях меркаванняў на гэты конт у мяне няма. Ніякай працы ў гэтым накірунку не вядзецца, прынамсі, у межах ЦВК. На дадзены момант гэтае пытанне не абмяркоўваецца і ў грамадстве, што заўжды папярэднічае зменам такога кшталту. Бліжэйшыя кампаніі пройдуць у адпаведнасці з дзеючай Канстытуцыяй і выбарчымі законамі. Хаця ўсё заўжды магчыма!

Але ж раней вы выступалі за змену нашай выбарчай сістэмы.

- Я лічу, што нашы партыі без змены існуючай выбарчай сістэмы не будуць развівацца так, як маглі б развівацца пры наяўнасці прапарцыйнай сістэмы — выбараў па партыйных спісах. Увесь свет ідзе па шляху стварэння палітычнай эліты, якая можа выхоўвацца толькі ў нетрах палітычных партый. І нам нікуды ад гэтага ўсё адно не сысці.

- І партыі хочуць выбараў па партыйных спісах. Але, відаць, не хутка дачакаюцца?

- Не факт. Гэта пытанне з катэгорыі: “Над гэтым разважаюць…”

Заканадаўчай забароны на сумяшчэнне выбарчых кампаній няма

Наступныя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары прыпадаюць на 2020 год. Ці будзе перанос адной з выбарчых кампаній на больш ранні тэрмін, і якой з іх?

- Тут я магу абапірацца толькі на пазіцыю кіраўніка краіны, які сказаў, што такія выбарчыя кампаніі сумяшчацца не павінны. І на падставе гэтага выказвання я раблю выснову, што яны не будуць сумешчаныя. Але і тут магу толькі паўтарыць: усё ў жыцці магчыма. Ніякай заканадаўчай забароны на такое сумяшчэнне выбарчых кампаній няма.

Калі раней пройдуць выбары дэпутатаў, дык час паўнамоцтваў гэтага складу парламенту будзе скарочаны?

- Вядома, час іх працы зменшыцца. Але забароны на такое скарачэнне няма. Калі мы праводзім датэрміновыя выбары прэзідэнта, скарачаючы такім чынам яго тэрмін, мы ж не кажам, што гэта з’яўляецца нейкім парушэннем Канстытуцыі. Заўжды трэба зыходзіць з палітычнай мэтазгоднасці і тых умоў, у якіх існуе грамадства, піша Еўрарадыё.

Дата стварэння навіны 08.10.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку