АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

У Беларусі была распрацавана cтратэгія па ўступленні ў ЕС

У Беларусі была распрацавана cтратэгія па ўступленні ў ЕС
04.10.2018
Беларусь ідзе павольна, але ў правільным кірунку, калі казаць пра эканамічныя пераўтварэнні. Таксама краіна паступова паляпшае свой імідж у Еўропе. Такія аптымістычныя погляды выказаў удзельнік Усходняга эканамічнага кангрэсу ў Беластоку, Пётр Краўчанка — міністр замежных спраў Беларусі ў 1990 -1994 гадах, а пазней таксама беларускі дыпламат у Японіі і на Філіпінах.  


— Беласток — гэта маё дыпламатычнае юнацтва, мая настальгія, мая любоў, – распавеў Краўчынка Радыё Рацыя. -- Калі ёсць любая магчымасць прыехаць у Беласток ды ўбачыць такіх людзей, як Мірановіч, на вялікі жаль ужо няма Канстанціна Майсені, а вельмі прыемна пабачыць беларусаў, беларускі культурны цэнтр у Гайнаўцы, і таксама пабачыць тыя станоўчыя змены, што адбываюцца ў гэтым кутку Польшчы. Справа ў тым, што я яшчэ добра памятаю сацыялістычныя часы, калі Беласточчына лічылася самым адсталым у эканамічным, сацыяльны сэнсе кутком Польшчы. Ну напрыклад, па ўзроўні тэлефанізацыі, па ўзроўні медыцынскага абслугоўвання і нават школ на тысячу насельніцтва. Беластоцкае ваяводства ў ПНР заўсёды займала традыцыйна апошняе месца. І вось, я не быў гадоў 7 на Беласточчыне, і бачу, якія станоўчыя змены адбыліся менавіта тут. Змянілася інфраструктура, змяніліся дарогі, змяніліся будынкі, плошчы, вуліцы, новыя цікавыя традыцыі з’явіліся. Гэта сведчанне таго, што Польшча сёння рухаецца ў абсалютна правільным кірунку і не будзем баяцца гэтага слова, рынкавая цывілізаваныя Польшча з’яўляецца для нас эканамічным прыкладам. Польшча — гэта прыклад паспяховасці рынкавых рэформ не толькі на Усходзе Еўропы, але і ўвогуле ў Еўропе.

- Але Польшча гэта зрабіла акурат дзякуючы таму, што пайшла на гэтыя рэформы, а гэта было магчыма дзякуючы пэўным прынятым палітычным рашэнням і дзякуючы таксама таму, што Польшча стала сябрам Еўразвязу.

— У сваім выступе я казаў, што ў нас таксама была тэарэтычная магчымасць уступіць у Еўразвяз. Такая стратэгія была распрацавана ў тыя часы ў нашым міністэрстве. Мы маглі стаць у 2005-2007 годзе прыкладна, па маіх падліках, 27-28 зоркай на блакітным сцягу Еўропы. Але жыццё распарадзілася крыху інакш. І сёння не будзем, як кажуць, пасыпаць сабе галаву попелам, а зыходзіць з тых рэальнасцей, што мы дастаткова актыўна працуем на Усходзе, але мы не абмяжуем сябе кантактамі і на Захадзе. Я аптыміст у тым сэнсе, што ёсць узаемасувязь паміж унутранаэканамічнай і знешнепалітычнай палітыкай. Заўсёды гавораць, што ўнутраная палітыка нейкім чынам уплывае на знешнюю, але заўсёды забываюць пра адваротную сувязь. Што актыўная нацыянальная знешняя палітыка можа аказваць станоўчы ўплыў на ўнутранаэканамічную: у плане лібералізацыі, у плане правядзення рэформаў. Я думаю, штоі якраз гэта адбываецца ў Беларусі. Шматвектарнасць у знешняй палітыцы, а мы зразумелі, што тая шматвектарнасць, якая была сфармулявана ў 1998 годзе і стала рэальнасцю у 2012 годзе, асабліва з прыходам новага міністра Уладзіміра Макея, гэта шматвектарнасць будзе з’яўляцца і рэалізоўвацца ва ўнутранаэканамічнай палітыцы. Таму я аптыміст. Я думаю, што працэс лібералізацыі, дэмакратызацыі, мяккай беларусізацыі, якую я вельмі высока сёння ацэньваю, гэта стратэгічны кірунак развіцця Беларусі….





Дата стварэння навіны 04.10.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку