АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Ці зменяць выбарчае заканадаўства да 2020 года?

Ці зменяць выбарчае заканадаўства да 2020 года?
04.10.2018
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка распавёў, чаму не варта чакаць зменаў у Выбарчым законе да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. 


Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына распавяла, што пакуль ніякай працы па змене выбарчага заканадаўства не вядзецца. Маўляў, папраўкі вымагаюць зменаў у Канстытуцыі, а для гэтага патрэбен рэферэндум, які не рыхтуецца.

- Па ініцыятыве дэмакратычных сілаў, якія аб’яднаны па пытанні зменаў у Выбарчым законе, была праведзена пэўная праца ў гэтым кірунку пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў. Былі распрацаваны прапановы, з якіх і трэба пачынаць змены ў выбарчым заканадаўстве. Яны не вырашаць усе праблемы, але гэта былі б крокі ў правільным кірунку. А тое, што раней рабіла падчас выбараў улада, было бутафорыяй і пылам у вочы.

- Якія вашы асноўныя прапановы?

- Першае – гарантаваць удзел апазіцыйных партый у выбарчых камісіях. Другое – навесці парадак з датэрміновым галасаваннем, якое ў нас апошнім часам прымае вар’яцкія формы. І трэцяе – арганізаваць падлік галасоў, як для назіральнікаў, так і для шэраговых сябраў участковых камісій. Калі гэтыя тры пункты будуць замацаваны заканадаўча, тады можна сказаць, што ўлада нешта збіраецца змяняць. А ў нас ужо сем разоў уносілі змены ў выбарчае заканадаўства, і ўвесь час сітуацыя толькі пагаршалася.

Дарэчы, прапанавалася ўнесці гэты законапраект у выглядзе заканадаўчай ініцыятывы дэпутата Ганны Канапацкай. Але тая спачатку з намі супрацоўнічала, але затым сказала, што, маўляў, Цэнтру заканадаўчых ініцыятыў не спадабаліся гэтыя прапановы. Як быццам яна для нас гэтым адкрыла Амерыку. 

- Адным словам, зменаў не будзе?

- Улада, хутчэй за ўсё, не пойдзе на тое, каб прыняць нашы прапановы. Хаця ў рэгіёнах актывісты патрабуюць ад сваіх дэпутатаў унесці прапановы ў законапраект. Але вялікі сумнеў, што дачакаемся рэальных зменаў.



Спасылка на крыніцу:  Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Дата стварэння навіны 04.10.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку