АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Каля магілёўскай турмы галадае жанчына-інвалід. Яна патрабуе спаткання з арыштаваным мужам

Каля магілёўскай турмы галадае жанчына-інвалід. Яна патрабуе спаткання з арыштаваным мужам
27.09.2018
Яго два месяцы трымаюць тут у следчым ізалятары.

Жыхарка Слаўгараду Анжаліка Калатазішвілі, паведамляе радыё Свабода,  другія суткі галадае каля Магілёўскай турмы № 4. 48-гадовая жанчына, інвалід 1-й групы, дамагаецца, каб ёй далі спатканьне з мужам, якога два месяцы трымаюць тут у сьледчым ізалятары.

Яе мужу, грамадзяніну Грузіі Кахаберу Калатазішвілі, інкрымінуюць «захоўваньне, ужываньне і распаўсюд наркатычных сродкаў».

«Сьледчы не ідзе на кантакт»
Анжаліка пісала мужу двойчы на тыдзень, але ў лістах ад яго ня ўбачыла адказаў на свае пытаньні. З гэтага яна зрабіла выснову, што яе лісты да мужа не даходзяць, і захацела яго пабачыць.

«Я не прашу гадзіннага спатканьня. Мне будзе дастаткова пяці хвілінаў, каб пабачыць, у якім стане мой муж», — патлумачыла яна.

Аднак спатканьня сьледчы ёй не дазволіў.

«Ён не ідзе са мною на кантакт», — сказала галадоўніца.
Пасля гэтага 25 верасня ў Слаўгарадзе яна абвясьціла галадоўку. Пра сваю акцыю яна паведаміла праз электронную пошту ў адміністрацыю прэзыдэнта, міністэрствы аховы здароўя і ўнутраных спраў. І 26 верасьня прыехала галадаць пад браму сьледчага ізалятару ў Магілёве.

Ахоўнікі турмы сказалі, што нельга галадаць каля папраўчай установы, і параілі праводзіць галадоўку каля Слаўгарадзкага аддзелу Сьледчага камітэту.

У той жа вечар у галадоўніцы моцна забалела галава — і яе забрала ад турмы «хуткая дапамога».

27 верасьня яна зноў вярнулася да турмы. «Буду галадаць да апошняй магчымасьці», — кажа Анжаліка Калатазішвілі.

«Мужа зьняволілі праз маё змаганьне за справядлівасьць»
Анжаліка Калатазішвілі перакананая, што мужа перасьледуюць празь яе ўпартасьць.

З 2014 году яна дамагаецца ад мэдыкаў кампэнсацыі за шкоду здароўю. Па іх віне, лічыць жанчына, яна стала інвалідам.

Яна сьцьвярджае, што з-за памылковага анкалягічнага дыягназу ёй выдалілі жаночыя органы. Кажа, што мае дакумэнты, якія пацьвярджаюць яе рацыю. Мэдыкі ж памылковасьць дыягназу не прызнаюць. Лячэньне ад няслушнага дыягназу «забіла ныркі», — дадае Анжаліка. Яна патрабуе, каб перасадку нырак зрабілі за мяжой, бо не давярае беларускай мэдыцыне. Ёй жа прапануюць чакаць апэрацыі на агульных падставах.

 Анжаліка ў шлюбе з Кахаберам Калатазішвілі ад 2014 году. Ён грамадзін Грузіі, мае від на жыхарства ў Беларусі.

«Я мела сустрэчу з амбасадарам Грузіі, які абяцаў дапамогу, але сказаў, што ў чужой краіне мы госьці», — расказала Анжаліка Калатазішвілі.

Паводле яе, прадстаўнік амбасады Грузіі мае наведаць Кахабера Калатазішвілі 27 верасьня.

Юрыст: Даваць спатканьне са зьняволеным — права сьледчага
Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка кажа: беларускае заканадаўства прадугледжвае спатканьне са зьняволеным падчас сьледзтва, «як права органа, які вядзе працэс».

«Гэта не абавязак, а права ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, то бок сьледчы вырашае, ці даваць спатканьне. Пры гэтым адмову ён не абавязаны тлумачыць, — удакладняе экспэрт. — Як на мой погляд стандартам мусіць быць магчымасьць зьняволенага прынамсі гаварыць з роднымі праз тэлефон, аднак, і гэта не прадугледжана. У заканадаўстве мае быць прапісаны зразумелы пералік падставаў для спыненьня зносін зь сям’ёй, калі гэта можа паўплываць на хаду расьсьледаваньня».

Амбасада Грузіі: «Займаемся гэтым пытаньнем»
У амбасадзе Грузіі адмовіліся камэнтаваць сытуацыю са зьняволеным Кахаберам Калатазішвілі, аргумэнтаваўшы гэтым тым, што «ня маюць права даваць інфармацыю пра сваіх грамадзян, якіх бароніць закон аб пэрсанальных дадзеных, трэцім асобам». У гутарцы са Свабодай прадстаўнік амбасады зазначыў:

«Амбасада займаецца гэтым пытаньнем і робіць усё магчымае для абароны нашага грамадзяніна».



Дата стварэння навіны 27.09.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку