АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Маленькі хлопчык плоціць за даўняе злачынства маці? У сям’і з Мінска забралі дзіця

Маленькі хлопчык плоціць за даўняе злачынства маці? У сям’і з Мінска забралі дзіця
20.09.2018
Вольга Канатоўская і Дзмітрый Волкаў прайшлі праз некалькі судовых інстанцый і шматлікія камісіі, каб вярнуць свайго аднагадовага сына.

А гэтым паведамляе Еўрарадыё.
 
Было ўсё — нечаканыя візіты міліцыянтаў, праверкі з органаў апекі, нежаданне суда прыслухацца да сведак. Калі трохмесячнае дзіця забіралі ў прытулак, Дзмітрый уступіўся за яго, і быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў…

Гэтая гісторыя сапраўды неадназначная. На жаль, нягледзячы на ўсе спробы, цягам пяці дзён у Еўрарадыё не атрымалася ўзяць каментарый у органаў апекі, якія ўзялі з сям’і і перадалі ў прытулак трохмесячнага Івана. Мы б не сталі публікаваць гэты тэкст без іх каментарыя, каб не адна акалічнасць: Вольга і яе муж у змаганні за свайго маленькага сына не адны. Іх шчырасць выклікала давер не толькі ў нас, але і ў мінскай адвакаткі Вольгі Савіч — дасведчанай і цвярозай спецыялісткі, якую не так проста расчуліць. Вольга шчыра лічыць, што маленькага Ваню трэба вярнуць бацькам, а тое, што адбылося з яго сям’ёй, — збег трагічных абставін.

Бацькі ўжо цэлы год абіваюць парогі розных дзяржаўных установу. За гэты час Ваня навучыўся хадзіць. Маці кожны дзень наведвае яго ў прытулку, прывозіць памперсы і цацкі. На думку жанчыны, адзіная прычына, па якой чыноўнікі вырашылі забраць у яе дзіця — злачынства, якое яна здзейсніла дванаццаць гадоў таму, і за якое адбыла шэсць гадоў за кратамі.

Перадгісторыя

“Прыязджае жанчына, вельмі худзенькая, сціпла апранутая, па твары бачны адбітак мінулага і не лепшага жыцця. Але ні паху спіртных напояў, ні цыгарэт не было, — прыгадвае першую сустрэчу з Вольгай Канатоўскай адвакатка Вольга Савіч. — І цяпер я з ёй працую ўжо доўгі час, па некалькі разоў на дзень з ёй размаўляем. Заўсёды прыходзіць пунктуальна, робіць усё, што я кажу. Ніводнага падазрэння на тое, што яна нешта ўжывала, у мяне за гэты час не было”.

Канатоўская распавядае Еўрарадыё, як дванаццаць гадоў таму на яе і яе маленькую дачку нападаў сужыцель. Па словах жанчыны, ён амаль заўсёды быў п’яны. Аднойчы Вольга ў адчаі схапілася за нож.

Сваякоў, якія маглі б паклапаціцца пра маленькую Іру, пакуль Вольга адбывала пакаранне, не было, жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў. Злачынства было здзейсненае ў стане алкагольнага ап’янення, таму Канатоўскую паставілі на ўлік у наркалогію.

“Я ў яе пыталася, чаму яна не спрабавала аднаўляць бацькоўскія правы пасля вызвалення. Вольга адказала, што за час, які яна правяла ў няволі, яе дачка некалькі разоў з’ездзіла ў Італію. І там была сям’я, у якой яна прыжылася, — працягвае адвакатка. — Сёння ў маці ды 17-гадовай дачкі вельмі добрыя адносіны, яны часта кантактуюць. Дачка просіць не аднаўляць бацькоўскія правы, бо жадае з’ехаць у Італію назаўжды, і так будзе прасцей”.

Жыццё наладжваецца

Вольга працуе прыбіральшчыцай у сферы ЖКГ. Пазнаёмілася з мужчынам. Маленькі Ваня — яго першае дзіця.

Калі ён нараджаецца, Вольгу ставяць на ўлік, бо раней (дванаццаць гадоў таму) яна была пазбаўленая права выхоўваць першае дзіця.

“Ніводнага разу ніхто з бацькоў не быў заўважаны п’яным, па месцы працы ўсё таксама добра і цудоўна, — працягвае Вольга Савіч. — Прыбытак добры, у мужа больш за тысячу рублёў заробак. У кватэры, дзе жыве дзіця, усё чыста і ўтульна, ніякіх заўваг не было”.

Маладая сям’я жыве ў адной кватэры з бацькамі Дзмітрыя. Тры месяцы іх не чапаюць. Ніякіх пытанняў з боку кантралюючых органаў няма.

І раптам усё змяняецца

Гэтыя падзеі адбываюцца ў кастрычніку 2017 года. Вользе тэлефануюць з дзіцячай паліклінікі і просяць прывесці сына на прышчэпку. Яна прыязджае разам з дзіцём і мужам. Медсястра кажа, што Вольга, мабыць, знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Жанчына гэта адмаўляе, муж заступаецца за жонку, пачынаецца канфлікт.

“Потым Вольгу выклікаюць на разбіральніцтва. Вядома, што ніякіх экспертыз ды тэстаў не праводзілася. Участковы кажа жанчыне, што, калі яна хоча, каб у мужа былі праблемы пасля канфлікту ў паліклініцы, яны будуць. Але, калі не хоча, хай напіша, што выпіла джын-тонік, і ўсё будзе добра. Яна піша. Пасля яе прыцягваюць да адказнасці за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення”, — распавядае Вольга Савіч.

Праз нейкі час сям’я ідзе разам з маленькім сынам на Дзень нараджэння кумы. Пакуль дзіця спіць ў асобным пакоі, дарослыя сядзяць на кухні. Раптам у кватэры з’яўляюцца прадстаўнікі апекі.

“Да нас прыйшлі без папярэджання, не паказалі ўвогуле ніякіх пастаноў ці адпаведных папер. Я дагэтуль не разумею, як яны апынуліся ў той кватэры, і адкуль яны ўвогуле ведалі, што мы там знаходзімся, — прыгадвае падзеі таго дня Вольга Канатоўская. — Калі яны зайшлі, участковага з імі не было. Запрасілі нейкага опера з РАУС, каб ён з імі схадзіў, таму што ён знаёмы. Гэты міліцыянт сам на судзе казаў, што яго папрасілі, і ён вырашыў дапамагчы. Прычым, нават не ў працоўны час, ён знаходзіўся ў кватэры не падчас выканання сваіх службовых абавязкаў. Суддзя нават запыталася ў яго, што, калі ён у форме, то будзе заўсёды так хадзіць і дзяцей забіраць?”

Бацька спрабуе абараніць трохмесячнага сына, але дзіця ўсё адно забіраюць. Супраць мужчыны распачынаюць крымінальную справу за супраціўленне міліцыянту, які знаходзіўся пры выкананні службовых абавязкаў. Да таго ж, на Вольгу і яе мужа складаюць адміністрацыйныя пратаколы за знаходжанне ў нецвярозым стане, хаця на той момант яны знаходзіліся не ў грамадскім месцы, а ў кватэры.

“Яны кажуць, што мала часу прайшло. Ад чаго?”

Органы адукацыі ініцыююць судовае пасяджэнне, вынікам якога робіцца перадача дзіцяці ў інтэрнат. Яго маці пазбаўляюць бацькоўскіх правоў. Але паколькі суд разумее, што на бацьку ніякіх плям, акрамя канфлікту з міліцыянтам, няма, яму бацькоўскія правы пакідаюць.

Маладыя бацькі спадзяюцца, што сына хутка вернуць дамоў. Сямейная пара характарызуецца станоўча. Вольга праходзіць нарколага і нават “падшываецца”, каб не даказваць кожнаму чыноўніку, што яна не п’е. Участковы па месцы жыхарства сям’і робіць заключэнне, што дзіця можна вярнуць у сям’ю. Дзіцячы інтэрнат з гэтым пагаджаецца.

Муж і жонка абскарджваюць рашэнне суда першай інстанцыі ў гарадскім судзе, які… нечакана пазбаўляе бацькоўскіх правоў і бацьку хлопчыка!

Адзіны адмоўны момант у біяграфіі Вольгі за апошнія некалькі гадоў — два прагулы, якія адбыліся зімой пасля моцных завірух. Жанчына тлумачыць Еўрарадыё, што ў яе моцна балелі рукі з-за вялікай колькасці фізічнай працы.

“Калі так судзіць, то можна ўсіх праз аднаго на пажыццёвае зняволенне адпраўляць! Ці ў кожнага дзяцей забіраць! — скардзіцца Еўрарадыё Вольга. — Яны такім чынам проста даводзяць да самагубства. Сорамна казаць, але я ледзь не наклала на сябе рукі. Я сапраўды звар’яцела праз гэта… У мяне першае дзіця памерла ва ўзросце 1,5 месяца праз сардэчную недастатковасць. А цяпер гэтага сына забралі…

Яны кажуць, што мала часу прайшло. Ад чаго? Я нават пайшла да свайго дырэктара і папрасіла пазычыць грошай, каб ён па безнаяўным разліку іх пералічыў у наркалагічны цэнтр і я “падшылася”. Каб яны ўсе ўжо нарэшце адчапіліся ад мяне, каб проста адчапіліся! Я ўжо не ведаю, як ім усім даказваць… А як яны мяркуюць? Па маім твары? Дык мяне білі некалькі разоў, таму мышцы на твары адбітыя, пад вачыма вельмі часта бываюць ацёкі. Чаго яны хочуць? Каб маці мадэллю была?”

Падчас размовы з намі Вольга збірае рэчы, каб ехаць у інтэрнат. Цяпер яна мае дазвол наведваць сына кожны дзень, хаця раней было дазволена толькі па серадах ды пятніцах.

26 верасня Вані Воўкаву споўніцца год і два месяцы, а 11 кастрычніка будзе роўна год, як яго забралі ў бацькоў. Увесь гэты час ідуць разбіральніцтвы.

“І ведаеце што? Я шмат па якіх справах працавала, заўсёды казала адкрыта і прама. Калі б я разумела, што гэтае дзіця не варта вяртаць у сям’ю, я б зрабіла сваю тэхнічную працу: падрыхтавала б скаргі, прайшла б праз абскарджванні, і ўсё, — падсумоўвае Вольга Савіч. — Але я працягваю ім дапамагаць, бо вельмі хочацца ўсё ж такі дамагчыся справядлівасці. Калі раней чалавека прыцягнулі да крымінальнай адказнасці, гэта зусім не нагода, каб далей вось так нахабна кіраваць яго жыццём”.

Цяпер скаргу Вольгі Канатоўскай разглядае старшыня Мінскага гарадскога суда. Гэта амаль апошняя інстанцыя, у якую можна звярнуцца. Пасля — толькі Вярхоўны суд.



Дата стварэння навіны 20.09.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку