АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

1993: Як жылі дэпутаты. Зарплата Пазьняка — 15 даляраў у месяц

1993: Як жылі дэпутаты. Зарплата Пазьняка — 15 даляраў у месяц
11.09.2018
Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Валянцін Голубеў (Алібегаўская выбарчая акруга № 15, Менск): Запыт да кіраўніцтва ўраду, зь якім я выступаю ад свайго імя і ад імя народнага дэпутата Зінаіды Пяньковай. Да нас зьвярнуліся тэхнічныя работнікі школ. Мы пасьля восеньскіх страйкаў настаўнікам зарплату павысілі, тэхпэрсанал застаўся на той самай мяжы. І цяпер у іх сярэдняя зарплата 3–3,5 тысячы рублёў (у той час — прыблізна пяць даляраў — С.Н.). Шаноўныя народныя дэпутаты! Шаноўныя прадстаўнікі ўраду! Давайце ўявім, ці можа чалавек, які мае дзяцей, мае сямʼю, пражыць на такую зарплату. Таму мы зьвяртаемся да ўраду з просьбай засяродзіць асаблівую ўвагу на гэтай катэгорыі работнікаў, якія працуюць у школах, якія працуюць зь дзецьмі, і прыняць рашэньне аб павышэньні ім заработнай платы.

Выступ у «Розным»

— Вось тут, Сярожа, пад панэльлю можна прымацаваць пераключальнік, ён ня будзе нікому бачны. Ад яго працягнуць дрот пад капот, дзе сыстэма запальваньня. І калі нехта паспрабуе сагнаць машыну, ён проста не завядзе рухавік бяз гэтага патаемнага пераключальніка. Я на сваёй «Волзе» такое паставіў. Ёсьць яшчэ некалькі карысных штучак, прыганіце як-небудзь машыну да мяне ў гараж, за пару дзён усталюю.

Я ўявіў Васіля Быкава, які корпаецца ў гаражнай яме пад маім аўто, і прыдумаў нейкую нагоду, каб адмовіцца. Ужо пазьней, калі ў Празе слухаў ягоныя «аўтамабільныя» расповеды, пашкадаваў: Васіль Уладзімеравіч любіў поркацца з аўтамабілем, і для яго гэта быў адпачынак, спосаб «адключыцца» ад пісьмовага стала.

Праўда, самога Быкава за рулём я ніколі ня бачыў. Але падвозіць яго з пасяджэньняў Сойму ці нейкіх іншых мерапрыемстваў даводзілася часта, бо якраз у студзені 1993-га я абзавёўся сваім першым аўтамабілем.

Прыгнаў зь Нямеччыны чырвоны «Міцубісі-кольт» 1980 году выпуску — аўтамабіль ня новы, затое ня трэба было ісьці на паклон да Кебіча, каб набыць без чаргі новыя «Жыгулі». Тады прыгнаныя з Заходняй Эўропы аўто называліся «іншамаркамі» — як быццам у Беларусі была свая аўтамабільная вытворчасьць. Увогуле, машына была неблагая, як казала мая жонка, прыёмістая, хаця кожныя тры-чатыры месяцы трэба было рабіць нейкі дробны рамонт: ляцела то адно, то другое. Праз год пасьля набыцьця мая «міцубісі» праславіцца на ўсю краіну ў дакладзе Лукашэнкам — як сымбаль карупцыі ды асабістай нясьціпласьці ў шэрагах апазыцыі.

З набыцьцём першай у жыцьці машыны жыцьцё зьмянілася — здавалася, што пасьпяваю зрабіць у некалькі разоў болей.

Але і клопатаў зьявілася болей — прычым ад першага дня, з моманту рэгістрацыі ў менскай ДАІ на праспэкце Дзяржынскага.

На машыну трэба было атрымаць нумары, і тады гэта займала дзень, а то і болей, чаканьня ў чарзе. Мне параілі зьвярнуцца да старшыні менскай ДАІ падпалкоўніка Анатоля Сідарэні.

Прыходжу да Сідарэні, тлумачу, у чым справа.

— Няма праблемы. Вы які нумар хочаце?

— У сэнсе?

— Якія там хочаце лічбы?

— Ды мне ўсё роўна.

Сідарэня паглядзеў на мяне як на дзівака.

— Ведаеце, — кажа, — тыя, хто да мяне дабіраецца, просяць спэцыяльныя нумары, вы першы мне такое кажаце. Ну дык я вам дам вельмі добры нумар.

Ён дастаў з сэйфа нумарныя знакі, нейкія паперы і сказаў, у які кабінэт я мушу зайсьці, каб у нечым расьпісацца.

Тая самая "міцубісі" - сымбаль "карупцыі дэпутатаў БНФ" у "антыкарупцыйным" дакладзе Лукашэнкі
Тая самая "міцубісі" - сымбаль "карупцыі дэпутатаў БНФ" у "антыкарупцыйным" дакладзе Лукашэнкі
Нумар быў МІ 0975. Я і цяпер ня ведаю, што гэта азначала, але менскія даішнікі ад майго аўто шарахаліся.

Але ня ў першы дзень, бо ад начальніка ДАІ я паехаў, не прыкруціўшы нумары (трэба было сьвідраваць дзіркі), а прымацаваў іх пад пярэднім і заднім шклом (як мне і параілі ў аўтаінспэкцыі).

На праспэкце Дзяржынскага ў бок Дому ўраду мяне спыніў афіцэр ДАІ, капітан. Ён адразу сеў у маю машыну, запатрабаваў дакумэнты і пачаў допыт: «Значыць, набыў іншамарку? Напэўна, бізнэсмэн? А нумар прыкруціць — рукі не дайшлі? Зараз я табе запішу перавышэньне хуткасьці, зраблю дзірку. А магу і правы забраць. Шкада, няма прылады на алькаголь, ты б мне дыхнуў!»

Відаць, капітан быў нечым моцна раззлаваны або дзень у яго ня склаўся.

Гэта было першае сутыкненьне з інспэктарам ДАІ — і ў мяне, што называецца, адняло мову.

У мяне нават ня ўзьнікла думкі, што гэтую агрэсіўную тыраду я магу спыніць адным рухам, дастаўшы з кішэні дэпутацкае пасьведчаньне. Я ліхаманкава думаў, чым выкліканая такая агрэсіўнасьць і якое мне можа быць пакараньне.

Я заплаціў нейкі дробны штраф, капітан кінуў мне дакумэнты, і я паехаў. Хвілінаў праз дваццаць я ўжо быў у Авальнай залі, падышоў да Ўладзімера Заблоцкага (ён звычайна даваў мне аўтамабільныя парады). Заблоцкі сказаў, што такіх людзей, як той капітан, трэба ставіць на месца, што мне варта было спытацца ягонае прозьвішча, зрэшты, гэта неістотна, можна хутка знайсьці — вось якраз міністар МУС генэрал Ягораў у залі, праз гадзіну капітан будзе звольнены.

Я ўсё ж вырашыў не турбаваць міністра ў прыватнай справе.

Увогуле, ніколі не было жаданьня неяк выкарыстоўваць дэпутацкі статус, каб даказваць свае перавагі пры нейкіх асабістых патрэбах. І ў тую аўташколу я хадзіў паўгода, пару разоў на тыдзень, у тым ліку і ў часе сэсіяў — адмовіўшыся ад прапановы намесьніка міністра ўнутраных спраў аформіць правы кіроўцы хутка і без праблемаў.

Пра грошы, стрэс і залежнасьць
Заробак у дэпутатаў Вярхоўнага Савету быў розны, у залежнасьці ад месца працы. Ня ведаю, колькі атрымлівалі нашыя палітычныя апанэнты, якія былі старшынямі ды дырэктарамі, а вось што датычыць дэпутатаў Апазыцыі БНФ, дык зарплата на сталай пасадзе ў парлямэнцкай камісіі вагалася ў межах 40–50 даляраў, ну а хто сумяшчаў дэпутацтва зь іншай працай — атрымлівалі столькі ж, колькі і іх калегі на заводзе ці ў інстытуце.

Ведаю, што заробак Пазьняка некалькі гадоў быў частка стаўкі навуковага супрацоўніка — 15 даляраў (паколькі значную частку часу ён праводзіў не ў інстытуце, дык лічыў немагчымым атрымліваць там зарплату ў поўным аб’ёме). Але ўсе мы штомесяц атрымлівалі гэтак званыя «дэпутацкія» — у савецкія часы гэта было 50 рублёў, а ў 1993-м нешта каля 5 даляраў.

У тыя гады істотнай матэрыяльнай падтрымкай лічыліся замежныя камандзіроўкі. Праўда, дэпутаты Апазыцыі мелі іх няшмат.

Паводле нарматыву, на дзень выдаткоўвалася ў сярэднім 100 даляраў на гатэль і 30 так званых сутачных. Як правіла, гатэль для членаў урадавых і службовых дэлегацый аплачваў прымаючы бок, але бухгальтэрыя не патрабавала вяртаць выдаткаваныя грошы, якія за тыдзень складаліся ў даволі салідную суму.

Неяк мы зьвярнуліся з дэпутацкім запытам адносна выкарыстаньня валюты супрацоўнікамі Саўміну на замежныя камандзіроўкі, пасьля доўгіх пярэчаньняў такая інфармацыя была нам пададзеная, і лічбы ўразілі. За адну камандзіроўку ў ЗША ці Японію некаторыя міністры, іх намесьнікі, супрацоўнікі апарату Саўміну атрымлівалі па 3–4 тысячы даляраў (за гэтыя грошы ў тыя часы ў Менску можна было набыць кватэру). І такіх камандзіровак у іх было па некалькі на год. На гэтым фоне 199 даляраў, атрыманых Баршчэўскім, Заблоцкім і Пазьняком на паездку ў ЗША і Канаду цягам 30 дзён на запрашэньне беларускай дыяспары, выглядалі даволі сьмешна. Дзякуй Богу, беларусы замежжа — людзі гасьцінныя, і апазыцыянэры там не галадалі. А вось як Валянцін Голубеў на навуковай канфэрэнцыі ў Польшчы, дзе кошты былі нашмат вышэйшыя за нашы, здолеў выжыць некалькі дзён на 16 даляраў — для мяне загадка.

Дэпутаты Вярхоўнага Савету, як сьведчыў аналіз, скарысталі валюты на замежныя паездкі ў дзясяткі разоў меней за саўмінаўскіх чыноўнікаў. А дэпутаты Апазыцыі БНФ за шэсьць гадоў кадэнцыі парлямэнту ўвогуле выехалі ў замежныя камандзіроўкі з выкарыстаньнем валютных сродкаў некалькі разоў (я — толькі аднойчы, у 1991 годзе ў Беласток). Пазьняк за гэтыя шэсьць гадоў, паводле маіх падлікаў, быў у замежжы толькі шэсьць разоў — і ні аднаго даляра ня ўзяў зь бюджэту (калі не лічыць тых 199 на 30 дзён ў 1991 годзе). Кожная камандзіроўка дэпутатаў зацьвярджалася на пасяджэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, і тут ужо дбайна сачылі, каб ня дай Божа нехта з апазыцыі ня быў уключаны ў якую афіцыйную дэлегацыю.

Так што з замежных камандзіровачных нам, апазыцыянэрам, жыць не давялося.

Канешне, мы не перабіваліся з хлеба на ваду. І 16 даляраў на тры дні ў камандзіроўку для Голубева — больш, чым месячны заробак школьнай прыбіральшчыцы, пра які казаў той самы Голубеў з трыбуны Вярхоўнага Савету. Але ў парлямэнт абраліся людзі, якія, у большасьці, ужо зрабілі кар’еру ў сваёй прафэсійнай сфэры. Таму ў заробку мы не былі на нізе — скажам, недзе на ўзроўні старэйшага вайсковага афіцэра, гэта недзе крыху вышэй сярэдзіны. Ва ўсякім разе, калі ў тым самым 1993-м я на сваёй машыне зачапіў нечыя «жыгулі», дык рамонт чужой машыны за 180 даляраў на некалькі месяцаў абрынуў наш сямейны бюджэт.

У Вярхоўны Савет мы абраліся не ў юначым узросьце, самаму маладому дэпутату Апазыцыі БНФ — Міколу Маркевічу — было 28, найстарэйшаму — настаўніку з Плешчаніцаў Паўлу Холаду — 55, у такім веку ня часта завязваюцца сяброўствы, дый ня можа такога быць, каб у групе з трох дзясяткаў розных людзей усе паміж сабой пасябравалі. Але пастаянны націск з боку палітычных апанэнтаў спрыяў зьяднанасьці.

Я не цікавіўся футболам і ня ўдзельнічаў у дэпутацкіх трэніроўках ды матчах, якія звычайна праходзілі ў спарткомплексе вайсковай часткі ва «Ўруччы». А вось Юры Беленькі, Сяргей Антончык, Віталь Малашка ўдзельнічалі ў матчах. Адным з капітанаў быў Генадзь Карпенка. Асабліва вылучаўся Лявон Баршчэўскі, некалькі разоў у Авальнай залі я чуў, як Лявон распавядаў пра знаёмства ў дзяцінстве зь легендарным савецкім футбалістам Львом Яшыным. Як і Яшын, Лявон быў брамнікам і сваім уменьнем лавіць мячы заслужыў жартаўлівую характарыстыку: «Бярэ ўсё, акрамя хабару».

А вось пра Аляксандра Лукашэнку казалі ў іншай танальнасьці: нібыта падчас матчу ён б’е па нагах, прычым ня толькі «чужых», але і «сваіх». Пацьвердзіць альбо абвергнуць гэта не магу: ня быў ні на водным матчы.

Затое магу сьведчыць, што ў стаўленьні да алькаголю калегі займалі сярэднестатыстычнае месца. Пры пэўнай нагодзе маглі ўзяць чарку-другую. Але ніколі не напіваліся, увогуле я ня бачыў калег па апазыцыі на моцным падпітку.


Дэпутаты Апазыцыі БНФ на вясельлі Лявонція Зданевіча. Зьлева направа: Сяргей Антончык, Ірына Голубева, Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк, Юрась Беленькі, маладажоны Зданевічы, Сяргей Навумчык, Уладзімер Заблоцкі, Лявон Баршчэўскі
Захаваліся здымкі, зробленыя ў 1993 годзе на вясельлі Лявонція Зданевіча. На стале — «Советское шампанское», гарэлка, здаецца, «Пшанічная». Валянцін Голубеў, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Зянон Пазьняк, Уладзімер Заблоцкі… Лявон Баршчэўскі нешта расказвае, Пазьняк сьмяецца. Быў і амэрыканскі госьць — Васіль Мельяновіч, які ў канцы вечара падараваў дзяўчатам па 5 даляраў, не абы-якія грошы па тым часе.

Сёньня я зьдзіўляюся, што з улікам штодзённага псыхалягічнага напружаньня ў часе сэсіі, няспынных сутыкненьняў з нашымі палітычнымі праціўнікамі, сустрэчаў у не заўсёды прыязных аўдыторыях, зь якіх ты выходзіў псыхалягічна і фізычна спустошаным — мы не прыбягалі да алькаголю як простага, праверанага спосабу пазбавіцца ад стрэсу часьцей.

Але гэтае штодзённае нэрвовае напружаньне не прайшло бясьсьледна — у 41 год пайшоў з жыцьця Ігар Гермянчук, у 50 — Ігар Пырх, заўчасна пайшлі Генадзь Грушавы, Барыс Гюнтэр, Яўген Цумараў, Галіна Сямдзянава. Дыягназ амаль ва ўсіх — рак. Магчыма, гэта зьвязана і з Чарнобылем (мы шмат езьдзілі ў забруджаныя раёны), але я ўсё ж зьвязваю гэтыя заўчасныя сьмерці зь няспынным, на некалькі гадоў, стрэсам.

Завязаліся і кампаніі. Цеснае сяброўства было ў Сяргея Антончыка і Валянціна Голубева — яны жылі побач. З Валянцінам у мяне адносіны былі больш цесныя, чым зь іншымі дэпутатамі. Мы зьбіраліся сем’ямі — звычайна ў Голубевых, у кватэры, некалькі разоў выяжджалі на нашай машыне да іх на «дачу». Гэта быў участак кілямэтраў за дзесяць ад Менску, які Валянцін атрымаў, але там толькі і было, што поле. Затое можна было раскласьці вогнішча і пасмажыць бульбу.

А на наш участак, які мы ўзялі ў супольным з супрацоўнікамі «Народнай газэты» садовым таварыстве, мы нікога не запрашалі — бо ён быў далёка ад Менску, недзе ў раёне Фаніпалю. За два гады мне толькі і ўдалося, што выкапаць катлаван. Цесьць мой Леанід Максімавіч, які працаваў бугхальтарам у будаўнічай арганізацыі ў Глуску, узяўся дапамагчы зяцю, і мы разам паехалі ў Дзяржынск, у нейкую будаўнічую арганізацыю. Гадзіну хадзілі па калідорах — ні пра кран, ні пра цэглу цесьць дамовіцца ня здолеў. Выглядала, што трэба было даваць хабар. Гэтага я не хацеў.

Зруб, які мы набылі, так і стаяў у цесьця на двары некалькі гадоў. Зразумеўшы, што нічога мы не пабудуем, прадалі ўчастак (здаецца, за 160 даляраў), а ўжо калі былі ў эміграцыі, цесьць прадаў і зруб. Нічога з будаўніцтвам не атрымалася і ў Голубевых. Канешне, і бяз хабару мы маглі б узьвесьці нешта на сваіх участках — дастаткова было зьвярнуцца ў камэрцыйны банк па крэдыт і ў гаспадарчае ўпраўленьне Саўміну па рабочую сілу. Але гэта азначала б — патрапіць у залежнасьць.

Вось такога — патрапіць у залежнасьць — мы баяліся болей за ўсё.

Калі ўвосень 1992 году я сышоў са сталай працы ў Вярхоўным Савеце, мы з жонкай зарэгістравалі прыватнае інфармацыйна-аналітычнае агенцтва.

Канешне, можна было б пайсьці да прэзыдэнта якога банку і папрасіць крэдыт хаця б на некалькі тысяч даляраў, на кампутары. Думаю, далі б. Але гэта азначала — залежнасьць. Зарабілі на кампутар толькі праз паўгода. Але патрэбнае было памяшканьне. Я ведаў, што ў новым корпусе Дому друку ёсьць пустыя пакоі, якія здавалі некаторыя камэрцыйныя фірмы. Гэта былі прыватныя выдавецтвы, якія вялізнымі накладамі гналі таннае чытво для бязьмежнага расейскага рынку. Я пайшоў да аднаго з кіраўнікоў выдавецтва, якому падпарадкоўваўся Дом друку — але той заявіў мне, што пакояў няма.

Пра такі вынік папярэджваў мяне Ігар Гермянчук, які таксама прыглядаў памяшканьне для сваёй «Свабоды». Ён сказаў, што пакой мне здаваць няма сэнсу, бо хабар зь мяне ня возьмеш. Кіраўнікі дзяржаўных структураў маўкліва, але недвухсэнсоўна давалі зразумець нават дэпутатам Вярхоўнага Савету: трэба «даць на лапу». Ігар параіў ісьці да Георгія Траяна, начальніка гаспадарчага ўпраўленьня Саўміну, у ведамстве якога было выдавецтва. Той памаўчаў, потым сказаў: «Я не магу гэта вырашыць без каманды Кебіча. І раю табе зьвярнуцца да яго. Можа быць, ён нават падкажа табе нейкі больш цікавы бізнэс, чым журналістыка».

Расшыфраваць такую параду можна было па-рознаму. Я зразумеў так, што мне прапануюць палітычную зьдзелку, і да Кебіча не пайшоў

Некаторыя мае калегі па апазыцыі пасьля спыненьня дэпутацкіх паўнамоцтваў не маглі знайсьці сабе працу (хоць закон гарантаваў ім раўнацэннае «дадэпутацкаму» працоўнае месца), былі вымушаныя працаваць ці на будоўлях звычайнымі мулярамі, ці грузчыкам у супэрмаркетах.

А маглі ж забясьпечыць сябе і ўнукаў, варта было толькі асабіста папрасіць Кебіча. Ім дапамаглі б, стварылі б бізнэс (як стварылі яго дзясяткі людзей з кебічаўскага атачэньня), але паводле сцэнару, зафіксаванага Гётэ ў «Фаўсце» — калі не душу, дык палітычную пазыцыю трэба было прадаць.

Не прадаліся.

радыё Свабода

Дата стварэння навіны 11.09.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку