АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

«Папы лезуць у нашыя ложкі»?

«Папы лезуць у нашыя ложкі»?
05.09.2018
Беларускія пратэстанты заклікалі забараніць ЛГБТ-прапаганду.

Біскупы Евангльскіх Аб’яднанняў цэркваў Беларусі звярнуліся да лідара краіны Аляксандра Лукашэнкі з прапановай аб забароне прапаганды гомасексуалізму.

Здавалася б, гэты заклік цалкам адпавядае афіцыйным каштоўнасцям беларускіх чыноўнікаў, але ці рэалізуе Адміністрацыя Прэзідэнта гэтую прапанову?

Што прапануюць пратэстанты?
Кіраўнікі беларускіх пратэстантаў, якія прадстаўляюць больш за 1.200 супольнасцяў у Беларусі, звяртаюць увагу, што толькі за 2018 год у краіне адбылося некалькі мерапрыемстваў, якія прапагандуюць гомасексуальны лад жыцця як варыянт нормы. Прычым на гэтых мерапрыемствах прысутнічалі і непаўнагадовыя школьнікі, адзначаецца ў лісце, які размешчаны на сайце.

«Мы прапануем разгледзець пытанне закона аб забароне прапаганды гомасексуалізма і іншых формаў нетрадыцыйных сексуальных паводзінаў, перш за ўсё сярод непоўнагадовых, вызначаючы сямʼю як законны хаўрус аднаго мужчыны і адной жанчыны з народжанымі ці апекаванымі імі дзецьмі», – гаворыцца ў звароце да Аляксандра Лукашэнкі.

Падпісанты лічаць, што закон павінен «не дапускаць прапаганды і навязвання сексуальнай разбэшчанасці ў грамадстве, асабліва сярод дзяцей і моладзі, а таксама абароніць права бацькоў на выхаванне дзяцей у маральна здаровым атачэнні».

Таксама біскупы праяўляюць пэўную форму нацыяналізму, адзначаючы, што «Беларусь мае права жыць адпаведна з каштоўнасцямі, якія на працягу вякоў даказалі сваю цвярозасць і трываласць», а таксама што іншыя нацыі павінны з павагай ставіцца да каштоўнасцяў нашага народу.

Свабода слова – для ўсіх ці не?
Сярод заўважнай часткі беларускай інтэрнет-прасторы зварот пратэстантаў сустрэлі ў штыкі: «папы лезуць у прыватнае жыццё і хочуць камандаваць, што нам рабіць у нашых ложках»! На першы погляд, гэта сапраўды так, бо ініцыятыва датычыцца пытанняў, што датычацца сексуальнай сферы.

Аднак зварот скіраваны да свецкай абранай (няхай і фармальна) грамадзянамі ўлады, а хрысціяне – такія ж грамадзяне са сваймі перакананнямі, як і ўсе астатнія.

Фота міліцэйскай аперацыі ў менскім клуб, дзе праходзяць ЛГБТ-вечарыны.

Адныя прапануюць забараніць смяротнае пакаранне ці, напрыклад, нацыстоўскую ці сексісцкую прапаганду ці тыя ж «георгіеўскія стужкі», бо лічаць гэтыя зʼявы адмоўнымі і шкоднымі для грамадства. Іншыя – а можа і тыя ж самыя людзі – могуць лічыць і ЛГБТ-прапаганду адмоўнай і шкоднай зʼявай для грамадства нароўні з прапагандай «расейскага свету».

Калі мы прызнаем роўнасць правоў грамадзянаў на свабоду выказванняў, то пратэстанты маюць такое ж права на гэтую свабоду, як і няверуючыя. Усё ж не ў СССР і не ў КНДР мы жывем.

Што такое прапаганда і як за яе караюць
Іншая справа – што мы называем прапагандай, а што – інфармацыяй ці проста агучваннем свайго меркавання?

Адныя скажуць, што вызначыць гэта абʼектыўна амаль немагчыма, а іншыя скажуць – паглядзіце, напрыклад, артыкул 123 «Прапаганда вайны» у Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Там прапаганда вызначаецца як «пашырэнне ў любой форме поглядаў, ідэй і заклікаў».

У Крымінальным кодэксе таксама існуе артыкул 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці». Здаецца, ніхто не прапануе яго адмяніць, хоць гэты артыкул яшчэ больш субʼектыўны – ён карае за «свядомыя дзеянні, скіраваныя на ўзбуджэнне варожасці». Якія гэта дзеянні – не пазначаецца.

Распальванне варожасці да ўкраінцаў ці не?
Такім чынам толькі ад настрою суддзі (ці званка зверху) залежыць, палічыць ён свядомым распальваннем варожасці да нейкай расы ці этнасу апублікаваныя вамі дадзеныя па этнічным складзе наркагандляроў у Парыжы ці кіраўніцтва савецкіх карных органаў у Беларусі ў 1930-я-1940-я.

Такім чынам, калі выступаць супраць нейкай новай забароны «прапаганды» у Беларусі, то было б лагічна і любыя іншыя пакаранні за словы заклікаць адмяніць. Аднак гэтага чамусьці не адбываецца.

Вера супраць навукі. Ці не?
Адзначым таксама, што пратэстанцкія біскупы не «лезуць у чужыя ложкі». Іхны зварот не датычыцца, як напісаў адзін мой Facebook-сябра «забароны нетрадыцыйнага сексу». Прапануецца толькі забараніць нешта, што адбываецца ў публічнай прасторы.

Кіраўнікі беларускіх пратэстантаў (гэтаксама як і каталіцкія, і праваслаўныя іерархі), канешне, перш за ўсё кіруюцца рэлігійнымі аргументамі – як Стары, гэтак і Новы Запавет кажуць пра тое, што гомасексуальныя паводзіны ёсць смяротным грахом. Паўторым, што апеляцыя да рэлігійных прынцыпаў – нармальная зʼява ва ўсім свеце, напрыклад, у тых жа ЗША.

Адзначым таксама, што менавіта рэальнае практыкаванне гомасексуальных кантактаў лічыцца грахом у хрысціянстве, а не схільнасць чалавека як гэткая. Адпаведна пратэстанцкія біскупы лічаць, што забарона ЛГБТ-прапаганды будзе карысна для здароўя беларускай моладзі. Ці так гэта?

Простыя лічбы
Навуковыя дадзеныя, насуперак папулярным міфам, не паказваюць, што чалавек ад нараджэння мае схільнасць да сексуальных кантактаў з супрацьлеглым полам ці сваім полам. Але, нават калі прыняць гэта за факт, простая логіка кажа, што публічная дзейнасць, якая абвяшчае секс з асобамі свайго полу варыянтам нормы, павялічвае колькасць гомасексуальных кантактаў як сярод гомасексуалаў, гэтак і сярод асобаў з бісексуальнымі схільнасцямі. Наступствы?

«У 2014 годзе мужчыны, якія маюць гомасексуальныя ці бісексуальныя схільнасці, складалі каля 2% насельніцтва ў ЗША, аднак менавіта сярод іх адбывалася 70% усіх новых заражэнняў вірусам імунадэфіцыту чалавека», – гаворыцца на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя ЗША.

Статыстыка робіцца яшчэ больш жахлівай, калі ўзяць лічбы сярод моладзі – 81% усіх падлеткаў, якія атрымалі страшны дыягназ у 2015 годзе, мелі гомасексуальныя ці бісексуальныя кантакты.

У выніку атрымліваецца, што для захавання здароўя і жыцця саміх людзей з гомасексуальнымі і бісексуальнымі схільнасцямі лепей, каб яны не лічылі аднаполы секс нормай і не практыкавалі яго. У чым тут можна неяк папракаць пратэстанцкіх біскупаў?

Пагоны НКУС на касцюме еўрачыноўніка
Што атрымаецца з ініцыятывы пратэстантаў? Наўрацці шмат, калі шчыра. Беларускія ўлады даволі рэгулярна выкарыстоўваюць унутраную палітыку як нагоду для гандлю са вонкавапалітычнымі партнёрамі.

Нядаўна наш быццам бы «кансерватыўны» МУС з радасцю прыняў удзел у распрацоўцы закону пра «хатні гвалт», які абсалютна не адпавядае поглядам хрысціянства на правы сямʼі, бо ён не фігуральна, а літаральна павялічвае магчымасці дзяржавы без санкцыі суду лезьці ў вашую кватэру, да вашых дзяцей і ў вашыя ложкі.Гэты закон будзе прыемным нашым еўрапейскім партнёрам, бо адпавядае сучасным тэндэнцыям у сацыяльнай палітыцы ЕЗ. Дый адпавядае таталітарнай прыродзе нашай яшчэ шмат у чым савецкай і левай па ідэалогіі дзяржавы.

Падобны лёс будзе і ў магчымага закона пра ЛГБТ-прапаганду – не ідэямі таго ці іншага боку будуць кіравацца менскія ўлады, а тым, ці можна будзе гэтую ініцыятыву выкарыстаць у прапагандзе ўнутры краіны ці як інструмент шантажу і атрымання нейкіх прэферэнцыяў у вонкавай палітыцы, паведамляе Белсат.



Дата стварэння навіны 05.09.2018

Возврат к списку