АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Пяць фактаў пра новага міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча

Пяць фактаў пра новага міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча
31.08.2018
Ад 31 жніўня пасада міністра энергетыкі перастала быць вакантнай. Новым кіраўніком стаў Віктар Каранкевіч, сталы супрацоўнік міністэрства.


Нагадаем, што затрыманне (якое так і не пацвердзілі сілавікі) былога міністра Уладзіміра Патупчыка адбылося больш за 3 месяцы таму.

Энергетычная сям’я
Каранкевіч — чарговы адносны малады чыноўнік. Яму 42 гады.

Ён нарадзіўся ў Кіраўску (Магілёўская вобласць). Маці выкладала музыку ў дзіцячым садку і школе, бацька Міхаіл быў энергетыкам. Працаваў інжынерам, начальнікам раённай дыспетчарскай службы.

У Міхаіла Каранкевіча двое сыноў: Антон і Віктар. Абодва яшчэ з дзяцінства вырашылі ісці па бацькавых слядах.

«Яшчэ ў школе прыходзілі да таты на працу, вельмі падабалася, было цікава. Я нават у сачыненнях пісаў, што буду энергетыкам», — распавёў «Нашай Ніве» Антон Каранкевіч.

Яго мара здзейснілася — Антон стаў намеснікам дырэктара ў Бабруйскіх электасетках. А яго брат Віктар, як відаць, даслужыўся да міністра.

Бацькі Каранкевічаў сёння на пенсіі, працягваюць жыць у Кіраўску.

Цікава, што Каранкевіч — вельмі распаўсюджанае прозвішча ў Кіраўску. Мясцовыя кажуць, што род ішоў з вёскі Хамічы, якая была побач. Там, маўляў, амаль усіх звалі Каранкевічамі, незалежна ад сваяцтва.

«Гэта праўда. Наша сям’я таксама вядзе род з тых Хамічоў, — пацвердзіў Антон Каранкевіч. — Мае бабуля з дзядулям сваякамі не былі, вядома ж. Але і дзяздулі прозвішча Каранкевіч, і бабуліна дзявочае — Каранкевіч. У маці з бацькам тое самае — абое Каранкевічы».

Вучыўся ў прыватным ВНУ
У 1997 годзе Віктар Каранкевіч скончыў недзяржаўны Інстытут сучасных ведаў. Пазней, праўда, працягнуў вучобу. У 2005 годзе ён скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт. А пасля яшчэ давялося адвучыцца ў Акадэміі кіравання.

Усё жыццё ў энергетыцы
Працаваць Віктар пачаў з 1997 года. Галіна працы, натуральна, энергетыка. З 1997 па 2004 год Каранкевіч займаў пасады спецыяліста і вядучага спецыяліста ў розных структурах Беларускага дзяржаўнага энергетычнага канцэрна.

У 2004-2006 гадах быў начальнікам фінансавага аддзела, намеснікам начальніка ўпраўлення фінансаў, уліку і справаздачнасці Беларускага дзяржаўнага энергетычнага канцэрна (цяпер — «Белэнерга»)

З 2006 па 2012 год займаў пасаду начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўлення Міністэрства энергетыкі Беларусі. У 2012 годзе прызначаны намеснікам міністра энергетыкі, у 2017 годзе — першым намеснікам міністра.

Ужо не жанаты
Сёння Віктар Каранкевіч не жанаты. Пэўны час таму ён развёўся. Але мае дарослае дзіця — сыну Віктара 22 гады.

Хобі ў новага міністра тыповыя мужчынскія: рыбалка і спорт. Сваякі кажуць, ён вялікі аматар футбола.

Абяцаў не мяняць тарыфы
Віктар Каранкевіч — персона не публічная. Звычайна ён з’яўляўся ў навінах падчас адкрыцця энергетычных аб’ектаў ці выступаючы з праграмнымі заявамі. Так, напрыклад, у канцы 2017 года Каранкевіч абяцаў, што тарыфы на электрычную энергію пераглядацца не будуць. Маўляў, беларуская дыферэнцыяваная сістэма дастаткова паспяховая.




Дата стварэння навіны 31.08.2018

Возврат к списку