АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Культ без культу

Культ без культу
31.08.2018
У першым жа сказе – віншую таго, Каго-Нельга-Не віншаваць! Піша Аляксандр Тамковіч.

Вядома, АГЛ не жанчына, але пра ўзрост я таксама пісаць не буду. Адразу ўспамінаецца, колькі гадоў ён намі кіруе…

Не ведаю, як зараз, але раней (па расказах былога прэм’ер-міністра Беларусі Мікалая Чыгіра) дні народзінаў галоўнага чыноўніка краіны святкавалі даволі сціпла. Ніякіх п’янак-гулянак з гэтай нагоды не было, што лёгка можна патлумачыць асаблівасцямі характару імянінніка.

Не толькі на «версе» ёсць людзі, якія не любяць святкаваць свае дні народзінаў, бо лічаць іх набліжэннем да сумнага фіналу.

Асабліва, калі «толькі раз на год» ператвараецца з « на жаль» у «на шчасце»…

Да таго ж АГЛ не англійская каралева і не японскі імператар, каб рабіць свой ДН агульнанацыянальным святам. Ён нават хацеў на адзін дзень гэтую дату перасунуць, але з ідэяй нешта пачало буксаваць, бо большасць энцыклапедый не падпарадкоўваецца яго загадам і законам.

А самае галоўнае, у святкаванні не будзе ніякай шчырасці, бо чуткі пра «інсульт» вызываюць у «народца» больш эмоцый,чым усё астатняе.

Не ведаю, як хто, але асабіста я жадаю здароўя нават таму Каго-Нельга-Не віншаваць.

Не гледзячы на тое, што дэ-юрэ ніякага свята сёння няма.

Як і культу асобы.

Ён ёсць дэ-факта.

І то, толькі да той пары, пакуль гэта «дэ-факта» не будзе замінаць «дэ-факту» яшчэ больш моцнаму, бо тады можа з’віцца які-небудзь «Хросны бацька».

На мой погляд, культу асобы афіцыйна ў Беларусі няма яшчэ і з той прычыны, што на гэта не даюць дазволу нашы заклятыя сябры і хаўруснікі.

У іхняй краіне варагі даволі часта былі не менш папулярнымі за мясцовых, таму там вырашылі ў найноўшай гісторыі больш не рабіць такіх памылак. З той толькі розніцай, што раней не было ніякіх замераў рэйтынгу.

Сёння яны ёсць і сведчаць: прывабнасць розных «жэстачайшых» стала мінулым у параўнанні з папулярнасцю дзюдаіста, які пачаў «мочить в сортире».

Дарэчы, падзеі ў суседзяў яшчэ раз яскрава сведчаць пра тое, што там ідуць нашым шляхам. І памыляюцца таксама як мы. Пенсійная рэформа таму красамоўны прыклад. Яна вельмі хутка знішчыла ўсе ілюзіі. Не здзіўлюся, калі ў будучым іх кіраўніка таксама перастануць лічыць «усенароднаабраным»…

У гэтым сэнсе Беларусь таксама можа быць нейкім узорам. Беларускі «эканамічны цуд» на самой справе аказаўся такой мыльнай бурбалкай, што пра неякі культ асобы ў нашай краіне не можа быць НАРМАЛЬНАЙ гаворкі нават гепатэтычна.

Няма сумніваў, што гэта разумеюць не толькі ў «Драздах», але і на «Рублёўцы».

А яшчэ я цалкам не згодны з тымі, хто сцвярджае быццам бы ў Беларусі «усё пад кантролем» сённяшняга імянінніка. Не ўсё. І тое, што беларускі АМАП так ганебна «жаваў соплі» перад расійскімі футбольнымі фанатамі, яшчэ самае дробнае з таго, што можа быць.

Не ведаю, гучала альбо не ў дадзеным выпадку каманда «Фас!», але тое, што яе могуць яе не выканаць (альбо выканаць наадварот) – бясспрэчны факт. І не толькі амапаўцы…

Таму гаварыць пра нейкі «культ асобы» і няма сэнсу. Ён існуе толькі да тых межаў, да якіх дазваляюць існаваць.

Да таго ж, палітычная кан’юнктура рэч вельмі непастаянная, бо за культамі бываюць розныя «разоблачения», што ў беларускіх умовах можа стаць нечым гратэскным.

Як кажуць, якая асоба, такі і культ.




Дата стварэння навіны 31.08.2018

Возврат к списку