АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Зміцер Галко зноў у судзе: сёння пераглядаюцца абставіны яго затрымання

Зміцер Галко зноў у судзе: сёння пераглядаюцца абставіны яго затрымання
28.08.2018
28 жніўня мінскі Гарадскі суд пераглядае справу аб адміністрацыйным парушэнні, якое нібыта здзейсніў журналіст Зміцер Галко.

Журналіст распавёў Еўрарадыё, што не абскарджваў пастанову суда першай інстанцыі — перагляд справы адбываецца па рашэнні гарадскога суду.

Напрыканцы мінулага года супраць Змітра Галко былі распачатыя дзве справы: адміністрацыйная і крымінальная. Кожная па-свойму апісвае падзеі, якія адбыліся 25 лістапада, калі міліцыя прыйшла на святкаванне Дня нараджэння Яна-Хрысціяна Галко, сына журналіста. “На дадзены момант атрымліваецца, што я ў адзін час нібыта знаходзіўся ў розных месцах і быў затрыманы з розных прычын, — працягвае журналіст. — Пра гэтае несупадзенне я пісаў у Адміністрацыю прэзыдэнта, просячы адмяніць прысуд крымінальны, а не адміністрацыйны”.

Па крымінальнай справе Зміцер Галко атрымаў чатыры гады “хіміі”, па адміністрацыйнай — штраф 49 рублёў. Пераглядацца будзе адміністрацыйная справа, хаця Галко на судзе прызнаў, што сапраўды лаяўся падчас спрэчкі з міліцыянтамі ў кватэры. Па яго словах, толькі потым ён даведаўся: з пратакола затрымання ў межах адміністрацыйнай справы вынікае, што за лаянку яго затрымалі на вуліцы.

“Згодна з адміністрацыйнай справай, фармальна я быў затрыманы ў грамадскім месцы ў той час, калі я ці здзяйсняў крымінальнае злачынства ў кватэры, ці быў ужо затрыманы па ім. Вось у чым несупадзенне. Атрымліваецца, я такі вось супэрмэн-няўдачнік, які знаходзіўся ў двух месцах адначасова, — іранізуе Галко. — Па матэрыялах адміністрацыйнай справы, мяне затрымлівалі міліцыянты, якіх чамусьці няма ў матэрыялах крымінальнай справы. У межах крымінальнай справы суддзя адмовіўся выклікаць гэтых супрацоўнікаў як сведкаў. Але па пратаколе яны, нібыта, затрымалі мяне на вуліцы. Вельмі цікава было б паслухаць, як яны гэта растлумачаць”.

“Я іду не абскарджваць [адміністрацыйную справу], а каб удакладніць некаторыя дэталі. Адкуль узяліся міліцыянты, якіх не было ў крымінальнай справе, і адкуль гэтая справа ўвогуле ўзялася? Таму так, сапраўды там могуць прагучаць важныя рэчы. Не магу прадказаць ні вынікі, ні тое, што ўвогуле будзе адбывацца. Магчыма, нават нікога не выклічуць, а проста неяк адмахнуцца. Але ключавым момантам для мяне будзе спроба выклікаць гэтых міліцыянтаў, я буду хадайнічаць аб гэтым”, — падсумоўвае журналіст.



Дата стварэння навіны 28.08.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку