АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Уладзіміру Арлову — 65

Уладзіміру Арлову — 65
25.08.2018
"Цану сабе адчуў пасля першых выклікаў у КДБ". 25 жніўня пісьменніку Уладзіміру Арлову спаўняецца 65 гадоў.

Да 27-га спадар Уладзімір за мяжой, пагутарыць з ім нельга, кажа яго жонка Валянціна Аксак. А павіншаваць хочацца. TUT.BY сабраў яскравыя цытаты з інтэрв'ю розных гадоў, якія распавядаюць пра жыццё і прынцыпы пісьменніка яго ж словамі.
Уладзімір Арлоў (у цэнтры)— празаік і паэт. Аўтар зборнікаў апавяданняў, аповесцяў і эсэ «Добры дзень, мая Шыпшына», «Дзень, калі ўпала страла», «Сны імператара», «Сланы Ганібала», «Пяць мужчын у леснічоўцы».

Уладзімір Арлоў — папулярызатар гісторыі. Даступнай мовай распавядае пра гісторыю Беларусі і асоб, якія яе фарміравалі. Разам з ілюстратарам Зміцерам Герасімовічам выдаў «Краіну Беларусь», у суаўтарстве з гісторыкам Генадзем Сагановічам — «Дзесяць стагоддзяў беларускай гісторыі». Аўтар «Таямніц полацкай гісторыі» і «Адкуль наш род».

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны «За ўклад у распрацоўку тэмы гістарычнага мінулага Беларусі ў літаратуры», а таксама прэміяй «Еўрапейскі паэт свабоды».

Нарадзіўся ў год смерці Сталіна
«Я нарадзіўся ў год Змяі паводле ўсходняга календара і ў год смерці Сталіна — паводле савецкага», — так пачынае расповяд пра сябе Уладзімір Арлоў у інтэрв'ю Аляксандру Уліцёнку ў лістападзе 1990 года (апублікавана ў кнізе «Іншадумцы»).

— Мой дзень нараджэння ў жніўні, значыцца, у сакавіку, калі вялікі правадыр народаў нарэшце выправіўся на той свет, я ўжо існаваў, але мог не нарадзіцца, бо пасля радыёпаведамлення мама адчула сябе зусім блага і надоўга трапіла ў бальніцу. Але тым разам савецкая медыцына перамагла (нашыя савецкія хворыя — самыя здаровыя ў свеце!), і, перачакаўшы, відаць, непамысныя для мяне дні задыякальнага знаку Льва, я шчасна нарадзіўся на трэці дзень Паненкі.

Нарадзіцца Уладзіміру Арлову пашчасціла ў Полацку. Менавіта «пашчасціла» — гэтак заўжды падкрэслівае спадар Уладзімір.

— Зразумець пісьменніка на ўсю поўніцу немагчыма, пакуль не пабудзеш у тым месцы, дзе ён з’явіўся на свет, дзе бегаў босенькі па зямлі, атрымліваючы энергію на ўсё будучае жыццё, — распавядаў у інтэрв'ю TIO.BY пісьменнік. — Безумоўна, мне пашчасціла. <…> Вокны палаты, у якой я з’явіўся на свет, выходзілі на вежы Святой Сафіі. Мама расказвала, што, калі паказвала мяне майму тату ў акно, я ўпершыню ўбачыў не толькі тату, але і Сафійскі сабор, і Полацк, і ўвесь велізарны свет, такі страшны і адначасова дзівосны. Так пачаўся мой жыццёвы і творчы шлях. Полацк — гэта горад, дзе, безумоўна, ёсць тое, што мы называем genius loci — геній месца. Напэўна, гэты геній ёсць у любой мясціне, але ў такіх гарадах, як Полацк, ён праяўляецца шматкроць мацней.

Марыў стаць дзяўчынкай, патолагаанатамам, шпіёнам і журналістам
У дзяцінстве, распавядаў TUT.BY Уладзімір Арлоў, ён марыў быць дзяўчынкай. Пасля — вадалазам, а яшчэ пазней — патолагаанатамам.

— У мяне быў сусед Жэня, які працаваў патолагаанатамам. Сусед сябраваў са мной, гуляў. І ад яго заўжды пахла вельмі прыемнай парфюмай. І я думаў, што патолагаанатамы працуюць там, дзе робяць гэты парфюм. Пасля я хацеў стаць шпіёнам, а ў школьныя гады — журналістам.

«Шпіёнам» Уладзімір Арлоў сапраўды ледзь не стаў. Аднойчы, распавядаў пісьменнік у інтэрв'ю «Радыё Свабода», да яго ба́цькі, які працаваў пракурорам (дарэчы, праз гэта маленькі Уладзімір атрымаў мянушку Пракурор), прыехаў правяральшчык з вобласці.

— Падчас вечаровай пачосткі ў нас дома мяне выпусцілі з культурнай праграмай — пачытаць госцю вывучаныя ў дзіцячым садку вершыкі. Стаўшы пад фікусам, я прадэкламаваў:

Сала, мяса і пшаніцу —
Усё аддалі за граніцу,
А гнілую кукурузу —
Для Савецкага Саюза!

Мама разгублена прамовіла: «Сынок, я ж прасіла пра коціка і лісічку…»

На шчасце, правяральшчык быў не пазбаўлены пачуцця гумару (альбо ён проста любіў дзяцей), таму гэтая «дыверсія» ніяк не адбілася на кар’еры ба́цькі.

Пра сябе Арлоў кажа, што рос ён непаслухмяным хлопчыкам. А дакладней — шкоднікам. У дзяцінстве часта ламаў рукі. У рэшце рэшт «навучыўся» ламаць менавіта правую, каб не пісаць кантрольныя ў школе.

— Лазіў па полацкіх закінутых храмах. Падчас такіх паходаў я часта зрываўся з вышыні, падаў і ламаў руку. За ўсю гісторыю ў мяне было 10 пераломаў. Потым я навучыўся пераважна правую руку ламаць, і гэта было выгадна — не патрэбна было катрольныя пісаць. І тады мяне называлі Брат — касцяная рука, бо я пастаянна хадзіў з гіпсам.

Майму тату, які быў суровай прафесіі - пракурорам Полацка, аднойчы гэта ўсё надакучыла, і ён сказаў, што вылечыць мяне. Цягам тыдня бацька даваў мне па вечарах нясмачны парашок, які я запіваў гарбатай. Так прайшоў тыдзень. У суботу я сеў раскладваць сваю нумізматычную калекцыю. Была сярод іх любімая манета з партрэтам Жыгімонта Аўгуста, нашага вялікага князя, на аверсе і з Пагоняй на рэверсе. Я, канешне, тады яшчэ не ведаў, што такое Вялікае княства Літоўскае, што такое Пагоня. Мне проста падабаўся партрэт і рыцар на кані з мячом над галавой. Пасля таго, як я перабраў усю калекцыю, з жахам зразумеў, што любімая манета знікла. Сам таго не ведаючы, я гэтую манету з’еў.

Аказваецца, адзін полацкі доктар сказаў майму бацьку, што ў хлопчыка кволыя косці і вельмі шмат пераломаў з-за таго, што ў арганізме не хапае медзі. Тады тата ўзяў напільнік і зрабіў мне «лекі». Пасля таго выпадку я сапраўды нічога не ламаў. Але, думаю, не столькі медзь мне дапамагла, колькі Жыгімонт Аўгуст, які быў не толькі выбітным палітыкам, але і рыцарам і моцным чалавекам, а яшчэ і Пагоня мне дапамагла. Я лічу, што гэтая з’едзеная манета ў выглядзе парашку не проста ўвайшла ў маю плоць і кроў, а і запраграмавала маё далейшае жыццё і прывяла на гістарычны факультэт.

Паўтары гадзіны прасядзеў у заблакаваным ліфце з Лаўрэнціем Абецэдарскім. Франдзёрнічаў
На гістфак БДУ Арлоў паступіў у 1970 годзе. Яшчэ жывучы ў Полацку, пасябраваў з Вінцусём Мудровым і Валерыем Шлыкавым. Яны, стаўшы студэнтамі Наваполацкага політэхнічнага інстытута, пачалі рабіць рукапісны альманах «Блакітны ліхтар». Пад іх уплывам на гістфаку БДУ Арлоў разам з сябрамі таксама задумаў выпускаць самвыдатаўскі часопіс «Мілавіца». Такім чынам ён пазнаёміўся з КДБ.

— Карацей, давялося пазнаёміцца з супрацоўнікамі Камітэта дзяржбяспекі - як жа, палітычныя злачынцы пад самым бокам беларускага ўрада! — распавядае ў кнізе «Іншадумцы» Уладзімір Арлоў.

У тым жа інтэрв'ю Арлоў узгадвае цікавы момант — як ён паўтары гадзіны прасядзеў у заблакаваным ліфце з «афіцыйным Герадотам нумар адзін» таго часу.

—  Неяк мы з Лаўрэнціем Сямёнавічам [Абецэдарскім — доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі БССР БДУ, аўтар школьных падручнікаў па гісторыі. — Заўв. TUT.BY] засталіся сам-насам на цэлыя паўтары гадзіны — зламаўся ліфт галоўнага корпуса. Інфантыльны дваццацігадовы бэйбус, я не ацаніў гістарычнасці тых хвілін і ўвесь ліфтавы час дэманстратыўна чытаў Рэя Брэдберы. Франдзіраваў… Напярэдадні здаваў так званы ленінскі залік па XXIV з’езду КПСС і ледзь не да сівізны ўразіў шаноўную камісію сваімі неартадаксальнымі сімпатыямі да заходніх фантастаў, атрымаўшы ў выніку настойлівую параду «непременно подписаться на журналы „Комсомольская жизнь“ и „Молодой коммунист“»… Карацей, франдзёрства падвяло. А якое інтэрв'ю для беларускай гісторыі мог бы ўзяць у аднаго з яе найбуйнейшых фальсіфікатараў!

«У рэдакцыйным кабінеце, дзе мы збіраліся, быў зусім не анекдатычны мікрафон»
Пасля сканчэння гістфака Арлоў год працаваў настаўнікам гісторыі, затым 12 гадоў - у рэдакцыі наваполацкай газеты «Химик».

— Можа, так размясціліся сузор'і на небе, можа, ёсць якая іншая прычына, але сапраўды ў літаратурным аб’яднанні «Крыніцы» пры нашай гарадской газеце сабраліся тады вельмі цікавыя людзі. У той задушлівай атмасферы гэта быў нейкі астравок волі і надзеі. Аднак і там наш шчыры абмен думкамі пачаў кантралявацца. Калі тры гады назад (гаворка пра падзеі канца 1980-х. — Заўв. TUT.BY) аднаго з сяброў аб’яднання выклікалі на чарговую размову ў КДБ, перад «товарищем майором» ляжала поўная стэнаграма аднаго з паседжанняў. Зазіраючы туды, чэкіст удакладняў, хто што гаварыў, якія песні спяваў Сяржук Сокалаў… Відаць, у рэдакцыйным кабінеце, дзе мы збіраліся, быў зусім не анекдатычны мікрафон. (Памятаеце: «Товарищ майор, организуйте чайку».)

Але ўвогуле ў той час — гэта канец 1970-х — першая палова 1980-х гадоў — нам удавалася надрукаваць тое, што, відаць, нідзе больш на Беларусі не выходзіла. Не апошнюю ролю сыграў тут рэдактар наваполацкага «Химика» Уладзімір Трафімавіч Сімураў. Ён хоць і быў прадстаўніком той, старой генерацыі, але мог зразумець нашы доказы і пайсці на ўступкі. У выніку нам, часам змяніўшы нейкую назву, радок або павесіўшы хітрае прысвячэнне, удавалася друкаваць некаторыя вершы Сокалава, якія на той час лічыліся абсалютна недрукабельнымі.

Не лічыць сябе грамадскім ці палітычным дзеячам
У 1988 годзе Уладзімір Арлоў становіцца рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». У гэтым жа годзе ён далучаецца да дзейнасці Беларускага народнага фронта. Прычым палітычным дзеячам пісьменнік ніколі сябе не лічыў, хоць і ўзгадвае ў гэтым кантэксце словы акадэміка Вярнадскага: «Ёсць перыяды ў жыцці грамадства, калі вучонаму нельга заставацца ўбаку ад падзей, займацца толькі навукай — у такім разе ён пацерпіць не толькі як грамадзянін, а найперш як вучоны».

— Асабіста для мяне імператыў часу — гэта пасільны ўдзел у працы Сойма БНФ, «Мартыралога Беларусі». Хоць не адчуваю за сабой здольнасцей ні палітыка, ні прамоўцы. Я, дарэчы, лічу сябе чалавекам, якога нават з вялізнымі агаворкамі нельга назваць грамадскім ці палітычным дзеячам. Таму ўсе мае палітычныя фармулёўкі і выказванні ніякім чынам не могуць прэтэндаваць на вычарпальнасць, гэта думкі дылетанта ад палітыкі". («Іншадумцы», 1991)

Напісаў эсэ «Незалежнасць — гэта…». Праз паўгады Беларусь здабыла суверэнітэт
У лютым 1990 года Уладзімір Арлоў піша эсэ «Незалежнасць — гэта…», у якім простымі словамі і на зразумелых прыкладах тлумачыць, што можа азначаць незалежнасць для пакуль залежнай краіны. Амаль праз паўгады, у ліпені 1990-га, была прынятая дэкларацыя аб суверэнітэце Беларусі. У інтэрв'ю для «Радыё Свабода» ён узгадваў, што напісаў эсэ «літаральна за нейкую гадзіну».

— Усё, што я выклаў на паперы, тады насілася ў паветры. Гэта быў зрэз думак і мараў тагачасных незалежнікаў. Гэтыя мары, безумоўна, шмат у чым былі наіўныя, але разам з тым і плённыя. Яны настройвалі тых людзей на адну хвалю.

Я памятаю, як я чытаў гэтае эсэ ў адной з перадач Беларускага тэлебачання і за кулісамі заплакалі жанчыны: рэдактарка, памочніца рэжысёра, дзяўчаты з грымёркі… І потым, калі я сышоў са студыі, адна з іх спыталася: «Няўжо ўсё гэта будзе?» І я так упэўнена сказаў: «Абавязкова будзе!»

Ніжэй — тры ўрыўкі з эсэ.

Незалежнасць — гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумент, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумент, а не выцягне са стала «Справочник личных имён народов СССР» і не будзе, размахваючы ім, істэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблем назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам — не можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое имя Григорий).

Незалежнасць — гэта калі твой сын прынёс са школы пяцёрку па гісторыі і ты хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдскую бітву, якая ўратавала твой народ ад смерці, і кажуць праўду пра тую ўладу, што расстраляла твойго дзеда і задушыла голадам тваю бабулю.

— Незалежнасьць — гэта…

Незалежнасць — гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі.

Я веру, што калі-небудзь так будзе.

Бо іначай проста ня варта жыць.

Адчуў сябе вольным падчас першага масавага мітынгу ў найноўшай гісторыі на Дзяды
— Калі ты адчуў цану самога сябе? — запытаў Уладзіміра Арлова Аляксандр Уліцёнак.

— Відаць, пасля першых выклікаў у КДБ. Значыць, думаю, нечага варты.

Паступова я прыкладна заразумеў, чаго менавіта мне ў жыцці не хапае — свабоды. Ну, глядзі: у юнацтве захапляўся, як і шмат хто, музыкай «Бітлз». На школьным камсамольскім сходзе гэтую нашу любоў ахрысцілі «низкопоклонством перед Западом». Мудроў і кампанія прыляпілі да нацсценгазеты расклад музычных праграм «Голаса Амерыкі». Дырэктар школы Абрам Залманавіч Герчыковіч (наогул чалавек неблагі, але сын свайго часу) убачыў тут амаль што здраду Радзіме.

Пазней асэнсаванне неабходнасці свабоды станавілася ўсё больш выразным. А пачуў сябе вольным — уяві сабе калі? — 30 кастрычніка 1988 года. У той самы дзень, што ўжо назаўсёды ўвайшоў у нашу гісторыю. Побач з газам, дубінкамі, у акружэнні некалькіх ланцугоў міліцыі і войска, пад гучную каманду «Батальон, к бою!» раптам адчуў - свабодны. («Іншадумцы», 1991)

Пераклаў «Чарнобыльскую малітву» Святланы Алексіевіч на беларускую мову
Сёлета пяцітомнік Святланы Алексіевіч «Галасы ўтопіі» упершыню выйшлі на беларускай мове без цэнзарскіх правак. Новы пераклад «Чарнобыльскай малітвы» рабіў Уладзімір Арлоў.

Падчас прэзентацыі пяцітомніка Уладзімір Арлоў распавёў «Нашай Ніве», што падчас працы над перакладам «тут і там сустракаў беларускія акцэнты ці слоўцы, якія ўжывалі героі: кшталту „бурачкоў“, „бярозавіку“, „могілак“ і дзясяткаў іншых».

— Я тады вырашыў: для мяне гэта кніжка самая беларуская з пяцікніжжа Святланы. Але калі нядаўна мы прэзентавалі яго для журналістаў і галоўных фундатараў і я сказаў гэта, мае калегі, якія перакладалі астатнія кніжкі, пачалі сцвярджаць, што гэта іх кніжка — самая беларуская. Карацей, мы зрабілі выснову, што яшчэ напісанае па-руску пяцікніжжа Святланы ўжо было вельмі беларускім. А цяпер стала яшчэ і беларускамоўным.


Дата стварэння навіны 25.08.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку