АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Нашто Лукашэнку спатрэбіўся менавіта Румас? Версія Андрэя Паротнікава

Нашто Лукашэнку спатрэбіўся менавіта Румас? Версія Андрэя Паротнікава
23.08.2018
Змена прэм'ер-міністра Беларусі выклікала пэўнае ажыўленне. І як бы прычына ёсць: замест невыразнага бюракрата Андрэя Кабякова прыйшоў перакананы рыначнік і фінансіст Сяргей Румас. Толькі вось у мяне асабліва энтузіязму няма.

У нас большасць чыноўнікаў — перакананыя рыначнікі. Прынамсі, на словах. Але быць рыначнікам і ўмець працаваць у рынкавых умовах — дзве вялікія розніцы. Сяргей Румас па першай адукацыі наогул ваенны фінансіст. А ваенныя фінансы да нармальных маюць вельмі апасродкаванае дачыненне. Сваю працоўную дзейнасць правёў пераважна ў банкаўскай сферы. Але якой: Беларусбанк, Белаграпрамбанк, Нацбанк, Банк развіцця. Кажучы прасцей — пры дзяржаўных грошах, па абслугоўванні дзяржаўных праграм і палітыкі ў сферы эканомікі. Г.зн. практычнага досведу працы ў нармальным канкурэнтным асяродку ў Сяргея Румаса няма.

Далей, хачу нагадаць, што гэта яго другі прыход ва ўрад. У студзені 2010 года з пасады старшыні праўлення Белаграпрамбанка ён быў прызначаны віцэ-прэм'ерам і курыраваў эканамічныя пытанні. Праз 2,5 года пакінуў Саўмін і ўзначаліў Банк развіцця. У якім ад банкаўскага — толькі назва. За час знаходжання ва ўрадзе нейкіх асаблівых грахоў за ім заўважана не было. А таму пераход яго ў Банк развіцця, хутчэй за ўсё, звязаны з яго асабістым жаданнем: не моцна чалавек радаваўся віцэ-прэм'ерскаму крэслу. А таму і яго вяртанне ў якасці кіраўніка ўрада магло быць далёка не толькі па сваёй ахвоце. Але і ў выніку прапановы, ад якой немагчыма адмовіцца. Напрыклад, у стылі «або прэм'ер-міністр, або ў Оршу».

Сяргей Румас можа быць хоць тройчы рыначнікам. Праблема ў тым, што ў нашай сістэме ўрад — рабочы орган пры прэзідэнце. А прэм'ер-міністр існуе, каб «усё як у людзей было». Мы рэгулярна можам бачыць інфармацыю аб тым, як міністры ходзяць на справаздачу да Аляксандра Лукашэнкі. Але я не магу ўзгадаць, каб міністры хадзілі на справаздачу да прэм'ера. Можа, проста пра гэта не паведамляюць. Пры такой сістэме персона кіраўніка ўрада наогул мала на што ўплывае. На жаль.

І неяк забываецца, што сярод віцэ-прэм'ераў, якія страцілі пасаду, аказаўся і рыначнік далей няма куды Васіль Мацюшэўскі. Калі б гаворка ішла аб рэальным фарміраванні ўрада рэформаў, то ён бы пасаду як мінімум захаваў, а магчыма, і вырас бы да прэм'ера.

Навошта ж Лукашэнку спатрэбіўся менавіта Румас? Усё проста: ва ўмовах невыразных перспектыў эканамічнай падтрымкі з усходу, зноў стала пытанне аднаўлення адносінаў з МВФ. А для гэтага спатрэбіўся адносна свежы твар з рэнамэ прагрэсіста і рыначніка. Дарэчы, адсюль і выказванне Лукашэнкі, што МВФ не патрабуе павышэння квартплаты — гэта ўсё падкопы ранейшага кіраўніцтва ўрада, піша Наша ніва



Дата стварэння навіны 23.08.2018

Возврат к списку