АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

У справе аб забойстве Шарамета ёсць «адна нітачка»

У справе аб забойстве Шарамета ёсць «адна нітачка»
21.08.2018
У расследаванні справы аб гібелі журнаіста Паўла Шарамета апошнім месяцам з'явілася «нітачка», за якой ідуць «актыўныя следчыя дзеянні», паведаміў у інтэрв'ю «Украінскай праўдзе» генеральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка — піша Радыё Свабода.

«За апошні месяц мы маем адну нітачку, якая, магчыма, прывядзе нас да адказу ў гэтым пытанні. Трымаю гэта на сваім кантролі. Ідуць вельмі актыўныя следчыя дзеянні. Кропка. Больш нічога не скажу», — паведаміў Юрый Луцэнка.

У той жа час пракурор пацвердзіў, што ў справе і пасля двух гадоў следства няма падазраваных.

«Мы цяпер маем інфармацыю, якая, імаверна, выведзе нас як мінімум на выканаўцаў, а потым і на замоўцаў. Але — магчыма. Падкрэсліваю гэтае слова», — сказаў Луцэнка.

Генеральны пракурор таксама патлумачыў, чаму следчыя не лічаць гэта забойства тэрарыстычным актам.

«Прачытайце артыкул пра тэрарызм... Яны (следчыя. — РС) лічаць, што выбуховая прылада была закладзеная так, каб паразіць толькі аднаго чалавека... Калі выбуховая прылада скіраваная на кіроўцу і нават тэарэтычна не можа паразіць навакольных, пракуроры і следчы лічаць, што гэта не тэрарызм. Так іх вучылі», — сказаў ён.

Журналіст Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева ў выніку падрыву аўтамабіля. Украінская ўлада кваліфікуе гібель журналіста як наўмыснае забойства.

У лютым сёлета грамадзянская жонка загінулага журналіста Паўла Шарамета, заснавальніца выдання «Украінская праўда» Алена Прытула звярнулася да генеральнага пракурора з заявай, у якой прасіла расследаваць справу як тэрарыстычны акт, які прывёў да гібелі чалавека. Пазней яна падала скаргу ў суд на бяздзейнасць генеральнага пракурора Луцэнкі ў справе аб выбуху. Рэдактарка «Украінскай праўды» патрабуе прызнаць яе пацярпелай.

20 ліпеня 2018 года першы намеснік старшыні Нацыянальнай паліцыі Вячаслаў Аброськін паведаміў, што праваахоўнікі выявілі чалавека, «якога можна ідэнтыфікаваць» і які можа мець дачыненне да забойства Шарамета.

Прадстаўнік пракуратуры Андрэй Лысенка заяўляў, што праваахоўнікі працуюць з чатырма асноўнымі версіямі: прафесійная журналісцкая дзейнасць, асабістыя непрыязныя адносіны, дэстабілізацыя сітуацыі ва Украіне, памылка з аб’ектам (падарваны аўтамабіль належаў Алене Прытуле).

Разам з тым у межах справы пра падазрэнні пакуль нікому не паведамлялі.





Дата стварэння навіны 21.08.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку