АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Восьмы дзень галадае 29-гадовы Вячаслаў Лабецкі

Восьмы дзень галадае 29-гадовы Вячаслаў Лабецкі
21.08.2018
У гарадской туберкулёзнай бальніцы ў Воўкавічах (Дзяржынскі р-н, Менская вобл.) восьмы дзень галадае  Лабецкі, які знаходзіцца на лячэнні каля паўгода.

 Бальніца ў Воўкавічах — спецыялізаваная ўстанова для прымусовага лячэння хворых на туберкулёз паводле рашэння суда. 

Там 80 месцаў у двух аддзяленнях, цяпер занятыя 36. Усе хворыя маюць мультырэзістэнтную форму туберкулёзу (устойлівую да некалькіх прэпаратаў, у тым ліку да двух найбольш эфектыўных). Лабецкі паведаміў БелаПАН, што 20 жніўня перайшоў на сухую галадоўку. Ён зрабіў гэта, таму што лічыць, што можа праходзіць лячэнне амбулаторна, і не хоча знаходзіцца ў фактычным зняволенні. „Я адважыўся галадаць, калі даведаўся, што лекары рыхтуюць дакументацыю для падавання ў суд, каб прадоўжыць тэрмін майго знаходжання ў Воўкавічах, — сказаў Лабецкі. — Я не разумею, чаму павінен знаходзіцца тут, калі за паўгода ні адзін аналіз не паказаў, што я з’яўляюся бактэрыевыдзяляльнікам. Такое адчуванне, што медыкі зацікаўленыя ў тым, каб тут было як мага больш людзей. Я галадаю, але прымаю лекі. 

А яны чакаюць, калі я памру. Я не з’яўляюся бактэрыевыдзяляльнікам, я не небяспечны для грамадства. Мне трэба дадому„. Вячаслаў Лабецкі прымае 11 таблетак штодзень, яшчэ яму ставяць кропельніцу. Калі б не галадоўка, гэта звычайная справа для такіх хворых, бо ён лечыць туберкулёз і прымае антырэтравірусную тэрапію ВІЧ-інфекцыі, сказаў Лабецкі. ВІЧ, а таксама гепатытам С ён заразіўся ў выніку ўнутрывеннага ўвядзення наркотыкаў, а вось на сухоты захварэў у месцах пазбаўлення волі — адбываў тэрмін на падставе ч. 1 арт. 328 КК. 
Галоўны лекар бальніцы ў Воўкавічах Валянцін Саўко сказаў БелаПАН, што пра галадоўку ведае. І будзе дзейнічаць у межах закона і сваіх паўнамоцтваў. У суботу, 18 жніўня, у Воўкавічы прыязджаў галоўны пазаштатны фтызіятр Менска, галоўны ўрач 2-га гарадскога супрацьтуберкулёзнага дыспансера Андрэй Астроўка. У каментары БелаПАН лекар сказаў, што паведаміў Лабецкаму: калі той будзе выконваць прадпісанні лекараў, прытрымлівацца ўсіх правілаў унутранага распарадку без парушэнняў, у верасні, калі падыдзе шасцімесячны тэрмін прымусовага лячэння, будзе разгледжаная магчымасць пераходу на амбулаторнае лячэнне. 

Астроўка падкрэсліў, што галадоўка — гэта парушэнне правілаў унутранага распарадку: „Я растлумачыў Лабецкаму, што высокакаларыйная дыета, як і прыём лекаў, — гэта частка лячэння. І тое, і другое з’яўляецца ўмовай выканання рэжыму. Ён не хацеў гэтага чуць„. Што тычыцца ўяўлення Лабецкага пра тое, што ён не з’яўляецца сацыяльна небяспечным, яно памылковае, сказаў доктар. Згодна з заканадаўствам, да захворванняў, што ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, адносяцца актыўны туберкулёз органаў дыхання незалежна ад наяўнасці бактэрыевыдзялення. На прымусовае лячэнне накіроўваюцца хворыя незалежнасці ад таго, з’яўляюцца яны бактэрыевыдзяляльнікамі ці не. 

Асноўны крытэрый — адмова ад амбулаторнага лячэння, парушэнне рэжыму ў туберкулёзных стацыянарах. Астроўка сцвярджае, што кожнага хворага на туберкулёз папярэджваюць пра магчымасць прымусовага лячэння. Што тычыцца таго, што не запрашаюць у суд, дзе выносіцца рашэнне, то гэта робіцца ў выпадках, калі хворы бактэрыевыдзяляльнік. Для таго каб выпісаць пацыента з Волкавічаў раней, чым праз паўгода (поўны курс лячэння мультырэзістэнтнага туберкулёзу складае да 24 месяцаў), хворы павінен не выдзяляць бактэрый туберкулёзу і не мець нараканняў па парушэнні правілаў унутранага распарадку. Лабецкі не з’яўляецца бактэрыевыдзяляльнікам. Аднак, паводле слоў лекара, пацыент парушае рэжым і рабіў гэта раней, піша   
БелаПАН.



Дата стварэння навіны 21.08.2018

Возврат к списку