АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Стаўка на маладых: чатыры новыя віцэ-прэм’еры. Хто яны?

Стаўка на маладых: чатыры новыя віцэ-прэм’еры. Хто яны?
19.08.2018
Аляксандр Лукашэнка змяніў чатырох з пяці намеснікаў прэм’ер-міністра. Сваіх партфеляў пазбавіліся Васіль Мацюшэўскі, Уладзімір Сямашка, Анатоль Калінін і Васіль Жарко. 


Адзіным, хто змог перажыць гэты кадравы ператрус, быў Міхаіл Русы, які адказвае за сельскую гаспадарку.

Аляксандр Турчын

Першым віцэ-прэм’ерам стаў Аляксандр Генрыхавіч Турчын. Яму 43 гады, а родам з Навагрудка. Ён быў кіраўніком Апаратам савета міністраў. Таксама ад лютага 2018 паралельна займаў пасаду ўпаўнаважанага ў Гомельскай вобласці.

Фота bobruin.by.

Турчын скончыў наргас. А працоўны шлях пачынаў як загадчык крамы «Авангард». У Наваградку жыве бацька Турчына Генрых Станіслававіч, нам атрымалася да яго дазваніцца, але нічога пра сына расказваць ён не захацеў: «Ён даўно са мной не жыве. Гэта закрытая сямейная інфармацыя».

Пасля Турчын папрацаваў у Карэліцкім райвыканкаме і Мінскім аблвыканкаме. Адметна, што апроч працы ў апараце Савета міністраў, Турчын узначальваў Раду па развіцці прадпрымальніцтва. Яраслаў Раманчук, які таксама ўваходзіць у гэтую раду, так напісаў пра Турчына: «Ён на ўзлёце сваёй кар’еры, яму патрэбныя перамогі, рэальныя і адчувальныя».

Турчына называюць аўтарам ліберальнага дыкрэта №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва».
 
У яго добрыя адносіны з багатымі людзьмі краіны, як гаспадар «Кароны» Павел Тапузідзіс.

«Турчын — бюракрат, асцярожны, законапаслухмяны чыноўнік. Безумоўна, ён патрыёт Беларусі, на Расію заглядацца не будзе. У Навагрудку яго любяць, я сам чуў, як кажуць: «Наш Турчын». Ён ідэальна ведае, як працуе сістэма. Разам з тым, ніколі не ідзе на абвастрэнне. Ягоная пазіцыя ў радзе: выслухоўваць абодва бакі. Ён больш тэхнакрат, чым ліберал. Я лічу, што на пасадзе першага віцэ-прэм’ера трэба праяўляць больш творчасці і быць больш настойлівым, а гэтага Турчыну бракуе», — сказаў эканаміст Яраслаў Раманчук.

Ігар Ляшэнка

Фота sb.by.

Дамаўляцца з Расіяй пра пастаўкі энерганосьбітаў больш не будзе Уладзімір Сямашка, які рабіў гэта апошнія пятнаццаць гадоў. Цяпер выбіваць зніжкі на газ і нафту будзе Ігар Ляшэнка. Апошнія чатыры гады ён узначальваў канцэрн «Белнафтахім».

Яму 44 гады, нарадзіўся ў Грузіі, але жыў і вучыўся ў Гомелі. Скончыў эканамічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адразу па сканчэнні трапіў на працу на Гомельскі хімічны завод. Працаваў інжынерам, начальнікам планава-эканамічнага аддзела. Ад 2006 узначаліў завод. У 2013 годзе быў пераведзены ў Мінск у якасці намесніка старшыні канцэрна «Белнафтахім», а ўжо праз год узначаліў яго.

Ён жанаты, гадуе траіх дзяцей.

Уладзімір Кухараў

Фота media.bobruisk.ru.

Будаўнічую сферу будзе ўзначальваць Уладзімір Кухараў. Да гэтага ён быў намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантроля.

Кухараву 46 гадоў, ён родам з вялікай вёскі Ціманава, што ў Клімавіцкім раёне. Гэта самы ўсход Беларусі. Скончыў Магілёўскі педуніверсітэт. А потым на працягу шасці працаваў у школах Клімавіцкага раёна.

У 1999 годзе перайшоў на працу ў Дзяржкантроль. Ад 2009 да 2012 узначальваў Цэнтральны раён Мінска. У 2012 — 2016 быў першым намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама. У гарвыканкаме ён акурат курыраваў пытанні будаўніцтва і жылля.

Ігар Петрышэнка

Фота souzveche.ru.

Пасада пасла Беларусі ў Расіі вельмі перспектыўная з гледзішча далейшага прасоўвання па службовай лесвіцы. Папярэднік Петрышэнкі Андрэй Кабякоў спачатку стаў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, а потым прэм’ер-міністрам. Петрышэнка ж з Масквы ўязджае ў кабінет намесніка кіраўніка ўрада па сацыяльных пытаннях.

Петрышэнка родам з вёскі Няглюбка Веткаўскага раёна. Бацька працаваў механікам у саўгасе, а маці — аптэкаркай. Ігар нарадзіўся ў 1965 годзе. Потым бацьку перавялі ў райвыканкам, дзе ён працаваў у аддзеле сельскай гаспадаркі.

Ігар Петрышэнка скончыў Віленскае вышэйшае каманднае вучылішча радыёэлектронікі, Вайсковы чырвоназорны інстытут і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.

Дзесяць гадоў аддаў арміі, дзе служыў на афіцэрскіх пасадах. Ад 1996 на чынавенскай службе. Быў у апараце міністра па справах СНД. Да 2003 года працаваў на розных пасадах у Савеце міністраў. Потым перайшоў на дыпламатычную службу.

Што адметна, там Петрышэнка адказваў толькі за адносіны з Расіяй. Быў дарадцам у пасольстве Беларусі ў Расіі, начальнікам упраўлення Расіі і саюзнай дзяржавы МЗС, намеснікам міністра. Ад 2012 — ён пасол Беларусі ў Расіі.

«Што ж тычыцца адмаўлення рускага свету, як можна падзяліць нашага чалавека на рускага і беларуса? Мы беларусы, мы сапраўды адбыліся як нацыя. Дакладна гэтак жа, як рускі чалавек. Што тут не так, што дзяліць?» — казаў у адным інтэрв'ю Петрышэнка.
паводле Наша ніва




Дата стварэння навіны 19.08.2018

Возврат к списку