АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Адміністрацыя мінскага ізалятара пацвердзіла галадоўку смяротніка

Адміністрацыя мінскага ізалятара пацвердзіла галадоўку смяротніка
17.08.2018
Асуджаны на смерць «чорны рыэлтэр» Ігар Гершанкоў амаль два месяцы трымае галадоўку ў следчым ізалятары № 1 Мінска. Факт галадоўкі пацвердзіў у адказе маці асуджанага начальнік турмы Андрэй Цэдрык, паведамляе Радыё Свабоды.

Гершанкоў абвясціў галадоўку 27 чэрвеня, бо палічыў, што адміністрацыя ўстановы цэнзуруе ягоную перапіску. Супрацоўнікі турмы ўводзяць яму праз кропельніцу адмысловыя прэпараты.
Начальнік cледчага ізалятара: Гершанкоў «добраахвотна адмовіўся ад прыёму ежы»
Паводле Цэдрыка, Гершанкоў «добраахвотна адмовіўся ад прыёму ежы» і «знаходзіцца пад дынамічным наглядам супрацоўнікаў медычнай часткі ўстановы». Асуджанага раз на тыдзень узважваюць, робяць аналіз крыві і мачы, праводзяць псіхакарэктуючыя гутаркі з тлумачэннем наступстваў адмовы ад ежы. Яму прызначаная дэзынтаксікацыйная тэрапія, парэнтэральнае харчаванне, якое ўводзіцца праз унутрывенную інфузію.

Працэдура праводзіцца са згоды асуджанага. Дзеля бяспекі яе робяць у прысутнасці ахоўнікаў. Гершанкоў, паводле службоўца, не парушае і не парушаў рэжыму ўтрымання ў следчым ізалятары.

Асуджаны адмаўляецца ад ежы, але п’е чай і кісель

9 жніўня ў апошнім лісце родным Гершанкоў паведаміў, што галадоўку ён не спыніў, але пачаў піць гарбату з цукрам і кісель. Ад 8 жніўня яму перасталі ставіць кропельніцу. Ягоныя аналізы сталі лепшыя. Як і ў ранейшых лістах, ён адзначае, што піша скаргі ў розныя інстанцыі, але адказаў на іх ня мае. Просіць маці таксама скардзіцца і высветліць, з якой прычыны прыпыненае выкананне прысуду.

Супраць чаго пратэстуе асуджаны
З лістоў родным, а таксама ад маці, якая бачыцца з сынам на спатканнях, вядома, што Гершанкоў незадаволены дзеяннямі адміністрацыі СІЗА, якая, як ён настойвае, не прапускае карэспандэнцыі ні яму, ні ад яго. Ён заяўляе, што перастане галадаць, калі атрымае адказы на свае скаргі з Дэпартамента выканання пакаранняў і Генеральнай пракуратуры. Туды ён звярнуўся ў дзень абвяшчэння галадоўкі.

У следчым ізалятары Гершанкова ўтрымліваюць амаль год. Увесь гэты час асуджаны піша скаргі на несправядлівы вырак. Ён сцвярджае, што прызнанне ў яго выбілі падчас следства.

За што асудзілі Гершанкова
Паводле следства, Гершанкоў і трое падзельнікаў цягам шасці гадоў пераконвалі ўласнікаў кватэр прадаваць сваё жытло, а пасля забівалі іх. На вясковых могілках было адшукана шэсць пахавальняў і тры яміны, падрыхтаваныя для будучых ахвяраў. Імі станавіліся людзі, якія злоўжывалі алкаголем і мелі цяжкае матэрыяльнае становішча.

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня 2017 году прызнаў Ігара Гершанкова і ягонага падзельніка Сямёна Беражнога вінаватымі:

у забойстве 6 чалавек;
у падрыхтоўцы да забойства яшчэ траіх;
у шэрагу іншых злачынстваў (махлярства, вымаганне, разбой, захоўванне наркатычных рэчываў).
Фігурантамі гэтак званай справы «чорных рыэлтэраў» былі таксама:

жонка Гершанкова Тацяна — яе асудзілі на 24 гады калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці;
жыхар Магілёва Барыс Калеснікаў — атрымаў 22 гады.
Усе чацвёра абскарджвалі вырак у Вярхоўным судзе, але той пакінуў яго ў сіле.

Гершанкову і Беражнову прыпынілі выкананне смяротнага пакарання
14 чэрвеня праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў аб прыпыненні смяротнага пакарання Ігару Гершанкову і ягонаму саўдзельніку Сямёну Беражному. Праваабаронцы спасылаліся на рашэнне намесніка старшыні Вярхоўнага суду.

У лісце маці сам Гершанкоў паведамляў, што пісаў скаргу ў Генеральную пракуратуру на праверку ягонай скаргі аб збіванні і псіхалагічным ціску ў ходзе следства. Рэакцыя нагляднага ведамства і стала падставай, каб часова прыпыніць выкананне прысуду.

Зварот Гершанкова зарэгістраваны ў камітэце ААН
Паводле каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэя Палуды, камітэт ААН у правах чалавека 13 ліпеня пацвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага звароту Ігара Гершанкова.



Дата стварэння навіны 17.08.2018

Возврат к списку