АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

"У Крамлі ўжо падрыхтаваныя сілавыя сцэнары адносна Беларусі"

"У Крамлі ўжо падрыхтаваныя сілавыя сцэнары адносна Беларусі"
15.08.2018
Госць «Інтэрв'ю тыдня» — кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі.

 Ён лічыць, што Расія ставіць за мэту падарваць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі, што Крэмль перайшоў да новай, сілавой геапалітычнай стратэгіі на постсавецкай прасторы, і заяўляе, што беларускае кіраўніцтва падрыхтаванае да доўгага процістаяньня з Масквой.

Як мінімум з 2015 году мы назіраем палітыку мэтанакіраванага ціску з боку Расеі на Беларусь

За апошнія тыдні Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі даволі рэзкіх заяваў наконт беларуска-расейскіх адносін. Спачатку сказаў, што калі ня вытрымаем, то можам увайсьці ў склад іншай дзяржавы, а зусім нядаўна выказаў меркаваньне, што Расея ставіцца да Беларусі «па-барбарску», «як да васала». Ці азначаюць гэтыя выказваньні звычайную тактычную рыторыку, ці гэта сьведчыць пра нейкія стратэгічныя зьмены ў адносінах Менску і Масквы?


— Гэтыя заявы сьведчаць пра зьмену характару стратэгічных адносін з Расеяй. Тую характарыстыку, якую Аляксандар Лукашэнка даў стаўленьню Расеі да Беларусі («барбарскае»), я б пракамэнтаваў наступным чынам.

Як мінімум з 2015 году мы назіраем палітыку мэтанакіраванага ціску з боку Расеі на Беларусь. Гэтая палітыка мае на мэце падарваць незалежнасьць і сувэрэнітэт нашай краіны. Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца розныя сродкі. Эканамічныя — Гандлёвыя войны сталі «новай нармальнасьцю» ў адносінах з Расеяй.

Палітычны ціск, калі Расея робіць нейкія аднабаковыя крокі і патрабуе ад Беларусі іх выконваць — гэта і намер разьмясьціць расейскую авіябазу, і спроба навязаць агрэсіўны сцэнар вучэньняў «Захад-2017», і аднабаковае рашэньне аб прызначэньні новага расейскага амбасадара ў Беларусі.

Гэта ў тым ліку і вайсковыя крокі, якія носяць ня вельмі дружалюбны характар — разгортваньне новых фармаваньняў на мяжы зь Беларусьсю, аднабаковае ўсталяваньне памежнай інфраструктуры. Гэта і інфармацыйныя атакі, якія становяцца ўсё больш інтэнсіўнымі апошнім часам.

Гэта ўсё нас падводзіць да другога выказваньня Аляксандра Лукашэнкі, што калі мы ня здолеем выстаяць, трэба будзе весьці гаворку пра ўваходжаньне ў іншую дзяржаву. Мне падаецца, тут меўся на ўвазе сцэнар інкарпарацыі ў склад Расеі, з той прычыны, што Масква паводзіць сябе такім чынам, спрабуе падарваць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі.

Галоўная праблема ў беларуска-расейскіх адносінах — гэта страта стратэгічнага даверу

Іншыя не пагодзяцца з вашай ацэнкай, будуць казаць, што Расея проста адстойвае свае інтарэсы рэагуе на тыя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі. Калі прыняць вашу вэрсію, што Расея падрывае сувэрэнітэт Беларусі — то беларускаму кіраўніцтву трэба рыхтавацца да процістаяньня з Расеяй?

— Беларускае кіраўніцтва робіць пэўныя крокі, каб падрыхтавацца да гэтага процістаяньня. Перш за ўсё, дывэрсыфікацыя зьнешняй і эканамічнай палітыкі. Гэта і нармалізацыя стасункаў з заходнімі краінамі, узмацненьне стратэгічнага партнэрства з Кітаем, інвэстыцыі ў нацыянальную бясьпеку і абарону, шэраг новых дактрынальных дакумэнтаў, прынятых ад 2014 году.

Самае галоўнае — што Аляксандар Лукашэнка пачынае адкрыта казаць пра гэтую небясьпеку. Бо раней кіраўніцтва Беларусі вельмі дыпляматычна выказвалася наконт гэтага.

Нягледзячы на тое, што Беларусь выконвае ўсе свае абавязаньні як у межах эканамічных, так і вайскова-палітычных альянсаў з Масквой — усё роўна Расея працягвае палітыку ціску на Беларусь. І мне здаецца, што ціск гэты будзе ўзмацняцца — новы раўнд мы ўбачым увосень.

Галоўная праблема ў беларуска-расейскіх адносінах — гэта страта стратэгічнага даверу. Калі пачытаць аналітычныя паперы, якія аналітычная, выведніцкая супольнасьць Расеі кладзе на стол свайму кіраўніцтву, то там назіраецца такі стратэгічны жах — страціць кантроль над Беларусьсю ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве, праз 5–10 гадоў. І каб пазьбегнуць гэтага сцэнару, трэба ўжо цяпер рабіць нейкія захады, каб узмацніць, зафіксаваць свае пазыцыі ў Беларусі. І дзеля гэтага Крэмль робіць даволі агрэсіўныя і недружалюбныя крокі, якія накіраваныя на ўзмацненьне пазыцый Расеі ў Беларусі.

На сёньня ў Беларусі няма іншага выйсьця, акрамя як выконваць свае інтэграцыйныя абавязаньні
— Вы сказалі, што Беларусь выконвае ўсе свае абавязаньні ў самых розных інтэграцыйных структурах з Расеяй, а ўзамен на гэта Масква толькі ўзмацняе ціск. Тады ўзьнікае натуральнае пытаньне — навошта Беларусь робіць усё гэта, навошта быць «узорным» саюзьнікам, калі іншы «саюзьнік» не выконвае сваіх абавязаньняў?

— Гэта вельмі разумнае пытаньне. Але на сёньня ў Беларусі няма іншага выйсьця, акрамя як выконваць свае інтэграцыйныя абавязаньні. Бо калі беларусы вырашаць пакінуць інтэграцыйныя аб’яднаньні з Расеяй, гэта можа прывесьці да вельмі жорсткай рэакцыі Крамля, уключаючы ў тым ліку сілавыя сцэнары — якія, на жаль, ужо падрыхтаваныя адносна Беларусі, як былі падрыхтаваныя і адносна Ўкраіны.

Таму мне падаецца, што стратэгія беларускага кіраўніцтва ў сёньняшніх умовах дастаткова рацыянальная. Мы настойваем на тым, каб Расея выконвала свае абавязаньні. Калі ж не — то трэба проста пераглядаць фармальныя падставы інтэграцыі, зьніжаць узровень чаканьняў адносна адзін аднаго. Дарэчы, Расея гэта ўсё ўжо робіць, але ў аднабаковым парадку, без адпаведных кансультацый з «хаўрусьнікам». І гэта вымушае Беларусь шукаць іншыя гнуткія альянсы — ці гэта Кітай, ці нармалізацыя адносін з Захадам. Уся гэтая палітыка накіраваная на тое, каб збалянсаваць ціск з боку Масквы.

Калі б Расея паводзіла сабе іншым чынам і выконвала ўсе свае інтэграцыйныя абавязаньні — Менск ня меў бы патрэбы гэтак актыўна балянсаваць і рабіць нейкія замежнапалітычныя манэўры.

Якраз, можа, праблема ў тым, што ў Расіі стала менш грошай і жаданьня падтрымліваць Беларусь? Цяпер вось падатковы манэўр. Ці ўдасца Менску прыдумаць нейкую схему, каб кампэнсаваць гэтыя страты?

— Як мінімум з 2014 году Расія перайшла да новай геапалітычнай стратэгіі. Калі да гэтага Масква спрабавала ўтрымліваць постсавецкія краіны ў сфэры свайго ўплыву з дапамогай эканамічнай інтэграцыі, схем узаемадзеяньня, якія былі б карысныя постсавецкім краінам, — то цяпер Расея больш ня мае рэсурсаў праводзіць такую стратэгію.

Таму яна пераходзіць да сілавой стратэгіі — ці праз стварэньне вайсковай інфраструктуры, ці з дапамогай правакаваньня кантраляваных ваенных канфліктаў (Данбас і Грузія). Гэта для нас таксама падказка, што Расея будзе паводзіць сябе больш жорстка, асабліва на фоне эскаляцыі напружанасьці паміж Расеяй і Захадам. Санкцыі супраць Расіі будуць нарастаць, і Расея будзе сутыкацца з эканамічнымі крызісамі.

Па сутнасьці, у Расіі ідзе згортваньне сацыяльнай дзяржавы. У гэтых умовах тым больш у Масквы ня будзе хапаць сродкаў, каб падтрымліваць ляяльнасьць краінаў постсавецкай прасторы. Беларусі трэба рыхтавацца да таго, што ўсе гэтыя субсыдыйныя схемы ня будуць працаваць у сярэднетэрміновай пэрспэктыве, а палітычны, эканамічны і вайсковы ціск на нашу краіну будзе павялічвацца.



Дата стварэння навіны 15.08.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку