АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Чыноўнікі – недатыкальная каста?

Чыноўнікі – недатыкальная каста?
10.08.2018
Знайсці якасных кіраўнікоў на дзяржаўную службу робіцца ўсё складаней. Часам пошук кандыдатаў займае месяцы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў у мінулым месяцы на нарадзе пра павелічэнне прэстыжу дзяржаўнай службы.

Каб заахвоціць чыноўнікаў да якаснай і сумленнай працы, Аляксандр Лукашэнка запрапанаваў увесці медаль – як у вайскоўцаў. А таксама, як і ў войску, зацвердзіць для іх адмысловы статут – з пералікам дадатковых сацыяльных гарантыяў, але адначасова з вызначанымі абавязкамі і адказнасцю за іх невыкананне.

«І вы мне на стол пакладзяце адпаведны статут дзяржаўнага службоўца, абавязкі, якія яны на сябе бяруць, паступаючы на дзяржаўную службу», – загадваў Аляксандр Лукашэнка.

Указ пра распрацоўванне такога статуту прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў падпісаў сёння, паведамляе belsat.eu. Скончыць яго плануюць да 20-га кастрычніка. Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што гаворкі пра павелічэнне заробку чыноўнікам ісці не можа. Толькі пра сацыяльныя гарантыі.

«Распрацоўка гэтага кодэксу бесперспектыўная, бо для чыноўнікаў галоўным кодэксам ёсць Крымінальны кодэкс – пры атрыманні і даванні хабару», – лічыць былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец.

Для найвышэйшых урадоўцаў адзін з такіх бонусаў – раздача дзяржаўных зямель. Толькі не для апрацоўвання, як у сярэднявеччы, а элітныя ўчасткі пад нерухомасць. Гэтак, нядаўняя міністарка працы, а цяпер – намесніца старшыні Савету Рэспублікі Марʼяна Шчоткіна, знаная як адная з галоўных аўтарак ды адвакатак дэкрэту аб дармаедстве, атрымала пад забудову ўчастак ацэначным коштам паўмільёна долараў у вёсцы Веснінка – побач з Драздамі. На гэтым тыдні яна дабудавала там катэдж плошчаю 400 квадратных метраў і коштам больш за паўмільёна долараў. І, калі крыніца атрымання Шчоткінай дарагой зямлі збольшага зразумелая, то адкуль адзін з міністраў, у якіх сярэдні заробак не перавышае дзвюх тысяч долараў, узяла яшчэ паўмільёна на дом, застаецца загадкаю.

З яшчэ большым размахам пабудаваўся іншы скандальны міністр – Васіль Жарко, які да гэтага больш за 10 гадоў ачольваў Міністэрства аховы здароўя. Неўзабаве пасля ягонага сыходу на новую пасаду дзяржаўную медыцыну скаланаў найгучнейшы карупцыйны скандал у найноўшай гісторыі. Супраць былых падначаленых міністра распачалі больш за паўсотні справаў. Але новапрызначаны віцэ-прэмʼер застаўся непатапляльным. З расследавання інтэрнэт-выдання Naviny.by вынікае, што Жарко – верагодны пратэжэ меркаванай бабулі Колі Лукашэнкі з боку маці – Людмілы Пастаялкі.

«За 24 гады кіравання Лукашэнкі сітуацыя з карупцыяй толькі пагаршаецца. Бо цяпер усе пытанні эканамічнай палітыкі залежаць ад чыноўнікаў, а яны ніякія пытанні не вырашаюць без хабару», – кажа Скрабец.

Адмыслоўцы тлумачаць: найвялікшая праблема ў кіраванні дзяржаваю – гэта карупцыя і страх добрых кадраў перад рэпрэсіямі. Найлепшая гарантыя якаснай працы чыноўніка ды абароны яго, калі ён сумленны, ад несправядлівых рэпрэсіяў – незалежнасць судовай ды выканаўчай уладаў, празрыстасць дзейнасці ўрадоўцаў для грамадства і свабода прэсы. Паводле адкрытасці ўраду для грамадства, у рэйтынгу Сусветнага праекту юстыцыі Беларусь займае дзявятае месца знізу – паміж Сурынамам і Камерунам. У індэксе ўспрыняцця карупцыі «Transparency International», Беларусь – 68-ая, паміж Сенегалам і Ямайкаю.



Дата стварэння навіны 10.08.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку